Выбрать главу
Вітаю іх і не вітаю, Стаю, як пільгрым на расстаю Ў чужым далёкім недзе краю,          Як над пустой стаю магілай.

Вячэрняя малітва

Як летняе сонца свае згасіць косы I кветкі нябесны зайграюць нясьмела, — Ноч сее тады серабрыстыя росы, Над логам зьвісае туманнай пабелай.
Ад бледнага месяца бледныя цені Зь сялібаў і пушчы кладуцца на гоні; Як цені мінуўшых даўно пакаленьняў, Устануць, пастануць слупамі ў прасоньні.
Цікавая думка над сном усплывае, Вяртаецца зь цішай і просіцца ў сэрца, Дзе ласкай сьвітае, як байка жывая, I вогнікам ціхім навокала ўецца.
Малітва вячэрняя ў той час выходзе, Ахвярна кладзецца на сьпячыя далі, I пасмай няўгледнай да зорак на ўсходзе Плыве і мяняецца ў кветным крышталі.
О, будзь вечна слаўнай, вячэрняя ціша З планетнай зарніцай і месяцам бледным! Хай песьня спакою душу укалыша I вынесе чыстай над шумам пабедным!

Зоркі

Ночкай, як толькі выходзіў я з хаты, Зоркі на небе страчаў я чатыры; Кожны раз зводзіў іх вогнік крылаты, Хоць к ім з малітвай узносіўся шчырай.
Першая — бацькава зорка ясьнела, Маткі — другая глядзела ў сьвет горка, Трэйцяя мне мігацела нясьмела, Роднай зямелькі — чацьвертая зорка.
Першая згасла навекі ня ў часе, Звольна губляе бліск свой другая, Трэйцяя сумнаю мглой спавілася, Толькі чацьвертая лепей міргае.

Шлях мой…

Шлях мой ня сьцелецца сонцам і кветкамі,       Гладкай, павабнай ня лёг раўніной, — Паміж няўдалымі ўецца палеткамі,       Ўецца зімой і вясной.
Вечар і ночка закрылі мне раніцу,       Ухуталі плесьняй, сівым туманом, Даль жа нязбытаю казкай туманіцца,       Казкай, нягаданым сном.
Вера ў дзень заўтрашні сілай няведамай       Думы гартуе ісьці, не чакаць, Хоць бы там злыдні плот ставілі бедамі,       Бедамі клікалі спаць.
Зойдзе брат сьцежку мне, путамі звонячы,       Пут гэтых толькі ня бачачы сам: «Дзе ты ідзеш?» — запытаецца, гонячы.       «Далей!» — адказ яму дам.
Далей і далей праз выдмы няплодныя,       Ўсё непакорна, шукаючы ўсё, Покі ня згаснуць прасьветачы зводныя,       Покі ня згасьне жыцьцё!..

*** Дзе ты, шчасьце маё?.

Дзе ты, шчасьце маё, дзе ты, сьветлая доля? За што сэрца гняце жалю дзікая змора?.. Воыйду цёмнай парой гэт’ за вёску на поле І падслухаю сьціха, што ночка гавора.
Можа, гоман пачую, што жаль і трывогу Песьняй радасьці зглуша і ўсьпіць назаўсёды, Мо’ пакажа няшчаснаму к долі дарогу І разгоне ў душы цемнаты, непагоды.
Га! нічога ня чуць, толькі неяк, здаецца, Жудка вые, гудзіць сівер з поўначы зімны, Толькі шум баравы зь цёмнай далі нясецца І пяе у душы пахавальныя гімны.

*** Легло на сэрцы…

Легла на сэрцы гора нядольнае,          Легла і мучыць, гняце, Ў думках замёрла жальба нявольная,          Боль неспажыты цьвіце.
Дзе я ні кінуся, зь песьняй ні вылету, —          Выхаду, сьцежкі няма… Лёдам гасьцінец мой выбіты, выліты, —          Лёд — як магіла сама.

У чужой старане

Тут далёка, ў чужой старане, Ўсякі раз, як збліжаецца ноч, Сэрца больлю сьціскаецца мне I спакой недзе коціцца проч.
        Думы цяжкія роем снуюць,         Капашацца чмяльмі ў галаве,         Сноў спазнаць залатых не даюць,         Кожна мучыць, к загубе заве.
Ўсё, што чахне, ня меў долі ў чым, Чорнай п’яўкай сьлізгоча ў душы… Аб жыцьці беспраглядным сваім Разважаю я ў гэтай цішы.
        Ах, салодкі ўспамін не адзін         Шалясьціць, як вяроўкаю кат…         Столькі іх, гэтых мілых часін!         А забыці іх сілы няхват.