Выбрать главу
Гэй, ты, гэй, прамінуўшы мой час! Гэй, ты, гэй, мой цяперашні дзень! Што я меў, што я маю ад вас? Дзе прасьвету хоць цень — бледны цень?
        Роднай песьні вясёлы напеў         Не ўзлунаў над калыскай маей;         Супраціўны скрозь мучыць павеў,         Як за хлебам пайшоў да людзей.
Гоняць, гналі, дзе гнаці маглі, Як шалёных ганяюць сабак; На сваёй, ах, на роднай зямлі Сустракаўся я з сонейкам так.
        На зямлі, што дзед, прадзед сьлязьмі         І гарачай крывей паліваў,         Ўнук — ужо між чужымі людзьмі —         Тэй зямлі трох аршын не дастаў.
Што ж? — разгулівай, сыты чужак, Між забраных крыжоў, курганоў, Брат скаваны ня згіне і так: Ён другіх пашукае братоў.
        Гэй, ты, краю халодны, чужы,         Прытулі бесхацінца к сабе:         Ён цябе, як і роднай мяжы,         Не забудзе ў прадсьмертнай кляцьбе.
Ты, дзяўчына чужая, закрый Па скананьні мне зрэнкі мае, Ты, чужы друг, мне яміну рый, Віхр чужы хай памінкі сьпяе.
        Крыж пастаўце, як ставіце ўсім,         Мае путы павесьце на ім;         Мае сьлёзы з магілы расой         Выйдуць путы зьяднаці іржой.

Холадна…

Холадна, холадна ў хатцы маей:         Лёгка навек загавеці; Сыплюцца сьлёзы, як іскры, з вачэй;         Божа! як жудка на сьвеце!
Голасна будзячы сонну глушу,         Віхры зусюль завываюць; Думка за думкаю лезе ў душу,         Сэрца нудою сьціскаюць.
Нейкім туманам усё заплыло;         Глуха!.. Ні сілы, ні гарту… Ўсё пражыванае прахам ішло.         Ўсё, што йдзе, думаць ня варта.
Зь нейкім пракляцьцем прыходзім на сьвет,         Зь нейкім на той сьвет сыходзім; Потам, крывёю век сьцелецца сьлед,         Песьню змучэньня заводзім.
Ступіш… і гадзіны ўюцца ля ног,         Крыкнеш… ня чуюць каменьні; Рукі працягнеш ты, повен трывог…         Ласкі ня знаюць паленьні.

Мая доля

Што дасі заўтра, доля зьмянлівая,         Спадзяюся пацехі я мала; Адно знаю, што ўсё нешчасьлівае         Ты мне толькі дагэтуль давала.
Сіратой па чужых кутах кідала         І нудою мне грудзі сушыла; Ня раз так мне была ты абрыдала,         Што ўсьміхалася шчасьцем магіла.
Ты калі мне ў вачох разьясьнялася,         Сэрца білася верай, надзеяй, Хоць нязванаю зьнекуль зьяўлялася,         І тады адны сьлёзы я сеяў.
Ты шумела мне песьні магільныя,         Як мяцеліца дзікая ў полі; Ты нясла мне усё непрыхільнае…         Эх, ня знаць бы цябе мне ніколі!
Мусіць, доля, ты ў цернях радзілася,         А зіма і слата гадавалі, Ад няволі ты мучыць наўчылася,         А пасьля мне багі цябе далі…

Прыстаў я жыць…

Прыстаў я жыць на белым сьвеце, Хоць столькі ўвокала жыцьця; Завялі думкі на расьцьвеце, Душа жадае небыцьця.
Нуда гняце з днём кожным болей, Быт спавівае чарнатой, — Як сухавей у чыстым полі Гуляе зь зернем-сіратой.
Пытаньня злога не пазбыцца, Як мара бледная, стаіць: Куды ісьці? за што ўчапіцца? Якім багам паклоны біць?
Мінуў, загінуў час вяселы, Калі зрываўся з усіх сіл Ад родных ніў, ад родных сёлаў, Ад апаганеных магіл.
Туды, туды, ўсё далей, далей, Да недасягнутых вышынь, Каб, апынуўшыся ў крышталі Шчасьлівых сонечных іскрын,
Самое сонца ўзяць у рукі I як з паходняй, зь ім ісьці, Сьвятлом ніштожыць нашы мукі, Увесь плач роднае зямлі.
Ўзьнімаць патоптаныя душы, Людскім названьнем акрыляць, К жыцьцю падняць з магільнай сушы Усіх, што толькі яшчэ сьпяць.