Выбрать главу

Алесь Пашкевіч

Сімъ побѣдиши

Усё знікае — нічога не змяняецца.

0

Верасень 2012 года

Калі б страх ратаваў ад смерці, зайцы жылі б вечна. Аднак бясконцыя толькі ўцёкі. Як і ў ягоным лёсе… Галоднае маленства ў акупаваным мястэчку — і ён, лапавухі хлапец з прозвішчам Заяц, падаўся вучыцца ў пранямецкую школу ды запісаўся ў Саюз вольнай моладзі: кармілі два разы на дзень, апранулі. І да сёння тыя канапляныя нагавіцы памятае… А праз сем гадоў прыехаў у сталіцу, здаў на выдатна ўступныя экзамены ва ўніверсітэт — дык тая апратка ледзь не вылезла бокам: выклікалі да асабіста на «чысцец», і выратавала толькі тое, што пра СВМ сам шчыра прызнаўся ў аўтабіяграфіі ды… не адмовіўся ад супрацоўніцтва.

Словам, падціснуў вушы — і галаву ў траву. І быў залічаны на гістарычны факультэт, і адвучыўся, пазбягаючы непрыемнасцяў, і патрапіў у аспірантуру, і стаў кандыдатам навук. А тут зноў пачалі барацьбу з гісторыяй, і ён, дацэнт Мікалай Заяц, не адмаўляўся ад выкрывальніцкіх публікацый — і быў запрошаны на стажыроўку ў Акадэмію навук, абараніў доктарскую з гучнай назвай «Ідэя ўлады і народа ў развіцці рускай дзяржаўнасці ў XVI стагоддзі», займаўся даследаваннем кнігадрукарства ды прымаў удзел у эксгумацыі пахавальні Івана Грознага. А затым узначаліў кафедру, стаў акадэмікам — і, не зважаючы на палітычнае пацяпленне, высока не скакаў. Як і падчас свайго дэпутацтва ў Вярхоўнай Думе, куды выбралі ад роднага ўніверсітэта.

З парламенцкай краіна ператварылася ў прэзідэнцкую, вярталіся гістарычная праўда ды нацыянальная сімволіка, але…

Але жыццё зноў запатрабавала «ўцёкаў» — і ад тае праўды, і ад рэальнасці. А ён ужо быў старым, ужо не мог бегчы. А галоўнае — надакучыла хавацца, прыстасоўвацца. Зайцы не жывуць вечна, бо страх не ратуе ад смерці…

І ён нарэшце ўздыхнуў на поўныя грудзі ды адчуў трымценне патаемнай свабоды — але ж жыць вечна не будзеш… Даконваў дыябет, і цяпер ён — пенсіянер Заяц — без нагі. Тут нават і хацеў бы — не пабяжыш, не ўцячэш…

На вакзальнай плошчы было мітусліва і шматлюдна. Ён спыніў свой інвалідны вазок і выклікаў ліфт. Зіхоткія дзверы расчыніліся бязгучна. «Цывілізацыя», — хітнуў галавой і націснуў на ніжнюю кнопку. Спусціўся ў доўгі тунэль падземнага перахода, скаціўся, трымаючыся адной рукой за парэнчы, па пандусе да шкляных дзвярэй, перад якімі «цывілізацыя» і закончылася: а як іх адкрыць? Нахіліўся, адпіхнуў, але вазок ад’ехаў назад.

Тое заўважыла маладжавая брунетка ў кароткай чорнай сукенцы з вертыкальнымі хвалямі стразаў на спіне — і прытрымала спружыністыя дзверы. Але праём быў малы, і кола некалькі разоў чаплялася за металічны стаяк. Нарэшце выкаціў і ўсміхнуўся маладзіцы:

— Дзякуй, прыгажунька. Дай Бог табе здароўя.

І тая ўсміхнулася, паглыбіўшы на шчочках сімпатычныя ямінкі:

— Вам таксама…

І пацокала на бліскучых абцасах да турнікетаў. А ён толькі цяпер зразумеў, што не ведае, як і дзе плаціць за жэтон ці нейкую картку. Усё, здавалася, прадумаў дасканала, а вось гэта…

— Калі ласка, праязджайце, — заўважыла ягоную зніякавеласць кантралёрка і адкінула ланцужок. — Ды не бойцеся, другім разам заплоціце… Маладыя людзі! — спыніла яна даўгалыгіх хлопцаў. — Дапамажыце дзядулю на экскалатары… Дадумаліся ж наверсе ільготы адмяніць…

Заяц спыніўся каля краю платформы, бліжэй да аграмаднага люстэрка — каб патрапіць у першы вагон. Дыхнула прахалодай і чыгуначнай змазкай, пасля чаго з цемры насцярожана бліснулі фары электрычкі. Паміж бетонам з жоўтай паласой і вагонам — з паўпядзі прастора, адолець якую дапамог вусаты чалавек у форме машыніста метрапалітэна з моднымі зацемненымі акулярамі.

— Асцярожна, дзверы зачыняюцца! Наступны прыпынак — станцыя «Лістападная», пераход на «Зарэчную» лінію, — няспешна прагучала дыктарская абвестка.

Цягнік крануўся і пачаў набіраць разгон. «Вусач-машыніст» падышоў да дзвярэй — не тых, на якіх бялеў надпіс «Не прислоняться!», а амаль нябачных, у кабіну машыніста, зачыненых знутры, — дастаў з кішэні цёмна-сіняга пінжака адмысловы накідны ключ, крутануў некалькі разоў і, зірнуўшы на інвалідны вазок, незаўважна націснуў на нікеляваную ручку. Дзверына ціха зачынілася за ім.

— Служба бяспекі метрапалітэна! — выгукнуў «Вусач» зніякавеламу кіроўцу. — Паступіла інфармацыя, што на лініі — п’яны машыніст. Праверка. Калі ласка, дыхніце вось сюды, — дастаў з унутранай кішэні невялікі балонік, нахіліўся над машыністам, у вачах якога выявілася неўразуменне, і нечакана пшыкнуў у твар. Машыніст было ўсхапіўся, але імгненна асунуўся, а «Вусач» адкрыў фортку, затым адсунуў беспачуццёвае цела і піхнуў рычаг хуткасці ад сябе: цягнік запаволіў рух.