— Палі валхвоў-нячысцікаў!
— Смерць лютым ерэтыкам!
І ўвомірг, як загадзя падрыхтаваны, успыхнуў агонь. Натоўп наспех выбіў некалькі вокнаў і высыпаў вонкі. З паперы полымя скочыла на смольныя сцены, засцілаючы панадворак дымам. Пакуль Мсціславец з Грынем выцягвалі беспачуццёвае цела таварыша, агонь дабраўся да столі і пачынаў лізаць дах…
Праз некалькі дзён да Іаана — друкар толькі-толькі стаў на ногі — завітаў Сілуан. З яго зморанага вялікага твару не сходзіла трывога, хоць вочы зіхцелі апантанасцю і таямнічасцю.
— Спачуваю табе, браце, і хвалю Бога людалюбнага, што жыццё табе захаваў, — ён прысеў да ложка і папрасіў гаспадыню — Іаанаву жонку — прынесці яму вады. Калі дзверы прычыніліся, прашаптаў: — Усё, што ты мог тут зрабіць, зроблена. Збірай, што засталося, і з’язджай адсюль. Едзь на Літву — там такія, як ты, патрэбныя. Балазе снег, дарога санная ёсць1, — Сілуан панізіў голас і загаварыў узнёсла. — А з сабой, папрашу ласкава, вывезі вось гэтую кнігу… — ён вынуў з-пад крыса доўгага кажуха пераплецены рудой скурай манускрыпт і, правёўшы даланёй па зіхоткіх камянях інкрустацыі — нібыта развітваючыся, падсунуў яго Іаану пад падушку. — Думаю, да Кіева напачатку давезці трэба… — увайшла гаспадыня з карцом; Сілуан без ахвоты глынуў вады, падзякаваў і дадаў: — Там пры Святой Сафіі яшчэ ад Максіма Грэка павінны застацца вучні-манахі. Можа, яны яшчэ не перасталі называцца янітамі — дык ім і перадаць кнігу належыць. І волю Максімаву пераказаць, каб на Патмас яе даставілі…
— Гэта візантыйскае Евангелле? — здзівіўся Іаан. Здалося, нават успыхнулі вочы пад доўгімі веямі-матылямі, а сінякі на твары праясніліся. — Як раздабыў?!
— Цар, як ведаеш, з’ехаў. Збіраліся спехам. А ягоным халопам грошы не лішнімі прыйшліся…
— Ну малайчына! — Іаану не хапала слоў. — Толькі… А чаму б табе самому з намі не падацца?
— А знойдзецца месца?
— Як табе не сорамна гаварыць такое?!
— Ну то дзякуй, ну й добра, — усміхнуўся супакоены Сілуан, і яго куртаты нос нібыта расцягнуўся. — А то я, ведаеш, усё роўна тут не маю больш дзе жыць. — Падміргнуў і патлумачыў: — Шмат копаў грошай запрасілі за кнігу, дык давялося свой дом прадаць…
У безуладнай Маскве памнажаліся крадзяжы і падпалы, і багацейшыя з баяраў упрасілі мітрапаліта паехаць у Аляксандраўскую слабаду — каб умаліў цара змяніць гнеў на літасць ды вярнуў яго на сваю дзяржаву. А калі спатрэбіцца, — наказвалі, — хай судзіць тых, на каго апаліўся.
Гэта была новая перамога Івана — не над ворагам-чужынцам, а — над сваім народам. Самаўладна ён увёў апрычніну, падзяліўшы краіну на дзве часткі. Там, дзе захоўваўся стары парадак, дзе кіравалі ваяводы, намеснікі, суддзі, кормленшчыкі з вотчыннікамі, над усім Іван паставіў сваіх баяраў. Другой часткай ён надзяліў сябе. У былых гаспадароў-спадчыннікаў адбіраліся землі і людзі, а іх — калі заставаліся вернымі цару — перасялялі на іншыя вотчыны.
Мяняліся лёсы народа і краіны.
Мяняліся і лёсы слоў. Апрычніна паходзіла ад старамаскоўскага «опричь» (акрамя). У мінулыя часы так называлася маёмасць, якая адыходзіла пасля смерці мужоў удовам. На пірах так звалі прысмакі, якімі гаспадар меркаваў пачаставаць выбраных гасцей. Апрычнікамі менаваліся і сяляне, якія пасяліліся на манастырскіх землях.
Пры Іване Жахлівым гэтае і аднакарэнныя словы напоўніліся зусім іншым сэнсам…
Першыя дні пасля вяртання ў сталіцу Іван выглядаў спакойным. Ці не новыя сны былі таму прычынай — спакусныя сны пра таямнічую каралеўну Кацярыну? Цудам мяняючы абліччы, яна ўсміхалася і нібыта ўзлятала над абшарам. А ён зноў і зноў спрабаваў схапіць за далікатна-бялявую руку… і ўжо адчуваў даланёй ейны пярсцёнак і дрыготкія пальцы, як Кацярына раптам ператваралася ў белую лябёдку…
Назаўтра Іван забараніў падаваць на сталы смажаных лебядзей і загадаў Віскаватаму асабіста адправіцца да шведскага караля Эрыка XIV з пытаннем аб непадступнай каралеўне.
Яна, Кацярына Ягелонка, пасля вянчання з братам Эрыка Юханам была ўжо герцагіняй фінскай, але анішто — ні сваё жанімства, ні святасць чужых абвенчаных сямейных вузаў, урэшце, ні жаданне самой жанчыны — не маглі астудзіць распалены новымі снамі і мроямі пажадны царскі юр. І ён не шкадаваў Эрыку ні шчодрых падарункаў, ні багатага абяцання: абмяняць Лівонію на Кацярыну…