Так было ці не, але Іван сам узначаліў апрычнае войска — і дарогу ад Кліна да Ноўгарада ператварыў у пустэльню. Перадавыя сотні ўварваліся ў Ноўгарад і да прыезду цара выстраілі ўсіх святароў і дыяканаў на правеж.
У горад у суправаджэнні паўтысячы стральцоў прыехаў цар з сынам. Ён пажадаў смерці здраднікам і загадаў мітрапаліту Пімену служыць абедню ў Святой Сафіі. Затым весела паабедаў ва ўладыкі — і мітрапаліта з чэляддзю, сарваўшы адзежы, кінулі ў склеп. На другі дзень хваля катаванняў накрыла і гараджанаў. Іх сотнямі правяралі агнём і жалезам на рынкавай плошчы, а затым гналі да Волхавай быстрыні, якая зімой не замярзала, — і тапілі. Дзяцей прывязвалі да мацярок, мужчынам, каб не супрацівіліся, скручвалі за спіны рукі. Да вечара па рэчцы ў лодках соўгаліся — як страшныя хароны — апрычнікі і дзідамі дабівалі жывых…
Рабаваліся манастыры, і асатанелыя царскія вершнікі ў чорных манашскіх рызах аддана прысягалі свайму дабрадаўцу:
— Мы збудуем у тваёй, цар, Слабадзе манастыр праведны! Ты — наш ігумен! Скуратаў — панамар пры табе!
Прывязаўшы да падсядзёлкаў сабачыя галовы ды мётлы, яны яшчэ з дзень пагойсалі па апусцелых абшарах ды разам з царом скіраваліся да Пскова. На заснежанай дарозе сустрэлі босага юродзівага, закутанага ў смярдзючае рыззё.
— Хочаш? — ён дастаў з-за пазухі кавалак мяса і працягнуў Івану.
— Пост! — крыкнуў яму цар.
— Пост?! — вытарачыў вочы юродзівы. — А мяса чалавечае табе хто дазволіў жэрці?
Увішны Скуратаў ужо ўзняў над нябогам шаблю, але цар крутнуў галавой:
— Хай ідзе Божы чалавек сваёй дарогай.
І загадаў вяртацца ў Маскву.
7
Надарвалася ў ім штось — і сам разумеў тое, але звязваць ні сілаў, ні ахвоты не было. Колькі ж можна: ні дня без клопатаў, звадак, даносаў, разборак? І чым далей — тым больш. А тут яшчэ як пацукі з карабля — пабеглі тыя, каму найбольш давяраў, каго настаўнікамі ці вучнямі лічыў.
«Заяц… Ці бачыце, не ўнаравіў яму, не паслухаў! То сімволіка яму не тая, то сказаў не тое, то газету нейкую прычыніў. Ну сядзі б, здавалася, на старасці як у бога за пазухай, адпачывай, лячыся ды радуйся сваім апошнім райскім гадáм! Не! Карціць вучыць, усё роўна як за жыццё не навучыў… Не студэнт жа я яму вечны! Пагражаць мне яшчэ будзе… Вось і поркайся цяпер, памідоры на лоджыі вырошчвай!
Ці яшчэ гэты змейчык-тэлежурналісцік… І тое яму, і гэта! З рук жа маіх карміўся… Хрукай ты спакойна, здавалася б, ля карыта…»
Але не гэта — галоўнае. Перадалі вынікі апошніх засакрэчаных апытанняў: рэйтынг ягоны да плінтуса апусціўся! Гэтаму электарату — хоць у паркет разбіся — пачалі імпанаваць песні ролікавых ды іхніх падпявалаў! А надвор’е такое, што хапае і адной іскры! Рабочыя з каскамі на мастах паселі… Пенсіянеры-мухаморы помнікі старым правадырам абляпілі… А гэтыя сонныя свінні з Думы ўжо імпічмент гатовяць! Узяць бы — і швайкай пад бок…
Спецслужбы харахорацца: то адзін варыянт, то другі прапануюць, — а ў яго нечакана на ўсё рукі апусціліся. Колькі ж можна? Які гэта пуп вытрымае? Нават пасля той далбанай аперацыі з плацэнтай…
Канчаткова сарваўся ён пасля гісторыі з той чарнявай студэнткай Кацярынай… Раней выпіваў толькі сімвалічна, а тут пайшло-пацякло: каньяк — віскі, віскі — тэкіла. Усю восень у Варанісе — гульбы-пацехі. І даўгалыжкі-манекеншчыцы, і грудастыя спявачкі, і прасунутыя інстытуткі… Жакей штодня соўгаўся з неадкладнымі праблемамі, а калі патрапіў на больш-менш працверазелага правіцеля, пачуў безапеляцыйнае:
— Ды пайшло ўсё нá хер! Стаміўся я — і сыходжу. Дзяржаўнае ўтрыманне мне да смерці гарантавана Канстытуцыяй, а вы ўсе, калі я не падабаюся, шукайце лепшага! Пагляджу, што атрымаецца…
І пакуль што — не атрымлівалася анічога. За правіцелем, адчуўшы штось падазронае, падаліся — у ягонай свіце — два найбольш вушлыя нафтагазавікі, а затым — і ўвесь урад. Натуральна, не пакінулі свае дзялянкі спецыялісты ў штацкім, якія былымі, як вядома, існаваць не могуць.
Улада перайшла да Думы, але ж заканадаўцы — не выканаўцы! Закульгала ўся дзяржаўная сістэма. Пачаліся перабоі ў здабычы і пастаўках нафты і газа — і, як вынік, аграмадны недабор падаткаў у бюджэт. Акцыі ўпалі. На рынках — абвал. Скокнула інфляцыя. Зноў — затрымкі ў выплатах заробкаў і пенсій, неразбярыха і пустыя паліцы.