І першымі аб тым абвесцілі — як страшныя вершнікі Апакаліпсіса — татарскія гізалы, якія ў адзін дзень захапілі і спалілі Маскву, пакінуўшы некранутым адзін Крэмль. Іван мусіў хавацца ў сваёй слабадзе, пакуль праваслаўная кроў лілася на вуліцах ахопленай агнём сталіцы, а мітрапаліт з духавенствам чакалі смерці, зачыніўшыся ва Успенскім саборы.
Сцены Аляксандраўскай слабады былі замалымі, і цар са сваімі апрычнікамі-баярамі перабраліся ў Ноўгарад, нядаўна люта разрабаваны імі. Там летам 1571 года скамянеламу Івану зачыталі ханскае пасланне: «Я разрабаваў зямлю тваю і спаліў сталіцу. Ты ж не прыйшоў абараняць людзей сваіх. А яшчэ хвалішся, што цар маскоўскі! Знай: я не хачу багаццяў і земляў тваіх. Я, каторы бачыў дарогі дзяржавы тваёй, забяру назад Казань і Астрахань…».
Не пасаладзіла царскай роспачы нават вестка пра смерць ненавіснага Жыгімонта, — толькі наноў распаліла ягоныя думы аб каралеўскай сястрыцы. І загадае Іван прывезці да яго ў Ноўгарад шведскіх паслоў ды зноў загаворыць з імі аб Кацярыне.
Агаломшаныя нашчадкі вікінгаў нагадаюць, што Кацярына цяпер — іхняя каралева, а шведскае войска пад ачолам караля Юхана цісне маскоўскае ў Фінляндыі, аднак Іван будзе рабіць шчыры выгляд, што не чуў аб тым і што, наогул, усё тое вар’яцкія нагаворы. А назаўтра загадае перадаць каралю Юхану наступную эпісталу: «Скажы нам, хто быў твой бацька і як звалі дзеда твайго?! Ці былі яны каралямі? Нам жа брат — рымскі імператар! Твой бацька Густаў чый быў сын? Хіба не бывала ў ягонае кіраванне, што нашыя купцы прыйдуць у ягоную краіну з салам і воскам, а ён надзене рукавіцы і пойдзе да самага Выбарга мацаць тавары ды таргавацца?.. А Кацярыну ў цябе адбіраць я не збіраўся, і быў упэўнены, што муж яе мёртвы, і хацеў вызваліць яе ды перадаць брату Жыгімонту, каб абмяняць на Лівонію…».
Пасля ад’езду шведскіх паслоў цар загадаў прывезці сялянскіх дзевак, якіх распрануў дагала і прымусіў лавіць курэй, гарэзна палохаючы:
— А тую, якая не здолее, будзе лавіць ужо наш мядзведзь!
Затым цар служыў усяночную і, стомлены ды супакоены, адправіўся ў апачывальню, дзе тры сляпыя старцы па чарзе ўсыплялі яго доўгімі казкамі.
Але сон не браў ягоны ўзбуджаны і распалены мозг, і зноў з зацемненага лампаднага вугла на поўным галопе на яго выляталі чырвоныя коні, таўклі капытамі падлогу і халодны ложак, трушчылі ягонае цела і знікалі ў супрацьлеглай сцяне — каб праз хвілю пякельнага круга з’явіцца наноў. На самым вогненным і ліхім скакуне сядзела голая Кацярына і па-заліхвацку наравіла кінуць на Івана ні то аброць, ні то пятлю. Ён і сам мерыўся скочыць да яе на цёплы конскі азадак, але ногі абломваліся, а за ложкам адкрывалася чорная яма…
Лекар прыносіў Івану супакойны адвар, і коні больш не вярталіся, а падлога ў апачывальні выроўнівалася.
— Я цар-ігумен, і мне не належыць жонку мець… — гучна ўгаворваў сябе ў снах Іван. — Я з усёй дзяржавай заручоны…
Кацярына рабілася ягоным сімвалам недасяжнасці і пакуты. Ва ўсіх сваіх жанчынах, пачынаючы ад другой жонкі Марыі, ён бачыў яе — непадатлівую Ягелонку, і шукаў тую ў сваіх каханках, і помсціў за яе, не знайшоўшы, любіў — і ўадначас караў за свае крыўды. Марфу Сабакіну знайшлі мёртвай праз некалькі дзён пасля разгульнага вяселля. Ганну Калтоўскую загадаў адвезці ў манастыр. Марыю Даўгарукую выгнаў з апачывальні пасля першай шлюбнай начы — яе ў санях укінулі ў рэчку. І зажыў з дзвюма — Ганнай Васільчыкавай ды Васілісай Мяленцевай, якіх прывёз аднекуль Малюта Скуратаў і якія люта ўзненавідзелі адна адну, чым, напачатку павесяліўшы гаспадара, прыспешылі свае канчыны…
«Пасля іх я падару табе, валадар, і цнатліўку Літву, і ганарліўку Польшчу», — згадаліся словы Скуратава, якім так і не наканавана было збыцца: верны пёс Малюта склаў сваю галаву ў Лівоніі. У адказ Іван загадаў спаліць жывымі ўсіх палонных — лівонцаў, немцаў, шведаў, і зноў задумаўся над абяцаннем слугі-нябожчыка.