Выбрать главу

Галоўная святыня сабора — ікона Міхаіла Архангела. Злева ад Царскіх Варотаў — ікона Божай Маці «Дабрадатнае неба», ва ўвесь рост у яркіх вогненных промнях, як ілюстрацыя да Янавага Адкрыцця: «И явилось на небе великое знамение: жена, облеченная в солнце; под ногами Её луна… И родила она младенца мужеского пола, которому надлежит пасти все народы жезлом железным…».

Жэзлам жалезным — паўтарылася ў ім, калі цугам — адзін за адным — дайшлі да ранніх фрэсак з сюжэтамі прыпавесці пра багатага і Лазара на сценах у дзяканніку ніжняга яруса, яруса, дзе ўладкаваная ўсыпальня Івана IV Васільевіча, празванага Грозным1… Усыпальня першага маскоўскага цара, які пашырыў дзяржаўную тэрыторыю. Яго пахавалі тут, пад сцёртымі плітамі падлогі, і парэшткі яго — сярод сарака шасці белакаменных плітаў у бронзавых футаралах з раслінным арнаментам і надпісамі вяззю.

Эксгумацыя труны Івана Жахлівага — і ёсць мэта іх незвычайнай «экспедыцыі».

— Значыць так. Паўтараю яшчэ раз: асаблівая ўвага — на дадатковыя прадметы. Адзначаем усё, што падобнае на кнігу ці не з’яўляецца часткамі трупа… — нагадвае «навуковец у штацкім», намеснік начальніка N-га ўпраўлення КДБ…

Бронзавае наверша ўскрылі лёгка, а вось пліта паддавацца не хацела. Зламаўся адзін з дамкратаў, і на падлогу пачала выцякаць жаўтавата-іржавая жыжка. Давялося падымаць пачаргова з бакоў — і падстаўляць драўляныя кліны. Большыя, яшчэ большыя…

Шэрхлы скрып, нібыта хтось ідзе па падсохлым імху ці пяску. Адчуванне не з лепшых у гэтай напампаванай электрычным святлом мёртва-каменнай прасторы. Як чыесьці крокі… Распавядалі, што да крыпты Івана Жахлівага прыходзіў Сталін: пастаіць з незапаленай люлькай, моўчкі паківае галавой — і марудна назад. Адна рука за спіной, другая, з люлькай, спераду…

Нарэшце і сама труна — як царкоўная рáка, пакрытая срэбнымі пласцінамі.

— Асцярожна. Не выпусціце джына… — жартоўна шэпча «навуковец у штацкім», калі спрактыкаваныя археолагі мякка ўзнімаюць вечка.

Шаравата-шэрхлыя косці аддзеленыя ад хрыбта… Узнімаюцца-мацуюцца толькі шэсць верхніх рабрын, якія амаль пяць стагоддзяў таму прыкрывалі ўладарныя грудзі… Правая рука, правільней, тое, што ад яе засталося, нібыта надломленая і падсунутая пад «спіну». На ёй, а таксама па вертыкалі шкілета — фрагменты пашарэлай тканіны. Косткі ступняў павернутыя ў адзін бок і ўпіраюцца ў сценку труны.

Прафесар Фёдараў манатонна дыктуе пратакол-стэнаграму эксгумацыйнага агляду. На акулярах мітусяцца электрычныя ўсполахі.

«Навуковец у штацкім» далікатна пастуквае пазногцем па чэрапе (асістэнт-археолаг тупа глядзіць на свой пэндзаль) і рэзюмуе:

— А яшчэ моцны…

Затым яго лоб моршчыцца:

— Што гэта?! — паказвае пальцам на іржавы ланцуг з вялікім крыжам.

— Перад смерцю ў сакавіку 1584 года цар Іван Жахлівы прыняў схіманашскі пострыг з імем Іона… — нібы чытаючы, выгаварыў на запытанне Заяц і нечакана адчуў, як ногі пачалі мякчэць. Спіне стала холадна, па ёй прабег вогкі сівер… Закрыў вочы — а перад ім зноў лямпачкі. Адна, дзве, тры… — налічыў пятнаццаць. Праз хвілю яны памутнелі і перасталі рэзаць зрэнкі. Пад тонкім шклом колбаў — чамусьці не спіралькі, а… косткі. Столь захісталася, і лямпачкі пачалі падаць-біцца. Толькі чамусьці не ў шкляныя аскепкі, а ў белы пыл… Як мука. Мука ад змолатых костак…

— Ясна! — выводзіць яго з памараку «навуковец у штацкім». — Акрамя ланцуга, іншых прадметаў у труне няма. Працуйце далей! — і ўпэўнена падаўся да выхаду.

Падчас тых раскопак у Архангельскім саборы пад салеяй і заходняй часткай былі выяўленыя фрагменты муроўкі яшчэ XIII стагоддзя. Новыя ж сцены храма ўзводзіліся з белакаменных блокаў, падлога высцілалася з цэглы і керамічных плітаў з жоўтай і зялёнай палівай.

У эксгумаваных царскіх касцях хімічным аналізам было выяўлена анамальнае перавышэнне іртуці — у 24 разы.

— У тыя часы яна была лекамі. Іртуццю ад сіфіліса лячыліся… — пагаварылі ў лабараторыі і зрабілі адпаведнае заключэнне, якое, як і ўсе матэрыялы працы эксгумацыйнай камісіі, засталося засакрэчаным…

Тое было ў 1963-м. І вось праз шэсць гадоў перад ім, ужо доктарам навук, зноў той жа выраз твара: як перакручаны ў пральнай машыне, перасушаны і папрасаваны. Без аніводнага мімічнага руху… Толькі твар ужо не загадчыка кафедры, а прарэктара па навуцы. І зрэнкі-масліны ўжо як выцвілі…