Выбрать главу

— Як скрозь зямлю праваліліся, — паведаміў ён. — Усё аблазіў.

— Ты ж казаў, яны жылі ў вежы? — раззлаваўся на яго Селім.

— Дык яна ж згарэла!

— А яны? Можа, і падпалілі, каб замесці сляды?

— Не, іх там не было, — упэўнена адказаў Шакал.

— Тады шукай, — загадаў Селім. — А калі яны табе трапяць у рукі…

— Я кожны куток у горадзе выпаўзаю, але яны ад мяне не схаваюцца, — запэўніў Шакал. — І мала ім тады не будзе. Я прывалаку іх да цябе.

— Можаш не цягнуць, але скрынкі каб былі тут і грошы таксама.

— Дзе я толькі не распытваў — ніхто не бачыў іх, — паўтарыў Шакал, каб падкрэсліць усю складанасць пошукаў.

Гэта праўда, пытаў у сяго-таго Шакал. Нават да казапаса дапяў. І не ведаў, што таго ўжо і без яго распытвалі пра хлопчыкаў.

* * *

Чалавек, які распытваў пра хлопчыкаў, сказаў, што ён іх сваяк. Незнаёмы яшчэ патупаў каля вежы, а потым, як падалося казапасу, пайшоў да шашы. Было сыра, асенні вецер дзьмуў з мора, і казапас, праводзіўшы незнаёмага насцярожаным позіркам, трохі супакоіўся. Ён вырашыў, што абавязкова папярэдзіць хлопчыкаў, калі тыя прыбягуць з горада, а пакуль захутаўся ў свой стары вайсковы плашч і стуліўся пад сцяною на ўскраіне руін. Ад дажджоў, што апошнім часам ішлі па два разы на дзень, трава на схілах зноў пайшла ў рост, весела зелянела, і козы пасвіліся дружна, не разбрыдаючыся па камянях у пошуках якіх хоць калючак. Кроплі дажджу час ад часу шчоўкалі па капюшоне, навяваючы салодкую асеннюю дрымоту. Раптам адна з козачак, якую шайтан загнаў-такі на крывую таполю, скокнула ўніз і трывожна мэкнула. Казапас расплюшчыў цяжкія непаслухмяныя павекі. Да вежы зноў кіраваў той незнаёмы чалавек у балоневай куртцы. «Бач, цягнецца, — з прыкрасцю падумаў казапас пра незнаёмага. — Ды асцярожна так, нібы злавіць каго хоча. А мо яго самога шукаюць? Але ж нядобры, відаць, чалавек». І казапас зноў звёў вочы.

І саснілася яму, што ён зноў вярнуўся ў сваю родную вёску каля Медэа. І — дзіва дзіўнае — яго выбіраюць суддзёй, кадзі. Жыццю кадзі ён заўсёды зайздросціў. Бацька некалі казаў: «Жыццё, як у кадзі». Гэта калі некаму ўдавалася, не працуючы кожны Дзень, есці блінцы з маслам. Ужо мула праспяваў малітву, бласлаўляючы новага кадзі, нядаўняга казапаса. Яго з паклонам пасадзілі на мяккае крэсла і панеслі на засцеленае казачным дываном ганаровае месца, як непадалёку, парушаючы ўрачыстую цырымонію, пачуўся грукат. «О, нейкі недарэка ваданос з крывымі рукамі бразнуў вобзем пустыя вёдры! — наліваючыся праведным гневам, падумаў новы кадзі.— Вёдры ж пагнуцца, пацякуць… Урэзаць бізуноў ваданосу!» І, напэўна, казапас убачыў бы, як спрытна ляскаюць бізунамі яго памочнікі, ды нейкая сіла раптам так шпурнула яго з каштоўнага дывана, што пачуў рэбрамі ўсю жорсткасць камянёў. «Эх, злыя штукі шайтана! — уздыхнуў казапас, прачнуўшыся. — Калі ж такое было, каб закапцелы на вогнішчы галечы збан ды трапляў на святочны стол-мейду!»

Казапас таропка ўзняўся з зямлі, куды яго збіла напалоханая каза. Стары сцягнуў з галавы капюшон, прынюхаўся. Дым, вось што ён пачуў. Едкі, смярдзючы дым, калі гарыць гума і старая вопратка. Раптам убачыў полымя, якое шуганула з вежы. «Пак! Пак-пак-пак!» — данесліся звонкія кароткія стрэлы. «Вось нягоднікі… Патроны кідаюць у агонь», — падумаў казапас. Але ж не, няма там хлопчыкаў. Там быў той чалавек, што распытваў пра іх. Ці не ён падпаліў там усё? Лепш не быць сведкам у такой справе. Падалей, падалей. Жаг-г! — яшчэ раз грымнула ў вежы, і полымя шуганула ва ўсе бакі, быццам злы джын, выпушчаны дурнем рыбаком з зачараванага збана. «Пак-пак-пак!» — лопаліся патроны. «Нацягалі, падшыванцы…» Вядома, сюды можа зазірнуць і паліцыя, разважаў казапас. Нарабілі на сваю галаву. Казапас ад разгубленасці нават вылаяўся. Козы збегліся як адна да яго і таўкліся пад нагамі, нібы напалоханыя воўкам сабакі. Казапас крычаў на іх, адганяў, а яны, здаецца, нават былі рады пагрозам свайго гаспадара. Блытаючыся ў доўгім плашчы, які ад старасці стаў падобны на бядняцкую вопратку-гандуру, закалдыбаў прэч ад небяспечнага месца, ад бяды.

* * *

…Хлопчыкі прыбіліся да свайго жытла толькі позна ўвечары. У вежы яшчэ сям-там поўзалі вогненныя змеі. Смярдзючы дым душыў — не дыхнуць. Ля ўвахода курэла разадраная ўшчэнт скрыначка ад патронаў. Дзверы ператварыліся ў камяк скарабачанай бляхі.

Хуары злосна ашчэрыўся на сябра:

— Гэта ты пакінуў агонь! Колькі разоў казаў — асцярожна з агнём!

Акліль моўчкі ўнурыў галаву. Можа, сапраўды яго недагляд? Ён апошні пакідаў жытло. Як бы там ні было, а цяпер усё скончылася — яны зноў без жытла. Ды калі! Напярэдадні зімы, ведзьмінага часу.

— І шчоткі згарэлі! — лямантаваў Хуары. — Янычар жа нас задушыць за адны толькі шчоткі, калі не аддамо.

Выціраючы злыя слёзы, Хуары першы рушыў прэч, да шашы ў горад. Цяпер толькі адно застаецца — схавацца ў Казбе, перажыць неяк зіму. Акліль машынальна павалокся следам.

— Не ідзі за мной! — закрычаў Хуары. — А то зараз як дам каменем! Каб я цябе ніколі не бачыў, злыдзень!

Акліль павярнуў да мора. Чорт з ім, з Хуары, пражыве ён і адзін! Хлопчык бачыў астравок і мігценне вогненнай кропкі на ім — відаць, стары рыбак ці яшчэ хто варыць нешта сабе на вячэру. Каб дабрацца да вострава! Можа, там ёсць якая мясціна, схованка ад блізкіх халадоў? Але куды гэта знік Хуары? Хутчэй за ім! У Казбе ім не сустрэцца, бо кожны будзе хавацца ад Селіма і яго шакалаў. А можа, і наогул Хуары пойдзе ў іншае якое месца. Скажам, на ўскраіну горада, дзе яшчэ засталася частка бідонвіля. Трэба параіць яму падацца туды, падалей ад Павука Селіма.

Яны і ўявіць сабе не маглі, што хутка, вельмі хутка Павуку будзе не да іх.

14. «ЗЯМЛЯК» МСЬЕ ВІЛЬНАЎ

Перад сваім ад'ездам у пустыню Сахара Добыш зрабіў два неасцярожныя ўчынкі. Першы мы ўжо ведаем — сустрэўся з Марыям і нечакана пазнаёміўся з Шабанам. А другі — наведаў Аіт-Хаммуша. Цягнула ўбачыць яго яшчэ раз, і Добыш узяўся выканаць даручэнне доктара Кійка — занесці старому лякарствы і сякі-такі харч. Добыша ўразіла, што стары спачатку быццам бы пазіраў прыязна, а на развітанне раптам сказаў, што на востраў прыходзіць не трэба. Вынікам яго наведання з'явіўся, як гэта называюць крыміналісты, «хвост». Добыша «праводзілі» да кватэры Кійка, і яго шчасце, што ён нікуды не пайшоў увечары, бо рана трэба было ад'язджаць. Але і да поезда яго зноў «праводзілі». І тут Добыш зрабіў яшчэ адзін неасцярожны ўчынак, ужо трэці. Даў уцягнуць сябе ў размову з незнаёмым чалавекам.

Гэта не адразу здарылася. Поезд прайшоў ужо, відаць, кіламетраў сто — і ажно ў галаве пачало круціцца: то горы, то спаленыя дашчэнту сонцам пляскатыя плато. Сонца пранізвала вагон то злева, то справа, то наогул свяціла аднекуль ззаду, то знікала зусім, калі поезд імчаў паміж высокіх шэра-блакітных скал. Добыш думаў, што, каб пабудаваць такую дарогу, патрэбна было высокае інжынернае майстэрства, добрыя тэхнічныя сродкі. Для сябе будавалі французскія каланізатары, вось і стараліся. Сто трыццаць два гады яны валодалі Алжырам, прывыклі лічыць яго сваім. Каб ведалі, што не для сябе, то гэтак бы не стараліся. Калі пасля цяжкай і доўгай вайны ім усё ж давялося пакінуць гэтыя мясціны, дык нават тых спецыялістаў-французаў, якія хацелі застацца і памагчы маладой дзяржаве, аасаўцы пагрозамі прымушалі пакінуць краіну. А непаслухмяных забівалі.