— Ну, а потым? — Добыш ужо шкадаваў гэтага чалавека.
— А потым прывычка. Спачатку вучыўся. Ведаеце, якая ў мяне спецыяльнасць? Музеі. Шукаю і вывучаю старажытнасці… Ажаніўся. А вось з дзецьмі размаўляю па-беларуску.
— Навошта? — здзівіўся Добыш. — Яны ж у вас французы. Ці хто?
— Самі вырашаць, — сказаў субяседнік. — Думаю, яны проста будуць свабоднымі зямлянамі… А дзеці ў мяне прыгожыя. — Вільнаў раптам уздыхнуў.— Эх, малады чалавек, бачу, вы яшчэ зусім не ведаеце жыцця. Не ведаеце, якою вялікаю можа быць радасць. І якім бывае вялікі страх. Ого, які ён бывае! Князь-страх! Так што яшчэ невядома, як бы вы сябе паводзілі ў складанай сітуацыі, калі рукі, ногі, галаву, бы абцугамі, сціскае Вялікі страх. Жах яго называюць беларусы, так? Вы тут будзьце асцярожныя. Гэта я вам як зямляк кажу. Асабліва нікуды не совайцеся… Ну, а калі будзеце ў горадзе Аране, заходзьце да мяне. Вось вам адрас. — Вільнаў выняў з кішэні самапіску, блакнот. — Заходзьце абавязкова, — гаварыў ён, чыркаючы па блакітнаму лістку. — Вось. Я пакажу вам музеі. Тут не цэняць пакуль сапраўднага мастацтва, асабліва калі яно еўрапейскага паходжання. А рэчы трапляюцца выдатныя. За іх у Еўропе сотні тысяч долараў даюць.
Яны развіталіся на чыгуначнай станцыі Мастаганэм, каб сустрэцца там, дзе ніхто з іх другога ўбачыць і не думаў ніколі.
15. КРАХ «ФІРМЫ»
Калі Янычар сказаў Селіму, што паліцэйскі павёў Шакала да следчага, той яшчэ не верыў пра небяспеку для сваёй «фірмы». Ці мала давялося Шакалу бываць у паліцыі? То некага паб'юць, то нехта нешта сцягне — распытваюць Шакала: ён жа заўсёды побач круціцца. І выкручваецца. Селім спытаў:
— А што казаў паліцэйскі? Янычар наморшчыў лоб:
— Ды так вось, здаецца, сказаў: «Пойдзем, сынок, да нас, пагаворым».
— І ўсё? — не паверыў Селім.
— Дык я ж кажу, — боўтнуў галавой Янычар, якому прасцей было пусціць у ход кулакі, чым мазгі.
— А вобыск? У яго шукалі што-небудзь?
— Дык што ў яго знойдзеш? — здзівіўся Янычар такому пытанню. — Калі ў яго што было, у скнары.
Селім супакоена згадзіўся: праўда, у Шакала нічога не знойдзеш. Але, на ўсякі выпадак, рашыў сказаць пра непрыемнасць хаджы Шукры. Той заўсёды хацеў ведаць пра ўсе дробязі, хаця, здаецца, і сам цішком падглядваў за дзейнасцю «мурашак» Селіма, як ён празваў хлапчукоў-чысцілыпчыкаў.
А ў гэты ж час Хуары і Акліль, якім удалося разжыцца на рынку бананамі, елі іх каля маленькага фантана і марылі аб тым, як яны дабяруцца да пірацкага клада і будуць снедаць у новым рэстаране каля порта, адкуль добра відно, як швартуюцца акіянскія лайнеры.
Тады ж Ладжмі паведаміў сваёй кампаньёнцы, маці Селіма, што майстэрня дае прыбытак і можна наняць яшчэ аднаго слесара, каб хутчэй упраўляцца. Заказчыкі любяць, калі машыну рамантуюць хутка.
Тады ж маладзенькі рэпарцёр газеты «Альжэ рэпублікен», якая вельмі дапякала тым, хто спадцішка шкодзіў сацыялістычным пераўтварэнням у краіне, імчаўся па крутых лесвіцах будынка, дзе месцілася рэдакцыя, бо ліфт яшчэ не працаваў пасля выбуху пластыкавай бомбы, якую падлажылі аасаўцы. Рэпарцёр павінен быў тэрмінова, у нумар напісаць заметку аб падзеях у мястэчку Хуссэйн-Дэйн. Там, нягледзячы на пагрозы ворагаў, феллахі сумесна з былымі салдатамі стварылі кааператыў, які будзе займацца збытам сельскагаспадарчай прадукцыі. Гэта вайна спекулянтам і прайдзісветам, якія нажываюцца за кошт працоўных. Юны рэпарцёр стараўся напісаць так, каб яго работу пахваліў галоўны рэдактар Абдэльхамід Бензін, таксама яшчэ малады чалавек, хаця і ветэран вызваленчай вайны. Або і сам дырэктар, пісьменнік Анры Аллег, гэты дзіўны француз, які змагаўся за вызваленне Алжыра ад каланізатараў і некалькі год прасядзеў за гэта ў турме, дзе яго катавалі.
* * *
«Пан лейтэнант» Гедыфі прачытаў гэтую заметку наступнай раніцай. Газету «Альжэ рэпублікен» ён заўсёды чытае вельмі ўважліва, хоць і змагаецца ўсімі сродкамі за яе закрыццё, бо там жа працуюць камуністы, якія не вераць, што існуе алах, і падбухторваюць людзей стварыць дзяржаву бязбожнікаў. Пан Гедыфі сядзеў у кафэ і чытаў газету. Нават кава здалася яму не такой смачнаю, як звычайна, калі яму на вочы трапілася заметка пра тое, што па запрашэнню ўрада ў Алжыр прыехала новая група выкладчыкаў з Савецкага Саюза. Сярод іх — высокакваліфікаваныя спецыялісты па матэматыцы, хіміі, фізіцы, тэхнічных навуках. «Яны будуць працаваць у Афрыканскім інстытуце нафты, а таксама ў тэкстыльным інстытуце, — прачытаў ён, — першая група прыступіла да работы. А ўсяго з Савецкага Саюза прыбудзе 46 савецкіх спецыялістаў вышэйшага класа». На лічбу «46» пан Гедыфі зірнуў яшчэ раз, у яго была прывычка прыглядацца да лічбаў, нібы знаходзіў у іх яшчэ нейкі патаемны сэнс. Вось ён уважліва ўгледзеўся ў другую лічбу: «350». «Яшчэ 350 сем'яў дэпартаменцкага цэнтра Эль-Аснам атрымалі ключы ад новых кватэр, — чытаў пан Гедыфі.— У часы каланіялізму гэтыя людзі туліліся ў бідонвілях — у трухлявых халупах і збітых з чаго папала буданах на ўскраіне». У думках пан Гедыфі выкрасліў гэтыя 350 сем'яў са спісу сваіх патэнцыяльных прыхільнікаў. Але потым з усмешкай падумаў: «А калі я паабяцаю ім вілы на беразе мора і раскошу сучасных магнатаў? Той-сёй спакусіцца. Ведаю я чалавечую сквапнасць».
Быў упэўнены ён і ў тым, што ведае свайго былога падначаленага ў Іншаземным легіёне Шабана. А. таму і чакаў яго спакойна і ніколькі не здзівіўся, калі той з'явіўся роўна ў прызначаны час. Выходзіць, сапраўды не забыў, чаму яго вучыў лейтэнант Гедыфі. О, то была школа! Той, хто ўздумаў бы не выканаць загад або зрабіць справу абы-як, рызыкаваў многім. Ну што ж, пакуль гэты Шабан гуляе там у незалежнага сейіда і перакідваецца жартачкамі са знаёмымі, можна яшчэ на хвілінку зазірнуць у газету. Тым болей што кожны дзень у краіне адбываецца шмат неверагоднага. Ніколі, здаецца, раней у Алжыры не адбывалася столькі падзей за год, як цяпер за тыдзень. Пашукаем што-небудзь без палітыкі. Ну хоць бы «Статыстыка дарожных здарэнняў». Што тут? Ага, зноў нехта ляснуўся на павароце. Сутыкнуліся два «фольксвагены», ёсць чалавечыя ахвяры. Як можна на такой устойлівай машыне і ляснуцца на павароце? Ну, вось і вынік: на магістралях будуць пастаўлены дадатковыя паліцэйскія пасты кантраляваць хуткасць і тэхнічны стан аўтамабіляў, падазроныя таксама будуць правярацца. Дзеці пачынаюць вывучаць правілы дарожнага руху з першага класа школы… Трэба папярэдзіць гэтага Шабана, каб перастаў ганяць так, быццам усё яшчэ сядзіць за рулём ваеннага джыпа. Спыняць за перавышэнне хуткасці, а самі зазірнуць не толькі ў пасведчанне, але і ў багажнік. Горш няма за такія вось сюрпрызы. Нервы трэба, нервы. А што гэта за стары на фотаздымку? Ага, Вен Мэссауд — старэйшы з усіх вядомых доўгажыхароў Алжыра. Помніць першы дэсант французскіх войск у тысяча восемсот трыццаць другім годзе. Тады яму было сем гадоў. Вельмі дружалюбны, ніколі не сварыўся з блізкімі, ні з суседзямі. Працуе на сваім невялічкім полі. Харчуецца толькі ячменнымі аладкамі і малаком. Ну што ж, яму, Гедыфі, столькі не пражыць. Хіба што зараз жа ўсё кінуць і бегчы ў тое забытае алахам паселішча Айн-Смарра, дзе дажывае другі век гэты Вен Мэссауд. Жэрці ячменныя аладкі і запіваць малаком. Раніцай, удзень і на вячэру, не звяртаючы ўвагі на тое, што адбываецца навокал, — да канца дзён. І гэта нехта лічыць сапраўдным жыццём? Не звяртаць увагі, як нядаўнія галадранцы распараджаюцца ў Алжыры? Ну, якія навіны тут яшчэ? Створаны спецыяльныя трыбуналы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі… Гэта ўжо палітыка. Палітыка тых, каго пан Гедыфі жадаў бы паставіць на месца. Алжыр ад французаў вызвалілі, а зараз дазвольце кіраваць краінай тым, хто гэта ўмее. Рызыка, барацьба. Тут на адных ячменных аладках ды малацэ доўга не вытрываеш. Сапраўдныя мужчыны жаруць мяса. Сельскагаспадарчы кааператыў сем'яў былых франтавікоў сабраў ураджай большы, чым гэта было, калі ферма належала французскаму каланісту…