Яны наступнай жа раніцай падпільнавалі Лаіба каля медрэсэ, дзе той вучыўся. Ідзе сабе чысцюткі, на плячах замест паліто цёплая джаллябія, на галаве чырвоная шэшыя. Хлопцы яму ўрэзалі дык урэзалі, ажно круціўся і вішчаў ад злосці. Але тут на дапамогу Лаібу кінулася некалькі сяброў з медрэсэ. Давялося ўцякаць, бо тыя чысцюлі таксама, аказваецца, умелі біцца. І самае крыўднае, што Лаіб зноў крычаў услед:
— Бяні-уй-уй! Твой бацька жыве ў Парыжы ў бідонвілі і мыецца ў бочцы з-пад газы, а не ў ванне. Шэйх з бідонвіля!
— На вас алах не хоча глядзець! — крычаў у адказ Хуары. Яго аж трэсла ад злосці і абразы.
Узброіўшыся ламачынамі, сябры Лаіба зноў атакавалі хлопцаў. Прыйшлося паспешліва адступаць.
— Я цябе яшчэ сустрэну! — пагражаў Хуары Лаібу. — Ты ў мяне паплачаш, чысцёха! Здзяру тваю вучоную шэшыю!
Яны імчалі, не разбіраючы дарогі.
— Які ж я бяні-уй-уй, га? — бліскаў Хуары падбітым вокам. — Хіба я падлізваўся да ірум'енаў? Хіба я вінаваты, што мой бацька жыве ў Францыі?
Яму хацелася, каб хто-небудзь, няхай Акліль, пацвердзіў, што ніякі ён не французскі паслугач. Ён нават па-французску ніколі не гаворыць. Навошта яму?
Яны так былі ўзрушаны, што не заўважылі, калі апынуліся на тэрыторыі, дзе можна было сустрэць Селіма ці Шакала. Схамянуўшыся, толькі збіраліся павярнуць у глыб Казбы, як іх паклікалі:
— Гэта ты, Хуары? І Акліль з табой? А мы ламалі галовы — куды вас шайтан звалок.
Ахсен! Адзін з хлопцаў Селіма. Ах, каб на яго ліха! Хуары паважна павітаўся з чысцільшчыкам за руку. Ахсен працягнуў руку і Аклілю.
— А Шакал вас шукаў-шукаў…
— Ты толькі не кажы Селіму, што бачыў нас, добра? — папрасіў Хуары. — Доўг я аддам, бажуся. Можа, нават праз месяц аддам.
— Ха, каго ўспомніў! — здзівіўся Ахсен. — Дык цябе сапраўды не было ў горадзе? Селім жа сваю «фірму» прадаў Макуфу з Ніжняй вуліцы. Мы зараз у яго. А сам з'ехаў. Некуды ў святыя месцы. Мулою вырашыў стаць, ці што. Вернецца — дык будзе насіць зялёны цюрбан хаджы… Але калі ў цябе сапраўды няма грошай, каб аддаць доўг, то асцерагайся. Янычар зараз усіх даўжнікоў прысвоіў сабе. Кажа, яму Селім аддаў. Такі гад… А Шакал у паліцыі сядзіць. Нешта там такое оё-ёй! Кажуць, наркотыкі прадаваў… Дык дзе ты цяперака? Не бойся, я ж не даносчык які.
Хуары сказаў, што яны ўладкаваліся прыстойна. Нават пячурка ёсць. Дык ён штовечар пячэ цяпер праснакі. Хуары аблізнуў апухлыя губы.
— А ў мяне пакуль не вельмі,— прызнаўся Ахсен, не забываючы раз-пораз прызыўна стукаць шчоткамі.— Мустафа дык у прыют папрасіўся.
Акліль, пачуўшы гэткую навіну, пачаў уважліва вывучаць свае падраныя чаравікі: баяўся, што Хуары па вачах здагадаецца пра яго думкі.
— А я паспрабую ў Рашэ-Нуар, — паведаміў Ахсен. — Там ёсць новая школа, дзе савецкія вучаць хлопцаў, якія будуць здабываць нафту. Вось гэта справа! Каб толькі прынялі.
Хлопцы агледзелі рослага Ахсена, у якога над верхняй губой ужо цямнеў пушок: ого! такога ў кожную школу возьмуць.
— А гэтыя савецкія — хто яны? — спытаў Акліль.
Ахсен пасмяяўся:
— Во маляўка, такога не ведаць. Ды яны нам дапамагалі яшчэ ў вайну!
— Ну, гэта я ведаю, — апраўдваўся Акліль. — У мяне ж бацька быў муджахідам.
— Савецкія — значыць, з Савецкага Саюза, — усё тлумачыў Ахсен, якому прыемна было паказаць сваю «дарослую» дасведчанасць. — Ды вы схадзіце ў порт! Як убачыце там карабель з чырвоным сцягам — гэта з Саветаў.
— Ды я ведаю! — сказаў Акліль, успомніўшы, што сапраўды бачыў, і неаднаразова, такія караблі.
— А мяне бяруць у магазін каля плошчы Пакутнікаў,— з незалежным выглядам паведаміў Хуары.
Акліль ажно вочы вылупіў — во як! А яму ж пра тое ні слова.
— Хвалько, — пасмяяўся Ахсен. — Ты ж адным сваім выглядам пакупнікоў напалохаеш.
— Нічога ты не разумееш, Ахсен. — У Хуары звузіліся вочы. — Мяне туды за голас бяруць. Ведаеш, які ў мяне голас? Мая бабуля казала — як у муэдзіна. Не верыш?.. Ну, слухай…
І Хуары што было моцы загарлапаніў сапраўды нешта падобнае на спеў муэдзіна з вышыні мінарэта, калі ён склікае прававерных на малітву. Вакол адразу пачалі збірацца людзі. Ахсен, здаецца, паверыў. Больш таго, ён адразу вырашыў выкарыстаць момант:
— Чы-ысцім! Чы-ысцім! Крэм — люкс! Амерыканскі! Англійскі!
Хлопцы нырнулі ў натоўп — хай на яго ліха, на гэтага Ахсена. Яшчэ ж, чаго добрага, заявіцца сюды кляты Янычар.
— Слухай, Хуары, — тузануў таварыша Акліль. — Давай сходзім у порт. Там разжывёмся кукурузай, я ведаю месца.
На здзіўленне, Хуары не стаў упарціцца.
17. У ПОРЦЕ АЛЬ-ДЖАЗАІРА
Яны не асмеліліся ісці па вялікай вуліцы Баб Азун, дзе, нягледзячы на халоднае надвор'е, тырчала мноства гандляроў. Тут, непадалёк ад порта і ў пачатку Казбы, здаўна іх царства. Нырнеш у лаўку на адной вуліцы, а вынырнеш, прабраўшыся нібы скрозь поўную таямніц даўжэзную пячору, падобную на тую, куды некалі трапіў Аладзін, у які-небудзь крывы і цемнаваты завулак — адны сцены, акон няма. Усе вокны выходзяць на двары. Ідзеш — навокал нібы сцены старой крэпасці. Гораду многа стагоддзяў даводзілася быць крэпасцю, абараняцца ад захопнікаў, што прыплывалі сюды. Спачатку на галерах, дзе сядзелі прыкутыя ланцугамі да вёслаў нявольнікі-грабцы, пазней — на фялюгах з касымі ветразямі. Гэткія былі ў старадаўніх карсараў братоў Арруджа і Хайр-эд-Дзіна, што называлі сябе сябрамі мора і ад якіх нікому спасу не было. А потым на параходах заявіліся і французы. І ад кожнага часу, ад кожнага народа, які прыходзіў, пачынаючы са старажытных мараходаў-фінікійцаў, у горадзе нешта заставалася — цытадэлі, палацы, маўзалеі, мячэці. Да адной з іх — Джамаа аль-Джэдзід, або «храма Рыбакоў», хлопцы і вынырнулі з бакавой вулачкі, бо адсюль да порта было бліжэй за ўсё.
Хоць яны і бачылі гэта трыста разоў, абодва паднялі галовы на высачэзны, як цацка, аздоблены мінарэт, каб зірнуць на гадзіннік. Было апоўдні, не дзіва, што гэтак хацелася есці. З раніцы ім не ўдалося нічым пажывіцца. «Няхай алах спыніць позірк на пераможцах-воінах і дасць кожнаму тысячу ўзнагарод», — прачыталі яны на мячэці ці то покліч, ці то просьбу, якую выбілі на белым мармуры па пажаданню магутных і бязлітасных турэцкіх янычараў іх палоннікі — генуэзцы. Кожны з хлопчыкаў паабяцаў сабе, што будзе пераможцам, але яны не ведалі, якія то будуць перамогі.
Вецер з мора пранізаў іх наскрозь.
Яны імчаць уніз па прыступках. Усё вільготнае. Вакол людзі пад парасонамі ці ў напятых штармоўках. Вось і портавы рэстаран, дзе можна заўсёды чым-небудзь пажывіцца. Але цяпер на тэрасе ніводнага століка! Праз шкло вялізных акон наведвальнікі таропіліся ў прастору неспакойнага асенняга мора і жавалі, жавалі. Заўважылі скурчаныя постаці хлопчыкаў, паказваюць на іх пальцамі, нешта гавораць. Можа, нават спачуваюць, але ад гэтага ні цяплей не становіцца, ні сытней. Акліль паказаў ім язык. А ля ўвахода стаіць швейцар і таксама зыркае, але гэты — пагрозліва, не яго справа спачуваць нейкім валацугам. Чаго бадзяюцца, калі ўсе добрыя хлопчыкі сядзяць у школе і слухаюць настаўніка? Або дапамагаюць бацькам дзе-небудзь у майстэрні.
— Глядзі, які вялізны! — Хуары з захапленнем пазіраў на акіянскі лайнер, які буксіры асцярожна падцягвалі да прыстані. Уся верхняя палуба волата поўна людзей. Яшчэ праз колькі хвілін падалі шырачэзны белы трап, як маракі называюць сходні, і пасажыры, пагойдваючы чамаданамі, вясёлым натоўпам рушылі ўніз, дзе ўжо некага абдымалі, некага цалавалі… Гучаць воклічы, гаворка на розных мовах, бы на рынку Лір. Куды так углядаецца Хуары? Заўважыўшы позірк Акліля, Хуары торгае плячом.
— Пайшлі далей, — гаворыць ён абыякава, а вочы яго ніяк не адарвуцца ад натоўпу.
Акліль падумаў: «Алах, зрабі, каб тут быў бацька Хуары!» Так і прастаялі, пакуль не сышоў апошні пасажыр.
Хуары паглядае пахмурна. Настрой у яго сапсаваўся. Але праз момант цікавасць да параходаў перамагае. Вунь яшчэ адзін падыходзіць. А ля буёў, як белы дом, трэці імкне з мора пад ахову пірса. На таварнай частцы порта ля прычала ажно тры караблі. Праўда, не такія вялікія, але і іх трумы запоўнены ўсякім дабром, што прывезлі сюды з другіх краін. Адзін толькі што ашвартаваўся, і партавыя магутныя краны насунуліся да яго па рэйках на крывых сталёвых нагах. Бы якія буслы, што рыхтуюцца выхапіць здабычу. Апускаюць крукі-галовы над трумам, зазіраюць — ну, што там на гэты раз прыйшло з-за мора-акіяна? І Хуары першы заўважыў, успомніў, пра што казаў ім Ахсен: