Выбрать главу

Калі слухачы нарагаталіся, французскі інжынер звярнуўся да Сідкі:

— Прытча добрая, але давайце ўжо і павучэнне.

— Я магу толькі дадаць, — Сідкі ўсміхнуўся і кіўнуў у бок пахмурна слухаўшага Карнеева, — што ў нас спярша чым пасадзіць вінаграднік, прынята прыкінуць, ці хопіць для яго вады.

— Вось мы яе і здабудзем! — рашуча сказаў Карнееў.

— Толькі алах можа яе зноў зрабіць прэснай, — скасавурыўся на яго Сідкі.— Недалёка адсюль раней працавалі французскія бурыльшчыкі. Дык трубы, якія не расцягнулі хамесы для падпорак, так і ляжаць пад пяском. Месца я памятаю добра.

Акліль пазіраў то на Карнеева, то на Сідкі. Што ж цяпер будзе?

— А я кажу — вада тут ёсць, — упарта вёў сваё Карнееў.

— Даставаць з нетраў салёную ваду — ўсё роўна што выпусціць злога джына са збана, куды таго засадзіў добры чараўнік, — вёў сваё Сідкі.— Яно, канечне, для фантанаў можна і салёную ваду, але гэтага могуць не захацець мясцовыя жыхары.

— Вашы словы таксама належаць злому джыну, — рэзка прамовіў Карнееў.— Мы ж толькі распачалі работу. Давайце дачакаемся вынікаў.

— Я толькі перадаў тое, пра што гавораць жыхары аазіса, пане Карнееў,— развёў рукамі Сідкі.— Але будзе кепска, калі людзі зразумеюць, што іх ашуквалі. Бо ў многіх і так засоленыя землі. А што ж будзе, калі зноў вы нальяце тут возера расолу?

Карнееў выцер хусцінкай пот з пачырванелага твару:

— Мы выконваем распараджэнне вашага міністэрства. Так што будзем працаваць.

Сідкі паціснуў плячамі і, адкінуўшыся да сцяны, сказаў суседзям, рабочым-алжырцам, на арабскай мове: «Так яно і ідзе. А можа, той, хто распарадзіўся з цэнтра, мае злачынны намер? Што, не было такога?»

Госці пачалі развітвацца. Многія пайшлі з імі да машыны, якая ўжо стаяла з запаленымі фарамі. Але некалькі рабочых стоўпілася вакол Сідкі. Да матарыста праціснуўся Акліль.

— Ты пакрыўдзіў таварыша Карнеева, а ён добры чалавек, — сказаў ён Сідкі.— Ён зусім не тое, што французы. Ён хоча нам добра.

— Ты справядлівы. — Матарыст прыгарнуў да сябе хлопчыка і пагладзіў па галаве. — Я таксама ўпэўнены, што сейід Карнееў і ўсе астатнія хочуць нам дабра. Але няхай зараз дакажуць гэта. Няхай адмовяцца выконваць шкодны загад і паслухаюць старэйшын аазіса, якія лепей ведаюць, дзе можна капаць калодзеж, а дзе пад пяскамі знаходзіцца вада мёртвых. Рускія зробяць артэзіянскую шчыліну, атрымаюць грошы і паедуць дадому. А якая вада пацячэ — ім будзе ўсё роўна. А вось мы, хлопчык, застанемся тут жыць, бо гэта наша радзіма.

Не толькі Акліль, усе рабочыя ўважліва слухалі Сідкі і згодна ківалі галовамі. Бо хіба ж не відавочна было тое, пра што гаварыў матарыст? А тут яшчэ да іх даносіўся і голас французскага інжынера:

— А ваш рабочы казаў праўду: нашы буравікі тут сапраўды хацелі здабыць ваду, але вынікі аказаліся адмоўныя.

— Ведаю, — данёсся глухаваты голас Карнеева. — Яны заглыбіліся на дзвесце метраў.

— А вы? Яшчэ болей?

— Так. У нас ужо дзвесце сорак… Нават дзвесце сорак тры, калі зусім дакладна, — адказаў Карнееў, і французскі інжынер прысвіснуў:

— Вось бачыце! А здабылі расол?

— Вада пакуль салёная, — пацвердзіў Юсуф-задэ. — Але геолагі адзначылі…

— Вашы, савецкія? — хутка перапыніў субяседнік.

— Не, якраз-то інфармацыя французская.

— Ну, нашы таксама неаднойчы памыляліся. Праз зямлю ж не заўсёды ўбачыш, што там, у нетрах. Можна толькі меркаваць па дадзеных навукі. Але жадаю поспехаў! — і, паціснуўшы рукі праважатым, госць лёгка ўскочыў ва ўсюдыход.

Бурыльшчыкі панура пазіралі, як святло магутных фараў французскай машыны выхоплівае з цемры на ўскраіне аазіса то прыземістыя каменныя пабудовы з невялікімі адтулінамі замест акон, то срабрыстыя мяцёлкі фінікавых пальмаў.

Акліль памчаў да цьмяна асветленай буравой вышкі.

Падбегшы да адстойніка, куды вылівалася вада, якую выбіраў з-пад зямлі насос, хлопчык апусціў туды абедзве рукі. Потым лізнуў пальцы. На языку ён адчуў пякучы смак солі…

Раніцой Акліль спытаў у Добыша:

— А што ты будзеш рабіць потым, калі тут зробяць калодзеж?

Хлопчык пазіраў на Добыша, як таму здалося, з нейкай насцярожанасцю.

— Ну, мне трэба будзе ехаць дадому. — Добыш, як звычайна, хацеў жартам пацерабіць Аклілю ўскалмачаную шавялюру, але той ухіліўся ад рукі механіка.

— Праўда, што французы кінулі тут бурыць? — спытаў ён яшчэ.

— Кінулі,— пацвердзіў Добыш, цяпер ужо з некаторым здзіўленнем паглядаючы на ўстрывожаны твар хлапчука.

— Таму што вада салёная? — Гэтыя словы Акліль вымавіў не як пытанне, а як сцверджанне.

— Пра аасаўцаў ведаеш? — Добыш пачаў здагадвацца, што робіцца на душы ў хлопчыка. — Вось яны і загадалі французскім бурыльшчыкам спыніць работы.

Аасаўцы? Акліль насцярожыўся. Пра іх Сідкі чамусьці нічога не расказваў. Трэба будзе распытаць. Але хто ж усё-такі кажа праўду?

Акліль у задуменні сеў пад сцяной вагончыка. Злева ад яго віднелася буравая вышка, і там з падвывам гуў электраматор лябёдкі — рабочыя талямі падцягвалі на высокія палаці металічную трубу. Труб там ляжала ўжо цэлая абойма. Усе яны хутка знікнуць у чэраве пустыні. Няўжо сапраўды па іх хлыне на паверхню «вада мёртвых», як аб тым папярэджвае Сідкі?

А проста перад вачамі хлопчыка быў аазіс. Па дарозе да яго яшчэ віднеліся сляды ад пратэктараў французскага ўсюдыхода. Каля купы фінікавых пальмаў на невысокім пагорку варушыліся два чорныя чалавекі. Вось яны схапілі вяроўку, ускінулі яе сабе на плечы і пацягнулі, паволі сыходзячы з пагорка. Раптам з каменнага зева невялікага калодзежа паказалася чорнае скураное вядро з выгнутай дзюбай унізе. З дзюбы ў вузенькі арык шухнуў бліскучы струмень вады. Па арыку вада пакацілася да пальмаў. А два чорныя чалавекі ўжо зноў падымаліся на пагорак, адпускаючы вяроўку. Тая вужакай паўзла па адшмальцаваным драўляным цыліндры, і скураное вядро зноў знікла ў калодзежы. Гэта працавалі бацька і старэйшы брат Амамы — таго самага чарнаскурага хлопца, якога зараз савецкія бурыльшчыкі вучаць на матарыста. Яны хамесы. Хамес — гэта ад тутэйшага слова «пяць». Яны бяруць у арэнду ў заможных туарэгаў участкі з фінікавымі пальмамі і вінаграднікам, а потым вырашчаны ўраджай дзеляць на пяць частак. Пятую сабе, а чатыры таму, чыя зямля. Цемнаскурых людзей туарэгі некалі сілай захоплівалі недзе там, у глыбіні Афрыкі, і рабілі сваімі рабамі. Потым тыя чорныя людзі сталі вольнымі, але зямлі так і не атрымалі. Таму і бяруць яе ў арэнду, яны — хамесы. І вось так цягнуць сваю вяроўку, корпаюцца ля чужых пальмаў усё жыццё пасярод забытых алахам дзюн. Чаму гэтыя людзі не кінуць усё і не бягуць куды вочы глядзяць, а робяць тое, чым прымушалі займацца некалі іх продкаў сілком, ударамі палак?

Гэтае пытанне, помніць Акліль, бурыльшчыкі неяк задалі Амаме, і той зірнуў недаўменна: «Як гэта — некуды бегчы? Мы ж тут жывём і даўно вольныя». Акліль тады таксама сунуўся са сваімі парадамі да Амамы: «Вам патрэбен матор. Насос. А яшчэ маленькі трактар, які я бачыў на французскай ферме».

Амама зірнуў на хлопчыка паблажліва, бы на дурную яшчэ малечу. «Асла трэба, — адказаў ён. — Грошы. Зямля. Вада трэба».

Зноў узнік тонкі віск: вяроўка слізгала па драўлянаму валіку, два чалавекі выцягвалі вялікае вядро з вадою, каб напаіць чужыя пальмы. Тэпалі сагнуўшыся, па спаленаму сонцам узгорку. Канечне, яны ведалі пра існаванне больш лёгкага жыцця недзе там, у гарадах ля мора. Але нешта такое, аб чым казаў Амама, прымушала заставацца іх вернымі сваёй пустыні. Можа, і яны спадзяваліся на тую ваду, якую паабяцаў ім новы ўрад Алжыра?

А раптам іх сапраўды ашукваюць? Сэрца Акліля калацілася. Ён жа таксама тут працуе. Што будзе?

24. УЦЁКІ