Выбрать главу

Маленькі аранжавы самалёт быў падобны на саранчу. У яго трымцелі крылы з апазнавальнымі знакамі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый — уверсе быў, значыць, вецер. Праз гадзіну-другую ён апусціцца ўніз, і тады тут завіруе пясок. Караванбашы адразу зразумеў, што іх прыкмецілі,— з самалёта раптам слізганула ракета і праз момант распусціла зялёны хвост. Ракета ўпала ўперадзе, непадалёк ад караваннай сцежкі, закруцілася па пяску на пацеху дзецям. Караванбашы крыкнуў, каб ніхто не вытыркаўся з торбаў. Ён загадаў рухацца хутчэй — самалёт, канечне, тут не сядзе, пабаіцца ветру і камянёў, але недзе ў пустыні ёсць яшчэ, мабыць, патрульная машына-ўсюдыход. Ёй і далі сігнал з самалёта. Зараз бы самае лепшае — збочыць з дарогі на поўнач і схавацца пасярод каменных глыб, зверху падобных на бясконцыя статкі вярблюдаў. Ніякаму самалёту тады іх там не высачыць.

Але пачынаўся вецер, натрэнірованы слых старога бедуіна ўлоўліваў «спеў» пяску, што магло азначаць калі не подых самума, то аднаго з яго малодшых братоў. Нават невялікая пясчаная бура можа натварыць бяды, калі да яе не падрыхтавацца загадзя. Не, ад калодзежа, які будзе вось-вось, зараз убок адыходзіць ніяк нельга, на яго спадзяваліся, у бурдзюках амаль не засталося вады. Значыць, хутчэй да калодзежа! Усё ж тут не тыя мясціны, дзе ахова прыглядаецца да кожнага каравана. Гэта яшчэ наперадзе, але алах вялікі і Сахара бясконцая. А патрульныя атрады даволі малыя, каб спрактыкаваны караванбашы не прыдумаў, як праслізнуць міма незаўважаным. Асабліва тут, у гарах Энэдзі, дзе вецер і сонца нарабілі патаемных праходаў, арак і цэлых тунеляў, у якіх можа схавацца нават у пяць разоў большы караван, чым іхні. Але наперад, да крыніцы! А там, як толькі бурдзюкі нальюць вадой, а вецер крыху аціхне, зноў можна ў пустыню. Нічога, самалёт больш не вернецца, ён таксама будзе ўцякаць ад пясчанай буры.

Патрульны аўтафургон-усюдыход знаходзіўся ад каравана за міль пяцьдзесят, калі з яго заўважылі зялёны хвост ракеты. Лейтэнант, які камандаваў патрульнай групай, вылаяўся і загадаў прытармазіць. Ехаць зноў у пустыню? Ды там вось-вось можа пачацца такое… У групе ўсе людзі былі старыя ваўкі. Яны не толькі прайшлі спецыяльную падрыхтоўку, але ўдосталь пабадзяліся па Сахары і наогул па Афрыцы. Яны разумелі лейтэнанта: зараз усё жывое спяшалася ў сховішчы.

— А, д'ябал! — прабурчаў лейтэнант, калі самалёт, праносячыся над аўтафургончыкам, пальнуў другую зялёную ракету.

— Ды нічога, відаць, цікавага, — падладжваючыся пад настрой камандзіра, прамовіў адзін з ветэранаў, каржакаваты брэтонец з сяржанцкімі нашыўкамі.

— Сапраўды, мо ўбачыў якога бедуіна з яго гарэмам, — далучыўся да сяржанта хударлявы салдат са слядамі сонечнага рака на правай шчацэ. — Інакш бы адразу далі дзве ракеты. Вось аціхне завіруха, мы іх наведаем ля калодзежа, нікуды не дзенуцца.

— Калі зялёная ракета, значыць, караван рухаецца ў бок граніцы, — адгукнуўся лейтэнант, каб спыніць далейшыя спрэчкі.— Каб гэта не побач з граніцай, то хай бы сабе… Паварочваем!

— Ну і ўскочым, прадчувае маё сэрца, — незадаволена буркнуў брэтонец, углядаючыся праз запыленае бакавое шкло ў наваколле, якое ўсё больш набывала імгліста-шэры колер. — К ночы пачнецца ведзьмава карусель.

Аўтафургончык, цягнучы за сабою хвост бурага пылу, памчаў па ледзь прыкметнай сцяжыне да камяністых пагоркаў, дзе ўпала першая ракета.

Дзікі скакун караванбашы, паджары, на лёгкіх нагах, заўважыўшы аўтафургончык, захроп, ускінуўся на дыбкі, выкаціўшы налітыя крывёю вочы. Астатнія коні таксама ўспуджана рвануліся з прывязі. Але вярблюды і людзі засталіся абыякавымі да чужынцаў. Некалькі караваншчыкаў подбегам цягалі ваду з калодзежа, які знаходзіўся ў вузкай цясніне, астатнія ўвішна распіналі палаткі і абкладвалі іх цюкамі з паклажай.

Лейтэнант гучна прамовіў прывітальнае «салям алейкум» і спытаў, хто тут старшы караваншчык. Адзін з салдат стаў каля аўтафургона, дзе напагатове ляжалі карабіны, астатнія пайшлі паміж кучамі цюкоў.

— Але ж для такога каравана паклажы малавата, — падышоў да лейтэнанта брэтонец. Як і астатнія, хто правярае караван, ён без зброі, каб не выклікаць у бедуінаў залішняй варожасці. Толькі ў лейтэнанта кабура з пісталетам, але яна зашпілена.

— Мы людзі бедныя, — без ценю ўгодлівасці коратка адказвае на заўвагу брэтонца караванбашы і нават не глядзіць на сяржанта, наогул дае зразумець, што адказваць на пытанні больш не мае ахвоты.

— Куды накіроўваецца караван? — упарта дамагаецца свайго лейтэнант, а сам сочыць за дзеяннямі сваіх людзей: былі выпадкі, калі караваншчыкі нечакана пускалі ў ход зброю. — Калі не адкажаце, мы вас адвядзём на кантрольны пункт.

— Там мае родзічы, — махнуў заціснутым у кулаку пугаўём некуды ў прастору караванбашы, — ідзём да іх, на вяселле.

Ён тут жа ўладарна крыкнуў караваншчыкам, каб шчыльней ставілі цюкі паабапал палатак.

Лейтэнант зірнуў на гадзіннік: агляд каравана працягваецца больш як сорак мінут, а вынікаў няма. Яшчэ дваццаць мінут — і ўсё, рашае ён, бо вось-вось пачнецца завіруха. Хаця караван па-ранейшаму здаецца яму падазроным. Яшчэ дзесяць мінут…

— Камандзір! — самы малады з салдат, высокі сенегалец, нахіляецца да лейтэнанта. — Я, здаецца, знайшоў…— Сенегалец цяжка дыхае ад хуткай хады.

— Пайшлі.— Лейтэнант кладзе руку на кабуру. — Ты і ты — да машыны, зразумела? — гаворыць ён сваім людзям. — Ні на імгненне не выпускаць нас з поля зроку. Астатнія — за мной!

Селім таксама спалохаўся, калі моцная рука салдата рэзка адкінула джутавае пакрывала і ў вочы хлапчукам, распластаным на пяску, ударыла святло ліхтарыка. Толькі бедуін, што з кап'ём у руцэ ахоўваў пячору, спакойна працягваў стаяць ля ўвахода, замаскіраванага камянямі і сухім веццем тамарыска. Хлопчыкі ўсхапіліся і з енкам, збіваючы адзін аднаго з ног, кінуліся ў дальні кут пячоры.

Брэтонец порстка раскідаў цыноўкі і пустыя джутавыя мяхі з цюка, што знаходзіўся ля сцяны.

— Во дзе красуні! — усклікнуў ён, разглядаючы дзяўчынак, што гарнуліся адна да адной, бы птушаняты. Яны разам завішчалі.

Салдат са слядамі сонечнага рака на твары прысвіснуў і ў два крокі апынуўся ля другога замаскіраванага цыноўкамі цюка. Там аказаліся яшчэ меншыя дзяўчынкі. Калі іх вызвалілі, яны ад страху не маглі ні крычаць, ні скрануцца з месца.

— Зірніце, як іх трасе, — прамовіў салдат. — Ціп-ціп-ціп! Ну, чаго спалохаліся, малеча? Наце шакаладу.

— Вады ім трэба даць, а то яшчэ каторая памрэ ад страху, — сказаў брэтонец. — Гэй, сябар, задзіг, чуеш? — звярнуўся ён да бедуіна, які нёс ахову. — Прынясі ім вады.

Ахоўнік нават не паварушыўся, быццам нічога не чуў.

— Прывядзі сюды гэтага караванбашы, — загадаў брэтонцу лейтэнант. — Праход у пячору зрабіце шырэй, нічога не бачна.

— Ну і калекцыя, — заўважыў салдат са слядамі сонечнага рака на твары. — Каля двух дзесяткаў.

— Гэта яшчэ мала. — Лейтэнант узяў ліхтарык і сам агледзеў усе патаемныя вуглы пячоры. — Паглядзеў бы ты, якія ўловы трапляюцца на падыходзе да Чырвонага мора.

— Там іх і перапрадаюць? — пацікавіўся салдат.

— Ды не, кажуць, на Аравійскім паўвостраве, ля Эр-Рыяда ці ў Джыддзе. А адтуль развозяць каторага куды.

— Добры, відаць, заробак, калі рызыкуюць гэтым займацца.

— Рызыка не большая, чым у звычайных кантрабандыстаў,— адказаў лейтэнант. — Патрульных атрадаў вельмі мала на такую прастору. Так што змагацца з гэтым перажыткам мінуўшчыны давядзецца доўга.

— Камандзір, — у пячору зазірнуў брэтонец, — караванбашы адмовіўся ісці. Што рабіць?

Лейтэнант моўчкі выбраўся з пячоры і расшпіліў кабуру з пісталетам. Вецер узмацніўся, і пясок сек па вачах.

— Адкуль у вас гэтыя дзеці? — спытаў лейтэнант у караванбашы на арабскай мове.

— Яны нашы, — прабурчаў караванбашы, пазіраючы міма лейтэнанта.

Брэтонец пераклаў астатнім салдатам словы старшага караваншчыка. Усе засмяяліся.

— Чаму ж вы тады іх так схавалі?

— Хутка пачнецца бура, — адказаў караванбашы па-ранейшаму раўнадушна. — Можа, самум. Толькі дурны не хаваецца, калі чуе блізкі подых шайтана пустыні. Вы таксама спяшайцеся дадому.