Выбрать главу

— Схавалі ад буры? — хмыкнуў лейтэнант. — А для чаго на некаторых дзецях ланцугі?

Караванбашы зірнуў на лейтэнанта, як на неразумнага падлетка.

— Цяпер многія дзеці не любяць працаваць, — растлумачыў ён і амаль на самыя вочы нацягнуў башлык. — Таму ўцякаюць на стаянках каравана ў пустыню. Яшчэ не разумеюць, што ў пясках іх чакае пагібель. Пустыня не шкадуе малых дурніц. Таму мы, калі заўважаем, што нехта з дзяцей збіраецца ўцячы, каб толькі не працаваць, ужываем ланцугі!

Гэта было вельмі працяглае для жыхара Сахары тлумачэнне, і караванбашы, скончыўшы апошнюю фразу, стаў пазіраць на лейтэнанта яшчэ больш паблажліва.

— Добра! — раззлаваўся ад гэтага позірку лейтэнант. — Паедзеш з намі на базу для праверкі.

Караванбашы нешта крыкнуў — і бедуіны, што знаходзіліся побач, усхапіліся, клацаючы затворамі карабінаў і ружжаў.

Але салдаты каля аўтафургончыка ўжо трымалі напагатове аўтаматы. Караванбашы зыркнуў на іх, нешта коратка сказаў сваім і паволі рушыў да машыны. Бедуіны раўнадушна, быццам нічога не здарылася, заняліся кожны сваёй ранейшай справай.

— Вазьмі палатку, чатыры чалавекі, зброю, тэрмас, — загадаў лейтэнант брэтонцу. — Чакайце мяне тут і будзьце напагатове.

— Ды не ўпершыню ж, — прабурчаў брэтонец, казыраючы.

Калі машына схавалася ў клубах пылу, салдаты перанеслі сваю амуніцыю да пячоры. Ніхто на іх не звяртаў ніякай увагі.

— Прыціхла — малышня, як птушаняты перад бурай, — заўважыў салдат-сенегалец.

— Дык яна хутка і наляціць, — упэўнена адказаў брэтонец і ссунуў кабуру з пісталетам на жывот. — Слухай, — звярнуўся да яго малады салдат, увесь рабы ад вяснушак, — няўжо сапраўды гэтым хлопчыкам зробяць потым аперацыі, каб яны сталі паслухмянымі?

Астатнія салдаты зарагаталі.

— Маліся алаху, — сказаў брэтонец, — каб не трапіць у палон да якога шэйха.

— Не можа быць, каб у наш час ды такія брыдкія аперацыі рабілі,— запярэчыў малады салдат.

— А ты, Марыс, пацікаўся данымі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, калі не верыш, — параіў брэтонец. — Нам жа недарма плацяць грошы за пошукі такіх караванаў.

— Гэты, са шрамам на фізіяноміі,— кіўнуў малады салдат у бок Селіма, — разумее французскую мову. Я заўважыў — прыслухоўваецца да нашай гаворкі. Гэй, хлопчык, ты адкуль? Як тваё імя?

Селім нават вокам не павёў. Сядзеў, прыціснуўшыся спінай да каменя. Ён думаў пра белага вярблюда, да якога яму мінулым разам не даў падкрасціся сабака. Цяпер, у мітусні з-за патруля, бедуіны так і не прывязалі сабаку сцерагчы «вярблюда шчасця».

— Йяука таскум? — звярнуўся раптам да яго брэтонец.

— Што ты такое яму гаворыш? — пацікавіўся рабы салдат.

— Пытаюся, адкуль ён.

— Дык малы, хутчэй за ўсё, не разумее.

— Разумее. Я ж бачу, што ён з арабаў. Муслім? — тыцнуў у Селіма пракураным пальцам сяржант.

Селім схіліўся і пачаў абмацваць ногі, якія шчымелі ад дзіцячай мачы. Некаторыя хлопчыкі не маглі дачакацца чарговага прывалу, каб апаражніцца. А можа, іх ніхто не вучыў, як трэба захоўваць чысціню ў торбах? Селім ад такога суседства вельмі пакутаваў.

Але цяпер ён нават не меў права наводзіць парадак, бо стаў ніжэй за іх.

— Зірніце, колькі смерчаў круціцца! — з нейкім жахам крыкнуў салдат-сенегалец, паказваючы ў напрамку калодзежа. — Вунь той, відаць, мог бы падняць нават вярблюда.

— Справа дрэнь, — прамовіў брэтонец. — Цяпер нам тут сутак двое тырчаць. Ох, і ночка будзе! Наглытаемся пяску. Давайце застанемся ў пячоры, а то яшчэ і палатку смерчам завалачэ ў самае пекла. Марыс, цягні амуніцыю!

— А дзеці бач зусім сцішыліся, — заўважыў салдат-сенегалец. — Як ты мяркуеш, сяржант, за дзяцей будуць судзіць аднаго старшага караваншчыка ці ўсю кампанію?

— Могуць наогул нічога не дабіцца. — Сяржант шпурнуў акурак, і яго падхапіла віхурай. — Усе будуць маўчаць. Канечне, установяць, што дзеці — не родзічы караваншчыкам. Але ж малыя будуць маўчаць таксама. Іх настрашылі. Пакуль будзе цягнуцца следства, тых, хто развяжа язык, могуць ці атруціць, ці прыдушыць.

«О жоўтая пустыня! — у думках маліўся Селім. — Выратуй мяне».

Над Сахарай быццам круцілася тысяча пясчаных бурнусаў.

— Гоніць на паўночны захад, — пачуў Селім голас сяржанта, які з цікавасцю назіраў за смерчамі, падобнымі ўжо на вялізных гадзюк, якія круціліся, стаўшы на хвасты.

— Куды гэта? — далучыўся да яго салдат са слядамі сонечнага рака на твары.

— Да алжырскай граніцы, а дакладней — на Ін-Іззан, я ведаю тыя мясціны, — данеслася да Селіма.

Караваншчыкі са зброяй у руках сноўдалі між палатак. Іх твары да самых вачэй былі захутаны капюшонамі. Ратуючыся ад пяску, нацягнуў капюшон і караваншчык, што ахоўваў дзяцей. Але ён амаль і не сачыў цяпер, хто выходзіць з пячоры. Як і астатнія, быў разгублены і занепакоены тым, што патруль забраў старшага.

Калі салдаты пачалі заносіць свае рэчы ў пячору і караваншчыку міжволі давялося саступіць убок, Селім яшчаркай выслізнуў вон і юркнуў за камяні. Непадалёк стаялі на каленях вярблюды. Яны ўткнулі храпы ў шчэбень і глуха раўлі. Бедуіны мітусіліся каля палаткі, якую ветрам сарвала з прывязі. Здавалася, яшчэ крыху — і віхура памчыць палатку разам з людзьмі ў брудна-шэрую каламуць пустыні. Дзе ж белы вярблюд? Селім прыкмеціў каля цюка кароткае кап'ё і, схапіўшы яго, папоўз да вярблюдаў. Усе яны, напаўзамеценыя пяском, сталі падобныя адзін на аднаго. Ага, вось ён! На «вярблюдзе шчасця» так і засталіся бурдзюкі для вады.

— Ну, уставай! Ну! — Селім тоўк белага вярблюда пяткамі ў калматыя бакі. Але жывёліна толькі раўла, злосна ўскідваючы галаву.

Зусім блізка, за каменем, мільгнула постаць хлопчыка-йарубы. Селім устрывожыўся — яшчэ прылепіцца. Яму не патрэбен ніхто. Селім пагрозліва патрос кап'ём. Потым ударыў ім вярблюда. Той зароў мацней, завылі-зараўлі і астатнія жывёліны. Можа, яшчэ хто з малых трывожыў іх? Селім спалохаўся. Што было сілы ён біў і біў белага вярблюда. Той прыўзняў пляскаты зад, а потым так гахнуўся на пясок, што Селім ледзь утрымаўся паміж гарбоў. Вось-вось маглі з'явіцца караваншчыкі, і Селім парнуў вярблюда кап'ём не шкадуючы. Раптам той раз'юшана ўскочыў і з ровам закруціўся на месцы. Селім выпусціў кап'ё і ўчапіўся ў мяккі горб. З адчаем замалаціў пяткамі па баках. Белы рушыў наперад. Шалёны вецер падганяў яго, і вярблюд памчаў па схіле прэч ад стаянкі, у самае пекла ўскаламучанай пустыні. Селіму падалося, што ён пачуў крык перасцярогі. Потым бабахнуў стрэл. Сціснуўшы зубы, Селім лупіў і лупіў вярблюду пяткамі ў бакі, хоць цяпер яго і так несла віхурай, каб і хацеў, не змог бы спыніцца.

25. СПАДЗЯВАЦЦА І ПРАЦАВАЦЬ

«Нарэшце пясчаная бура прымусіла мяне выканаць сяброўскі абавязак, напісаць вам абяцанае пісьмо з пустыні». Добыш напісаў гэтыя радкі доктару Кійку і прыслухаўся да посвісту ветру за акенцам. Было падобна на зімовую завіруху на радзіме. Таму ён напісаў: «Сяджу каля кандыцыянера, а ўспамінаю нашу зіму, калі, бывала, прыбяжыш з вуліцы і, адубелы ад сцюжы, хутчэй працягваеш рукі да грубкі. Зараз у нас усе цягнуцца да кандыцыянера, як у маразы да печы. Галава ад гарачыні як чыгунная. Нездарма мае вучні — два ўвішных хлапчукі, пра якіх вы ведаеце, — сёння з цяжкасцю рашалі арыфметычныя задачкі, хаця звычайна спасцігаюць матэрыял проста выдатна. Хачу прыахвоціць да заняткаў і аднаго маладога тутэйшага жыхара — Амаму…»

— Пішаш? — у вагончык зазірнуў бурыльны майстар Юсуф-задэ. — А дзе твой напарнік, Вахрашчын?

— Павінен быць каля электрастанцыі.

— Там толькі яго стажор, Амама. — Юсуф-задэ расшпіліў апранутую на голае цела рабочую куртку і амаль удотык прысунуўся да кандыцыянера. Твар яго быў змарнелы.

— Што ў цябе там здарылася, Эльмар? — спытаў Добыш.

— А, — хмыкнуў той, — тэхніка ваша падвяла. Ганялі-ганялі рухавік, каб завесці.— Бурыльшчык працёр пачырванелыя вочы. — Яшчэ крыху — і пасадзім акумулятар. Дзе Вахрашчын?

— А як свідравіна? — устрывожыўся Добыш.