Выбрать главу

Там, у крэсле, Савілін і заснуў. Не чуў, як празвінеў будзільнік пад падушкай у Юрыя Сяргеевіча, як той ціха падняўся і ўзяў чамадан. Каля крэсла ў пярэдняй заўважыў разгорнуты блакнот, падняў. «Да сустрэчы, братка Радзім, — напісаў збоку на апошняй старонцы. — І, магчыма, тады я змагу пазнаёміць цябе з вельмі цікавым хлопцам. Калі сам яго ўбачу. Твой Ю. С». І міжволі прачытаў тое, што было запісана тут паспешлівым почыркам Савіліна. Між іншым, і радкі, як можна было зразумець, эпіграфа, узятага з чароўнай арабскай казкі. Вось так там было напісана:

Ведайце, о людзі, што захацелася маёй душы паглядзець на чужыя краіны, і паездзіць па моры, і завесці сяброўства з купцамі, і паслухаць іх расказы; і я адважыўся на гэту справу…

Частка першая

ЗНАЁМСТВЫ І СПАДЗЯВАННІ

Ведайце, о людзі, што захацелася маёй душы паглядзець на чужыя краіны, і паездзіць па моры, і завесці сяброўства з купцамі, і паслухаць іх расказы; і я адважыўся на гэту справу…

«Тысяча і адна ноч». Казка пра Сіндбада-Марахода

1. ТРОХІ ДЗІЎНЫ ЭСТОНЕЦ ДОКТАР КІЙК

А кватэра доктара Кійка крыху расчаравала Добыша. Не тое каб ён спадзяваўся там убачыць нешта асаблівае. Ну, не калекцыю, вядома, сініх ятаганаў з тых часоў, калі на Міжземным моры панавалі лютыя атаманы пірацкіх флатылій Баба Аррудж і Хайр-эд-Дзін. Такое хіба сустрэнеш цяпер у музеях або ў якога міліярдэра. Яны нават скупляюць крадзеныя музейныя рэчы ў іншых краінах. Многа такіх у Злучаных Штатах Амерыкі, ёсць у Англіі. У Заходняй Германіі, ведаў Добыш з газет, гэтым займаецца нейкі барон Тысен, а ў Францыі чалавек з трохі дзіўным прозвішчам Прарок. Скупляюць, наймаючы для гэтага гангстэраў, перапрадаюць. І таксама з дапамогай бандытаў і прайдзісветаў. Ёсць і проста калекцыянеры. Яны набываюць старажытныя рэчы, якія не маюць асаблівай музейнай каштоўнасці, але ўсё ж цікавыя сваёй прыналежнасцю да мінулага, да гісторыі краіны ці мясцовасці. Купляюць у антыкварных лаўках, на аўкцыёнах, у такіх жа, як самі, аматараў. Іншых (да гэтай катэгорыі Добыш адносіў і сябе) цікавяць проста вырабы народных умельцаў. Бо ў тым, што і як яны робяць, таксама можна прасачыць шматвекавую гісторыю краіны, яе культуры, характару. Арабскія майстры меднай чаканкі, напрыклад, робяць і зараз свае збанкі і чайнічкі гэткімі, як чароўная лямпа Аладзіна са старажытнай арабскай казкі. А некаторыя майстры ткуць дываны не толькі з такім жа ўмельствам, як і продкі, але яшчэ захоўваюць і перадаюць па спадчыне таямніцу ўзору. Гэты ўзор знаўцы чытаюць нібы «Дам'яці» — кнігу старажытнай усходняй магіі.

У невялікай жа кватэрцы Кійкаў усё аказалася сярэднееўрапейскім, стандартным і таму нагадвала нумар гасцініцы — часовае чалавечае жытло. Адзінае, на чым затрымаўся позірк Добыша, — куфэрак. З моранага дубу, абабіты меднымі бляхамі з чаканкай. Вось гэткая рэч магла аказацца і матроскім рундуком з якой-небудзь старадаўняй фелюгі, накшталт той, на якой насіла па неспакойных морах няўрымсту Сіндбада.

— Та праходзьце ж у горніцу, просымо, — прамовіла гаспадыня, Вера Астапаўна, з той своеасаблівай пявучасцю ў голасе, па якой адразу пазнаеш украінку. Яна весела і адкрыта разглядала госця, па чым Добыш мог зразумець, што пра яго тут неаднойчы гаварылі.— Вельмі рады, што завіталі да нас нарэшце.

— Праходзьце, зямляк, — паўтарыў следам за жонкай запрашэнне і доктар Кійк. Узяўшы за локаць, ён скіраваў госця ў другі пакойчык, дзе ціха гуў вентылятар, пакалыхваючы белую фіранку на акне.

— Я ж з усходняй часткі Беларусі, з Магілёўшчыны, — сказаў Добыш, — так што ад Эстоніі, на жаль, далекавата.

Сказаў і тут жа схамянуўся, што мог вось так, незнарок, пакрыўдзіць добрых людзей. Атрымліваецца, быццам ён адмаўляецца ад зямляцтва. І гэта тут, дзе кожнага чалавека з Саюза, няхай сабе той нават з Далёкага Усходу, адразу прызнаеш самым блізкім, добрым суседам і сваяком.

— Ад Эстоніі далекавата, затое да Украіны блізка, — са смехам адгукнулася Вера Астапаўна. — Так што, як сабе хочаце, а ўсё роўна зямляк, з тым і просім да стала.

Добыш з палёгкай адгукнуўся на смех гаспадыні. Гэта цемнавалосая, імклівая, невысокага росту маладая жанчына, падумалася яму мімалётна, вельмі неяк да пары свайму высокаму і хударляваму мужу.

— Ну, дык дзяліцеся навінамі,— папрасіла гаспадыня, спрытна расстаўляючы на нізкаватым століку, падобным на алжырскую мейду, невялікія кубачкі для кавы і высокія шклянкі для халоднай вады, якой тут некаторыя любяць запіваць моцную каву.

— Ды я сам па гэта прыехаў у горад, — адгукнуўся Добыш. — Вы тут газеты з Саюза рэгулярна атрымліваеце, не тое што мы, горцы.

— Газеты — гэта мы маем. — Гаспадыня раскладвала па талерачках духмяныя арабскія прысмакі.— Але ж з Саюза вы нядаўна, а нам усё адтуль цікава. Божухна, як даўно мы не былі дома!

— Не, віна не трэба, — рашуча наставіў далонь паміж крышталёвай чарачкай і сабою Добыш.

— Гэта вішнёўка, вітаміны, — успляснула далонямі гаспадыня, — там, можа, градусы са два ці будзе.

— Усё роўна, — Добыш усміхнуўся, — мацней за крынічную ваду.

— Вось што ўспомнілі! — засмяялася гаспадыня. — Калі я таксама іншы раз успамінаю пра крынічную ваду, Антс жартуе, што гэта атавізм. Сучасны чалавек даўно павінен прывыкнуць да таго, што самая лепшая вада знаходзіцца ў халадзільніку, а не ў крыніцы, дзе пахне глінай.

— А трэба, каб абавязкова хлёркай? З халадзільніка я жадаў бы хлебнага квасу. — Добыш зрабіў глыток кавы і па ўсходняму звычаю запіў яе вадой. — Квасу, здаецца, цэлы збан выпіў бы.

— Не шкадуеце, што трапілі ў гэткую спёку? — спытаў доктар Кійк, таксама запіўшы глыток кавы вадою. — Думаю, родныя мясціны не раз успаміналі.

— Успамінаў,— уздыхнуў Добыш. — Але шкадаваць? Нас там ведаеце колькі? З Савецкага Саюза студэнты, потым балгары, хлопцы з ГДР, югаславы. Словам, інтэрнацыянал. Разумееце, з розных краін — і сюды. Як вы лічыце, што за прычына?

— А зараз пакаштуйце вось гэта, — урачыста прамовіла гаспадыня, ставячы перад госцем талерку з нейкай духмянай смажанінай, абкладзенай скрылямі печанай бульбы, зелянінай і салодкім перцам. — Марскі змей з бульбай па-ўсходняму!

— Ого! — Добыш пасмакаваў.— Мяса падобнае на курынае, але ж нагадвае і рыбу… Што ўсё-ткі за звер?

— Я ж кажу, марскі змей, — весела засмяялася гаспадыня. — Спачатку і не ведала, што з ім рабіць, ды суседкі дапамаглі, алжыркі. Яны добра ўмеюць гатаваць.

— Сябруеце з рыбакамі? — Добышу страва прыйшлася даспадобы.

— Стары адзін прынёс, — доктар Кійк з задавальненнем пазіраў, як ахвотна распраўляецца са змеем госць, — аперацыю я яму рабіў. Яго, ведаеце, бандыт ударыў нажом. Вось сюды і сюды. Была пашкоджана калясардэчная сумка. Вельмі моцны аказаўся арганізм… Аперацыя была даволі складанай… Час ад часу наведваю яго і цяпер, а сам у бальніцу не ідзе — характар, ведаеце. Стары Аіт-Хаммуш.

Доктар Кійк гаварыў стрымана, усміхаючыся аднымі вачамі, і відаць было, што стары марак яму нечым падабаўся.

— Спрута гэтага мы разам злавілі,— з гонарам дадаў ён. — Папаторкаліся, пакуль падзялілі, стары ўсю здабычу нам аддаў. Прывалок дадому, а ні я, ні Вера не ведаем, што з ім рабіць… Дык смачна, кажаце? Гэта Вера навучылася… А стары па паходжанню кабіл, горац. А вось стаў мараком. Таленавітыя яны людзі, кабілы. Карэннае насельніцтва Алжыра. Тут, у даліне, было больш за ўсё бербераў. Яны ў асноўным і змяшаліся за стагоддзі з прышлымі народамі, у тым ліку з арабамі, нават самі сталі называцца арабамі, прынялі іх веру, іслам. А кабілы здолелі застацца самі сабою… Прыгожыя людзі, вы самі ж, пэўна, заўважылі.

— Ага, — кіўнуў Добыш, крыху саромячыся ад прамога позірку доктара Кійка. — Вядома, я толькі магу меркаваць па тых, каго бачу ў паселішчы Уадыяс.

— Я яго называю Сіндбад-Мараход, — зноў вярнуўся Кійк да размовы пра старога Аіт-Хаммуша. — Ен столькі ўсяго пабачыў на сваім вяку! Але не вельмі паддаецца на роспыты. А шкада… Ад іншых рыбакоў чуў, што ён перасяліўся на востраў, калі нейкі мярзотнік забіў яго адзінага сына. Гэта было ў канцы вызваленчай вайны. Як яно ўсё было там, не расказвае. Магчыма, і яму саўганулі нажом не так сабе.