Выбрать главу

Потым увесь дзень у бурыльшчыкаў быў добры настрой, тым больш што вада рабілася менш салёнай і таму павялічыліся спадзяванні нават у скептыкаў на добрае завяршэнне справы. Трывога спакваля ўзнавілася толькі пад вечар. Мясцовыя рабочыя зноў заспяшаліся дадому, мінуючы лагер, хаця там Вахрашчын збіраўся паказваць кінафільм, расцягнуўшы на сцяне вагончыка белую прасціню замест экрана. Звычайна ў такія вечары збіралася процьма людзей, прыходзілі ці прыязджалі на конях жыхары не толькі бліжняга, але і аддаленых аазісаў. Аднак на гэты раз гледачоў аказалася не больш дзесятка. Нанач Карнееў на ўсякі выпадак назначыў дзяжурства, каб людзі маглі спакойна адпачываць. Але ноч зноў прайшла спакойна. Нават азхара перастала крычаць. Можа, таму, што Вахрашчын з Аклілем не паленаваліся схадзіць у пакінуты аазіс і прагнаць з пальмаў усіх, хто там з птушынага племя збіраўся ўладкавацца на начлег.

Наступная ноч таксама прайшла спакойна. А потым няшчасце ўсё ж здарылася.

Недзе пад самую раніцу, калі сон бывае асабліва салодкім, Акліль пачуў за акенцам тупат ног і сцішаныя галасы. Паўтаралася імя Амамы. Акліль раскатурхаў Хуары:

— Чуеш? Там нешта здарылася з Амамам. Ды прачніся! Пабяжым, га?

Хуары незадаволена забурчаў:

— Соваеш нос, куды цябе не просяць… Усё! Як толькі атрымаем грошы, я адсюль паеду. Селім кажа, ён колькі хочаш запалаў здабудзе. А ты можаш сабе хоць на ўсё жыццё тут заставацца.

— Ага, — пакрыўдзіўся і раззлаваўся Акліль, — ужо гэтаму Павуку наш сакрэт выдаў! Ну, добра, паглядзім, хто хутчэй…

Акліль не дагаварыў, бо зноў паспешліва нехта пратупаў каля акна. Хлопчык выскачыў з вагончыка. Далейшыя падзеі гэтай раніцы зусім адсунулі ўбок яго спрэчку з Хуары.

Першае, што ён убачыў у дрыготкім паўзмроку, — мітусню каля палаткі, дзе знаходзілася электрастанцыя. Затым толькі ён звярнуў увагу, што колькі ўжо часу не чуе гуду яе рухавіка. Там нешта здарылася з Амамам! Акліль, спатыкаючыся ў сыпучым пяску, памчаў да электрастанцыі.

…Амама ляжаў на брызенце, а каля яго завіхаўся Вахрашчын. «Што гэта? — з жахам падумаў Акліль. — Амаму нехта забіў… Але чаму я не чуў стрэлу? Няўжо ён проста памёр, таму што крычала тая плюгавая птушка?»

Хутка ён, аднак, даведаўся, што Амаму ўдарыла токам, калі той датыкнуўся да корпуса электрастанцыі. Першым яго ўбачыў Вахрашчын, які па нейкай прычыне позна вяртаўся з аазіса. Цяпер механік рабіў Амаме штучнае дыханне — з дапамогай Юсуф-задэ разводзіў яго рукі, а затым рэзка прыціснуў іх да грудзей.

— Патрымайце зноў каля яго носа нашатыр! — камандаваў ён. — Сардэчнае, каб зрабіць укол, прынеслі?

— Ды позна ўжо, мёртвы ён, — ахрыплым голасам прамовіў Сідкі, які таптаўся побач.

Акліль блізка ад сябе ўбачыў ягоныя прыжмураныя, як у шакала, бязлітасныя вочы. І так яму стала шкада Амаму, які загінуў таму, што хацеў здабыць сабе ваду! Не помнячы сябе, хлопчык раптам учапіўся ў Сідкі.

— Трымайце яго! — закрычаў Акліль. — Гэта ён, ён забіў Амаму!

Бы жалезнымі абцугамі, сціснуў матарыст рукі хлопчыка. Аклілю здалося, што нават хруснулі косці. Ад моцнага штуршка ён грымнуўся вобзем.

— Нельга так малога, — Добыш падняў Акліля, прыгарнуў да сябе.

— Звар'яцеў шчанюк ад страху, — з кароткім смяшком прамовіў Сідкі. — Няма каму вушы надраць.

— Ды ты што гэта, Акліль? — папракнуў Вахрашчын. — Ты бачыў? Не. Амаму токам ударыла, разумееш? Зазямленне аказалася адключаным. Дык гэтак жа Сідкі і на цябе можа сказаць, што ты цішком зазямленне зняў.

— Я?! — закрычаў Акліль, вырываючыся з рук Добыша. — Гэта ён, ён!.. — Хлопчык аж захліпнуўся ад пякучай нянавісці да Сідкі.

— Дыхае… — сказаў у гэты час Вахрашчын, расціраючы Амаме грудзі.— Ну, давай, давай, старайся, хлопча. Я табе яшчэ масаж… Так вось… Нюхні нашатыру… Ага, не падабаецца! Во-о, і мяне пазнае ўжо! Зараз і запытаем, як было з тым зазямленнем.

Амама са здзіўленнем пазіраў наўкола. Потым раптам прыўзняўся, нечым занепакоены.

— Гэта ж ён заўважыў, што электрастанцыя не працуе, — растлумачыў Вахрашчын радасна. — Думае, праспаў! Ляжы, ляжы…

— Сэрца ў яго — дай алах кожнаму, — прамовіў Юсуф-задэ. — Такі ўдар вытрымаць…

— Мсье Вахрашчыну няхай дзякуе, — падаў голас Сідкі.— Ён выратаваў, заўважыў.

— Амама, да станцыі хто-небудзь падыходзіў, калі ты дзяжурыў? — пытаў Вахрашчын.

— Не лезь да чалавека, няхай адляжыцца, — перапыніў яго Юсуф-задэ. — Табе трэба вымову ўляпіць, што тэхніку бяспекі не навучыў захоўваць як след.

— А сляды капытоў бачыў? — павярнуў да яго змарнелы твар Вахрашчын. — Не, хлопец, тут не няшчасны выпадак…

— Гэта ён зрабіў! — зноў закрычаў Акліль, паказваючы на Сідкі.

— Закрыйце рот гэтаму шчаняці! — ашчэрыўся той. — Чуць яго не магу. Пайду ад граху…

— Хто сюды прыязджаў на кані, Амама? — паўтараў сваё на ламанай французскай мове Вахрашчын. Потым схамянуўся: — Можа, ён мяне не разумее ў такім становішчы? Эльмар, перакладзі яму па-арабску.

Юсуф-задэ паморшчыўся, але паўтарыў пытанне Вахрашчына. У Амамы ў вачах мільгануў сполах.

— Азхара, — прамовіў ён ціха.

— Хто-хто? — нахіліўся да яго Вахрашчын.

— Ды птушку тую так завуць — азхара, — сказаў Юсуф-задэ і зноў на арабскай мове звярнуўся да Амамы: — Хто цябе гэтак, брат?

Амама паківаў галавой. Гэта магло азначаць толькі адно: ён не ведаў, як тое здарылася.

Яшчэ не развіднела, а з аазіса ў лагер з'явілася шмат людзей. Быў сярод іх і бацька Амамы. Нехта паспеў яму сказаць пра здарэнне з сынам. Затым прыехаў на машыне сівабароды раіс. З ім было яшчэ некалькі паважаных сейідаў, а таксама настаўнік — аднарукі малады хлопец у паношанай ваеннай вопратцы. Гэта быў адзін з актывістаў партыі Фронт нацыянальнага вызвалення. Ён адзіны прывітаўся.

Не звяртаючы ні на каго ўвагі, стары хамес увайшоў у вагончык, куды перанеслі Амаму, і загадаў таму ісці дадому.

— Няхай бы яшчэ паляжаў ваш сын, сейід, — звярнуўся да хамеса Добыш. — Тут кандыцыянер, гэта Амаме добра. А к вечару мы самі прывязём яго да вас.

Хамес з пахмурным выглядам выслухаў Добыша і моўчкі павярнуўся да сына, які не вельмі спяшаўся выканаць загад бацькі. Нарэшце ён выйшаў, але накіраваўся не ў бок аазіса, а да электрастанцыі. Там знаходзіўся сівабароды сейід са сваімі прыхільнікамі.

— Растлумачце сваім людзям, што хадзіць каля электрастанцыі нельга, — звярнуўся Добыш да настаўніка. — Мы хочам, каб месца здарэння неадкладна агледзела паліцыя.

Выслухаўшы настаўніка, сівабароды раіс плюнуў у бок электрастанцыі і пагрозліва прамовіў:

— Гэтыя машыны наклікалі на нас бяду. Мы папярэджвалі, што ірум'енам трэба адсюль перабірацца ў іншае месца. Азхара зноў крычала гэтай ноччу. Бяда прыйшла да нас, людзі.

Жыхары аазіса захваляваліся. Нехта з падлеткаў шпурнуў камень у капот рухавіка, другі некалькі разоў дзеўбануў нажом у пярэдні скат.

— Не чапайце машыны! — слабым, але рашучым голасам сказаў Амама.

Амаму абступіла некалькі жанчын, стараючыся адцягнуць ад электрастанцыі. Было падобна на тое, што вось-вось жыхары аазіса пачнуць ламаць абсталяванне. Але тут прагучаў цвёрды голас настаўніка:

— Браты мае, наша ўлада прыслала сюды і гэтыя машыны, і гэтых іншаземцаў, якія ўмеюць імі кіраваць. Нашы людзі таксама тут вучацца валодаць тэхнікай. Але ж ці вы не ведаеце, суседзі,— нават добрага ездака наравісты конь можа скінуць на камяні. Але ўсё роўна бедуіны не любяць хадзіць пешкі.

— Бедуіны толькі да захаду сонца дазвалялі іншаземцам знаходзіцца ў сваіх паселішчах! — закрычаў пагрозліва сівабароды раіс. — І самі не ішлі ні да каго. Амама аслухаўся закону племя і наклікаў бяду не толькі на сябе.

— Але ж ёсць яшчэ і агульны закон нашай краіны, — цвёрда стаяў на сваім настаўнік. — Мы ўсе галасавалі за яго. Так, людзі?

Сівабароды раіс убачыў, што словы настаўніка аказаліся для жыхароў аазіса больш пераканальнымі. Таму ён зноў загаварыў пра ваду.

— Машыны чужынцаў дастаюць з-пад зямлі мёртвую ваду. — Вочы сівабародага пранізвалі настаўніка наскрозь, у іх была цяжкая нянавісць. — Хутка яна залье нашы палі, і тады давядзецца пакінуць гэтыя мясціны.