Выбрать главу
Я - паўтарацца не аматар, Але і змоўчаць не магу: Фальсіфікатар-плагіятар Рашыў падставіць мне нагу.
Заўчора стала мне вядома, Што нейкі пэцкаль-абармот (Янкоўскі скажа: «Пустадомак!») Пусціў свае падробкі ў ход.
Нікчэмнай зайздрасцю натхнёны, Пад стыль падладзіўшыся мой, Ён бэсціць добрыя імёны Бездапаможнаю хлуснёй.
Катэгарычна пратэстую! Пакуль жыву на свеце сам - Я праўду чыстую, святую На глум паскудніку не дам!
Няўжо ён думае, зламыснік, Што ў зман грамадскасць увядзе? Ды трыста раз ён дробна дрысне, А гэткай рэчы не складзе!..
Го, колькі ёсць іх, тарбахватаў, Таўстых кішкой, пустых душой, - Уласнай славы малавата, Дык смоллю ліпнуць да чужой.
Ад гэткіх праўды не чакайце! Таму я вам і гавару: Чытайце, з розумам чытайце Мой «Сказ пра Лысую гару»!
1973
3. Другое і апошняе папярэджанне падробшчыкам
Літаратуру і мастацтва, Што ўзносяць сэрцы да вышынь, Тысячаногі спрут мяшчанства У петлях хоча задушыць.
А я ў камуны сімвал веру, Якому век не змізарнець, І тому спруту-ненажэру Я аб'явіў вайну на смерць.
Вайна на смерць!.. А нейкі пэцкаль Пустыя смешыкі свае З дзяшовай прымессю эстэцкай За сказ мой гнеўны выдае.
Таму хачу я папярэдзіць Апошні раз: канчай, махляр, Мазгі падробкамі вярэдзіць - Набудзь у працы ўласны твар!
А ўсім даследчыкам я раю: Сядзіце, гніды падшчамя, І дайце дзякуй, што хаваю Сваё сапраўднае імя.
Бо як на грудзі перад вамі Павешу ўвесь іканастас Ды калі бразну медалямі - Дык і кандрашка хопіць вас!..
А чытачам замест «бывайце», Як і раней, я гавару: - Чытайце, з розумам чытайце Мой «Сказ пра Лысую гару»!
1975