Выбрать главу

— Мы схапілі браканьера на месцы злачынства, — зларадна ўхмыльнуўся галоўны ляснік. — Шэрыф ужо не раз дакараў мяне, што ў каралеўскім лесе знішчаюць аленяў, а мы не прыводзім да яго нікога на суд, каб ён мог пакараць злодзея. Затое сёння ён парадуецца!

У Робіна пахаладзела ў грудзях, калі ён пачуў гэтыя словы. Яму знарок падстроілі пастку і цяпер намерваюцца выдаць яго за звычайнага браканьера, каб выслужыцца перад шэрыфам, паказаць, якія яны руплівыя і пільныя даглядчыкі лесу.

Леснікі сустрэлі рашэнне галоўнага лесніка воклічамі адабрэння.

— Правільна! — крыкнуў адзін з іх. — I зробім так, як заслугоўвае гэты шэльма!

— А што ты прапануеш, Губерт? — спытаў галоўны ляснік.

— Давайце захутаем яго ў шкуру аленя і гэтак павязём да шэрыфа.

— Цудоўна! — адобрыў Губерта начальнік. — Злупіце шкуру з аленя і захутайце ў яе нягодніка!

Замільгалі нажы леснікоў, абдзіраючы аленя, і неўзабаве Робін Гуда абгарнулі яшчэ гарачай і слізкай ад тлушчу шкурай і абвязалі запаснымі цецівамі. Толькі галава юнака вытыркалася са шкуры, а тулава хавалася ў бясформенным скрутку пад мяккай плямістай поўсцю, якая толькі што ўкрывала велічнага важака аленяў. Гнеў і пагарда да подлых падманшчыкаў ахапілі Робін Гуда, але што ён мог зрабіць? Яго чакаў горкі лёс. Шэрыф-нарман не дасць і слова вымавіць. Робін Гуд патрэбны яму, каб застрашыць іншых. Перад вачамі юнака паўстала жахлівая карціна: рыначная плошча Нотынгема і ён — у руках ката, які гатовы выканаць суровы прысуд. Калісьці ён бачыў, як каралі аднаго няшчаснага чалавека за такое ж самае злачынства, якое цяпер прыпісвалі яму, і Робін Гуд зноў скалануўся ад жахлівай думкі, што яго чакае страшнае пакаранне. Сляпым, знявечаным жабраком будзе хадзіць ён ад вёскі да вёскі, вымольваючы ў людзей на пражытак, — ён, такі яшчэ малады і дужы. Гэтакі лёс і ўявіць сабе страшна.

Робін Гуд пачаў выкручвацца з агіднага скрутка, але дарэмна — яго добра звязалі.

— А на чым мы яго павязём? — спытаў адзін з даглядчыкаў каралеўскага лесу.

— Я толькі што падумаў пра гэта, Дзікан, — адказаў галоўны ляснік. — Памятаеш, па дарозе сюды нам трапіліся на вочы два ці тры саксонскія мужыкі? Недзе за паўмілі адсюль. Во, нават чуваць іхнія сякеры.

Усе сціхлі, і здалёку да іх данёсся стук сякер.

— Бяжы, Дзікан, — загадаў галоўны, — і прывядзі іх сюды разам з валакушай, на якой яны возяць з лесу дровы.

Дзікан пабег і неўзабаве прывёў дрывасекаў з валакушай.

Галоўны ляснік загадаў сялянам:

— Падыміце гэтага шэльму, кіньце на валакушу і цягніце ў горад.

Дрывасекаў было трое. Гэта былі беднякі, апранутыя ў грубыя курткі з валовай шкуры, на нагах чаравікі з накладнымі халявамі, валасы ўскудлачаныя. Двое з іх, старыя сяляне, паспешліва кінуліся выконваць загад. Яны баяліся жорсткіх леснікоў. Трэці, дужы, плячысты хлопец гадоў трыццаці, лена падаўся за імі. Утрох яны паднялі з зямлі Робін Гуда і кінулі на валакушу — дашчаны шчыт на ясеневых палазах. Потым яны ўзяліся за вяроўку, і валакуша заслізгала па невысокай мяккай траве.

Праз паўмілі пачаўся каляіністы, з калдобінамі прасёлак. Валакушу то падкідала ўгору, то шпурляла ў бакі разам з жывым грузам, загорнутым у аленевую шкуру. Робін не зляцеў з валакушы толькі таму, што з абодвух бакоў дашчанага шчыта былі драўляныя стойкі. Яго кідала ў бакі, як бервяно, ён стукаўся аб стойкі, а злосныя каралеўскія леснікі заходзіліся ад рогату — так смешна было ім глядзець на пакуты бездапаможнага палонніка. Шкура высыхала і сціскала яго, як абцугамі. Робін ледзь стрымліваў крык ад болю — сцяў зубы і маўчаў, бо ведаў: стогны толькі парадуюць яго мучыцеляў.

Раптам валакуша перастала падскокваць — спынілася. Галоўны ляснік падскочыў да маладога вяскоўца і аперазаў яго дугой лука па плячах.

— Во шэльма! — закрычаў галоўны ляснік. — Ты цягнеш напаўсілы! Можа, хочаш паказаць нам, ахоўнікам лесу, сваю ўпартую саксонскую натуру? — і на галаву і плечы селяніна пасыпаўся град удараў.

Рука маладога дрывасека пацягнулася да тронак кароткага і шырокага нажа, што быў засунуты ў яго за пояс. Але, пачуўшы трывожны вокліч аднаго са старых сялян, ён адвёў руку і павалок валакушу, як конь, якога агрэлі бізуном.

— Уіл, сынок! — сказаў стары зрывістым ад хвалявання голасам. — Цягні, цягні! He гняві пана галоўнага лесніка.

— Во, во, правільна кажаш, стары, — ухмыльнуўся гвалтаўнік. — Добрая парада. Уілу лепей не гнявіць мяне. Цягні, саксонскі сабака! — і зноў разоў шэсць агрэў лукам свавольніка.