Выбрать главу

Вочы маладога сакса бліснулі з-пад кудлаў, але, нахіліўшы галаву, нібы ідучы супраць ветру, ён пакорліва і старанна цягнуў валакушу.

— Шынок! Шынок! — праз нейкі час закрычаў Губерт. — Сябры, давайце зробім тут прывал. Прамочым горла пасля такой доўгай дарогі.

Астатнія згадзіліся з ім. Валакуша спынілася каля дзвярэй маленькай карчомкі, і леснікі загадалі гаспадару вынесці віна.

Калі яны стаялі, папіваючы, адзін з леснікоў раптам закрычаў:

— Гляньце! Сюды ідзе цэлы атрад нашых таварышаў, і зірніце, каго яны вядуць!

Між дрэў да сялібы набліжаліся яшчэ пяць леснікоў. Яны вялі з сабой двух чалавек са звязанымі рукамі.

— Цудоўна! Цудоўна! — усклікнуў галоўны ляснік, сам не свой ад радасці.— Яны схапілі двух бандытаў, што хаваліся ў лесе. Шэрыф аж заскача, як убачыць гэтых нягоднікаў і нашага малойчыка. Малайцы, хлопцы, як вы іх злавілі? — крыкнуў ён і паспяшаўся насустрач атраду леснікоў.

Яго людзі гурмой павалілі за ім. Яны не баяліся, што Робін Гуд уцячэ, і нават думкі не дапускалі, што саксонскія дрывасекі асмеляцца хоць крок зрабіць без іхняга дазволу.

I ўсё ж першы кінуўся ўцякаць той самы стары, што ўгаворваў маладога дрывасека пацярпець. Ледзь толькі леснікі адышліся, ён выпусціў з рук вяроўку і бясшумна пабег у сваіх мяккіх сандалях, як сабака, што ратуецца ад бізуна. Неўзабаве ён знік між дзвюх хат. Другі стары не бачыў, што яго таварыш уцёк, бо стаяў спінай да яго. Ён няўцямна ўтаропіўся валовымі вачыма на шумлівы натоўп леснікоў, якія аклікалі адзін аднаго, рагаталі, гучна перамаўляліся, частаваліся віном.

Малады дрывасек таксама памкнуўся бегчы, але зірнуў на валакушу і спыніўся. Робін маўчаў, каб не насцярожыць леснікоў, а позірк гаварыў больш за словы. Уіл укленчыў каля валакушы, выхапіў з-за пояса нож і хуткімі спрытнымі рухамі вострага ляза разрэзаў путы на Робін Гудзе.

Робін вылузаўся са скрутка, схапіў свой лук і калчан са стрэламі, што былі начэплены на стойкі валакушы, як рэчавыя доказы яго злачынства, якія леснікі хацелі паказаць нотынгемскаму шэрыфу, і прыпусціўся за Уілам.

— Хоб! Хоб! — ціхенька паклікаў Уіл на хаду. — Уцякай следам за намі!

Хобам звалі старога дрывасека, што стаяў, вылупіўшы вочы на тлумны натоўп леснікоў, якія радаваліся сустрэчы. Ён азірнуўся на голас Уіла і ажно разявіў рот ад здзіўлення, убачыўшы, што яго таварышы ўцякаюць.

Як на тую бяду, ціхі вокліч Уіла галоўны ляснік усё ж пачуў. Ён рэзка крутнуўся, убачыў пустую валакушу і зароў на ўсё горла:

— Гэтыя нягоднікі ўцякаюць! Яны вызвалілі арыштанта! За імі, хлопцы! Схапіць іх жывымі ці мёртвымі! — а сам нацягнуў цеціву да самага вуха.

Хоб няўклюдна бег за таварышамі, як раптам чамусьці вырашыў, што лепш уцякаць проста ў лес. Але страла з гусіным апярэннем дагнала яго і ўваткнулася між лапатак. Ён упаў ніцма на траву і знерухомеў, толькі гнуткая страла яшчэ некалькі імгненняў трымцела ў спіне мёртвага дрывасека.

Раздзел другі

Як Робін Гуд зрабіўся разбойнікам (працяг)

Праз вузкі праход паміж хатамі Робін Гуд выбег у невялікі двор якраз у той момант, калі Уіл пералазіў цераз драўляны паркан. Старога дрывасека ўжо і след прастыў. Робін шпарка пранёсся ў дальні канец двара, паставіў нагу на папярэчыну ў плоце і пераскочыў на другі бок. За агароджай мясціна была адкрытая, і відаць было, як да блізкага лесу імчыцца стары дрывасек, а крыху ззаду бяжыць Уіл.

Робін з усіх ног кінуўся следам, каб разам з сялянамі схавацца ў лесе. Калі ён амаль дабег да ўзлеску, пачуў ззаду крыкі. Ён азірнуўся і над штыкецінамі ўбачыў некалькі галоў праследавацеляў. Робін весела крыкнуў ім нешта насмешліва-дзёрзкае, бо ведаў: у гушчары леснікі не знойдуць уцекачоў, выратаванне было ўжо блізка.

Юнак уляцеў пад шаты дрэў і крыху воддаль убачыў Уіла. Малады дрывасек чакаў яго.

— Сюды! Сюды! — крыкнуў яму Уіл, і Робін пабег да яго.

I тут ён убачыў старога селяніна, які трухаў па вузкай сцяжынцы, і Уіл з Робінам пабеглі за ім. Стары прывёў іх да балота і там пачаў пераскокваць з купіны на купіну, папярэджваючы, каб яны траплялі ў яго след, бо інакш з галавою праваляцца ў зыбучую твань. Неўзабаве яны зноў ступілі на цвёрдую зямлю. Стары спыніўся пад вялікім дубам і прысеў адпачыць на тоўсты корань, што вытыркаўся з зямлі.

— А дзе Хоб? — спытаў ён, ледзь пераводзячы дух.

— Яго забілі,— адказаў Уіл. — Галоўны ляснік усадзіў яму ў спіну стралу. Хоб крыху прамарудзіў.

— Во, во, Хоб заўсёды быў марудлівы, — прамовіў стары. — Ды і нас можа напаткаць такі самы лёс, калі мы апынёмся на адлегласці палёту яго меткай стралы. Ну, Уіл, я ўжо думаў, канцы табе будуць, калі ты ледзь не хапіўся за нож. Галоўны ляснік жорсткі, бязлітасны чалавек.