Выбрать главу

— Адпусціце людзей, а не, дык галавой паплаціцеся!

Ён пачакаў хвілінку і зноў пусціў стралу. Яна ўпілася ў плячо аднаго з канваіраў, што стаяў бліжэй да Робін Гуда. Апярэнне на яе кончыку яшчэ дрыжала, а новая страла прагула ў паветры і працяла другога канваіра. Леснікі зразумелі, што стаяць каля палонных небяспечна, і двое канваіраў другога палоннага, ахопленыя страхам, адскочылі ад яго ў бакі. Гэтым яны напалохалі леснікоў, што стаялі бліжэй да іх, і двое ці трое з іх пабеглі. Паднялася агульная паніка, і ўжо ўвесь атрад кінуўся наўцёкі: гэты дужы і спрытны стралок можа ўсіх іх перабіць, а для іхніх стрэл ён недасяжны.

— Уцякаюць! Яны ўцякаюць! — радасна закрычаў Уіл, выскачыўшы з-за куста, адкуль ён назіраў за падзеямі.— Далібог, Робін Гуд, ты валодаеш сваім лукам, як вялікі майстар. Пайду развяжу гэтых людзей.

Ён кінуўся да палонных і разрэзаў нажом вяроўкі. Неўзабаве Уіл ужо вяртаўся назад, следам беглі вызваленыя ім людзі. Яны былі самі не свае ад радасці і ўдзячнасці — мо сто разоў падзякавалі Робін Гуду і блаславілі яго, бо ведалі: у Нотынгеме іх чакала верная смерць.

— Проста дзіву даюся, чаму леснікі не забілі вас адразу, як схапілі,— сказаў ім Уіл. — Вы ж носіце воўчую галаву, а такім людзям няма літасці ні ад кога.

— Шэрыф загадаў ім схапіць і прывесці хоць каго-небудзь, — сказаў хлопец, шыракаплечы здаравяка невысокага росту са свежым тварам і вясёлым агеньчыкам у вачах. — I гэта сапраўды так, як і тое, што мяне завуць Мач і бацька мой млынар. Я рыхтаваўся ўжо ўбачыць рыначную плошчу Нотынгема з вышыні шыбеніцы. Ды на гэты раз усё абышлося добра. Дзякуй табе, найвялікшы стралок, што калі-небудзь таптаў лясныя сцежкі,— зноў выказаў ён сваё шанаванне Робін Гуду.

— А цяпер куды нам? — спытаў у яго другі чалавек. — Нам трэба схавацца, марудзіць нельга. Стражнікі як бачыш падымуць супраць нас усю акругу.

— Правільна! — сказаў Уіл Ст’ютлі.— Гайда, Робін Гуд, з імі. За свае сённяшнія подзвігі ты заплаціш жыццём, калі людзі шэрыфа схопяць цябе.

Робін Гуд згодна кіўнуў галавой. Малады дрывасек гаварыў праўду, і ўсе таропка падаліся ў глыб лесу. Каля Вялікага дуба іх чакаў стары Ст’ютлі. Калі яму расказалі пра ўсё, што адбылося, ён пакруціў галавой:

— У гэтых мясцінах нам заставацца нельга. Усім, хто супраціўляецца нарманскім тыранам, пагражае смяротная кара. Я пайду да дачкі. Схаваюся ў яе на тым баку лесу. А што ты, Уіл, надумаў?

— Я застануся ў лесе, — адказаў Уіл. — З гэтага дня Робін па-за законам, і я буду з ім.

Робін Гуд стаяў крыху збоку ад астатніх, абапіраючыся на свой доўгі лук. Па-за законам! Ад гэтых слоў балюча сціснулася сэрца. Але гэта так, гэта праўда, так будзе. Яго абвесцяць разбойнікам за тое, што ён вызваліў палонных, за супраціўленне стражнікам лесу.

Праз хвіліну ён зноў ажывіўся, павесялеў і абвёў вачамі лес у прыгожым зялёным убранні, паглядзеў на вялікія галіны, на якіх ігралі сонечныя блікі, калі яны пагойдваліся ад ветру, і на момант уявіў сабе сваё новае, вольнае жыццё пад адкрытым небам у вялікім, бяскрайнім лесе. «Тысячу разоў лепш быць па-за законам, чым трапіць у засценак нотынгемскага шэрыфа», — падумаў Робін Гуд, і яму зрабілася лягчэй на душы і захацелася хутчэй пачаць новае жыццё.

Двое выратаваных павялі яго і Уіла Ст’ютлі далей. За правадніка быў сын млынара Мач. Дзве гадзіны яны шпарка ішлі па лесе, і хоць нідзе не было нават і следу сцежкі, Мач вёў іх па палянах і скрозь гушчары, як па гасцінцы.

Нарэшце ён спыніўся на невялікай прагаліне пад магутным дубам і ціхенька затрубіў у ражок, што вісеў у яго на поясе. Адразу пачуўся гук ражка ў адказ, і Мач пайшоў далей. Праз трыста ярдаў маленькі атрад выйшаў на высечку ў зарасніку вастраліста і ляшчыны, які густа ўкрываў падножжа каменнай сцяны. Тут падарожнікаў аклікнулі. Пачуўшы ў адказ голас Мача, са сховішча паказаліся вартавы і з ім паўтузіна малайцоў з лукамі і стрэламі на цецівах — вось якая грозная сустрэча чакала б ворага або чужынца.

У лагеры разбойнікі сустрэлі сваіх таварышаў радаснымі крыкамі, бо да іх ужо дайшла вестка пра палон Мача і яго спадарожніка.

— Мач і Уот вярнуліся жывыя! — крычалі яны. — Малайцы, малайцы, адважныя хлопцы! Як вы вызваліліся з лап лясных аўчарак?

— Паслухайце, сябры, — узвысіў голас Мач. — Нас выратаваў вось гэты юнак. Я прывёў сюды, у наш лагер, самага лепшага і храбрага стралка з лука. Такіх людзей я ніколі яшчэ не бачыў.— I ён расказаў усё, як было. Разбойнікі яшчэ раз падзякавалі Робін Гуду за вызваленне іх таварышаў.

Змерклася. Усе паселі вакол вялікага вогнішча і пачалі вячэраць смажаным мясам забітага яшчэ раніцай аленя, запіваючы тлустую дзічыну элем.