Выбрать главу

Нотынгем нагадваў абложаны ворагам горад. Усе вароты і ўдзень і ўночы былі зачыненыя на завалы і замкі.

I ўсё ж сумная вестка дайшла да зялёных стралкоў Робін Гуда. Яе прынёс у Шэрвудскі лес шавец Лоб.

Ён адзін з першых пачуў пра арышт Робін Гуда. Як толькі начная цемра ахутала горад, ён падняўся на дах свайго дома, што стаяў каля самай гарадской сцяны. Выбрацца з горада яму памагалі два яго верныя сябры, адданыя прыхільнікі Робін Гуда. На вяроўцы яны спусцілі шаўца са сцяны. Як толькі ён крануўся нагамі зямлі, памочнікі пацягнулі вяроўку назад, а Лоб паспяшаўся ў лес.

Шавец застаў людзей Робін Гуда ў лагеры. Разбойнікі, маўклівыя і сумныя, сядзелі на паляне вакол вялікага вогнішча. Сэрцы іх поўніліся трывогай за лёс атамана. Ён ужо даўно павінен быў вярнуцца. Больш за ўсіх непакоіўся і перажываў Маленькі Джон. Добрасардэчны волат ужо дараваў свайму сябру яго ўчынак і дакараў сябе за тое, што пакінуў яго аднаго.

I гнеў і смутак ахапілі лясных стралкоў, калі яны пачулі ад шаўца Лоба, што іх любімы правадыр сядзіць у нотынгемскай цямніцы. Самыя горшыя іх прадчуванні спраўдзіліся. Толькі Маленькі Джон упарта не хацеў верыць, што здарыцца самае страшнае.

— Робін Гуд пайшоў у Нотынгем памаліцца дзеве Марыі,— сказаў ён, — і яна не пакіне яго ў бядзе. Шмат разоў ужо нашаму адважнаму атаману пагражала смяртэльная небяспека, але кожны раз яму ўдавалася вырвацца з рук ворагаў. Веру, так будзе і цяпер. Мужайцеся, браты, кіньце смуткаваць. Трэба разведаць, што робіцца ў горадзе. А тады прыдумаем спосаб, як прабрацца туды і вызваліць нашага важака.

На досвітку Маленькі Джон і Мач прытаіліся ў гушчары перад паўднёвымі варотамі Нотынгема. Замест зялёных куртак яны надзелі скураныя камізэлькі і сталі падобныя на гандляроў-перакупшчыкаў, што ходзяць з кірмаша на кірмаш, купляючы і прадаючы жывёлу. Так яны маглі спакойна, не выклікаючы падазрэння, хадзіць па дарогах і навакольных вёсках.

Гэты майскі ранак таксама выдаўся цудоўны. Сонца ззяла на небе ва ўсёй сваёй красе. На сэрцы ў Маленькага Джона і ў Мача зрабілася балюча. Яны ўявілі сабе Робін Гуда ў цёмным брудным падзямеллі, дзе не чуваць ні вясёлых спеваў птушак, ні шапацення шаўкавістай маладой лістоты.

Раптам яны ўбачылі, як адчынілася бакавая фортка і з горада выехалі два чалавекі — чорны манах на цяжкім дужым кані і маленькі паж на белым скакуне. Фортка за імі адразу зачынілася, і коннікі паскакалі да дубровы, у якой хаваліся Маленькі Джон і Мач.

— Я ведаю гэтага манаха, — шапнуў Маленькі Джон. — Гэта келар манастыра Святой Марыі. Памятаеш яго, Мач? Мы вытраслі з яго куфэркаў цэлую груду золата, прыпамінаеш?

Мач сцвярджальна кіўнуў галавой. Маленькі Джон падаў яму знак выбірацца з гушчару. Напрасткі цераз дуброву яны выйшлі на дарогу і падаліся ў бок горада. На павароце яны зноў убачылі двух коннікаў, якія ехалі ступой, насцярожана азіраючыся па баках.

Келар уважліва паглядзеў на падарожнікаў. Насустрач ім ішлі два прасталюдзіны ў старых скураных камізэльках з дарожнымі кіямі ў руках. Неўзабаве коннікі і пешаходы стрэліся.

— Добрай раніцы, — прывітаў манаха Маленькі Джон і пакланіўся. — Ці не з Нотынгема едзеце?

— Адтуль, — адказаў манах.

— Ці праўду кажуць людзі, быццам учора злавілі гэтага страшнага разбойніка Робін Гуда?

— Дзіўна, як хутка раскрылася тайна! — усклікнуў келар. — Розуму не дабяру, якім чынам выйшла гэтая вестка за сцены горада? Так, добры ёмен, гэтага малойчыка ўчора схапілі ў царкве Святой Марыі.

— Праўда? Добрая навіна! Нягоднік, ён сілай адабраў у мяне і ў майго прыяцеля грошы. Добра, што яго схапілі!

— Ён і мяне абрабаваў,— паскардзіўся манах. — Столькі золата забраў з манастырскай казны! Але ўчора я адпомсціў яму: выкрыў яго і выдаў шэрыфу. Каб не я, яго б не арыштавалі. За гэта вы павінны дзякаваць мне.

— Няхай неба аддзячыць вам за ўсё, — сказаў Маленькі Джон. — Надарыцца магчымасць, мы таксама не паскупімся. А зараз, калі дазволіце, мы праводзім вас, бо лес гэты кішыць разбойнікамі Робін Гуда. Чаго добрага, убачаць вас, і тады вам канец.

— Ведаю, — адказаў манах, — але ў нас шпаркія коні. Калі будзе пагражаць небяспека, мы ўцячом ад іх.

— Небяспеку не заўсёды адразу заўважыш, — запярэчыў Маленькі Джон. — Таму лепш будзе, калі мы разам з вамі пойдзем праз лес.

I яны — і конныя, і пешыя — рушылі па дарозе, што цягнулася ўздоўж лесу. Келар так ганарыўся сваім подзвігам, што не пераставаў хваліцца. Расказаў і пра тое, што вязе пасланне ад шэрыфа самому каралю Рычарду.