Выбрать главу

Паведамленне Дзмітрыя было лаканічнае і канкрэтнае па ўсіх пунктах плана. Дакладваў ён выразна і абгрунтавана. У словах чуліся не толькі рашучасць, а і развага, здольнасць ацаніць як след абстаноўку, гатоўнасць аператыўна дзейнічаць згодна гэтай ацэнкі. Тым не менш у душы ў яго, як шашаль, тачылася насцярожлівасць. Скончыўшы даклад, ён зірнуў на аркуш плана, задуменна пацёр у пальцах ражок, за які трымаўся, як бы спрабуючы паперу на трываласць. I на міг адчуў неверагоднае. Падалося, што дастаткова яму жвавей, энергічней паварушыць пальцамі, і папера затрашчыць, як першы восеньскі лядок пад нагамі, пераломіцца. Ён асцярожна скруціў аркуш у трубку, адставіўшы крыху ад тулава руку, трымаў яго беражна, так, каб не пакамячыць.

— Якая вам патрэбна дапамога, лейтэнант? Можа, варта яшчэ каго падключыць? — спытаў маёр, пазіраючы яму ў вочы.

— Неабходнасці такой, мне думаецца, няма. Мы ж удвух, з лейтэнантам Краўчуком, будзем працаваць. Я падрыхтаваў ужо яму заданне.— Дзмітрый меў на ўвазе высветліць, хто тыя людзі, якія значыліся ў ведамасці на атрыманне зарплаты за нарыхтоўку яблыкаў. — Ну, а калі з’явіцца пільная патрэба ў дапамозе — такое, безумоўна, не выключаецца, — я далажу вам.

— У каго ёсць якія заўвагі? — Маёр гаварыў зусім па-будзённаму, марудна, як з вялікай утомы. Дзмітрыю не спадабалася яго інертнасць. I пяцімінутка праходзіла не так, як раней. Не ставала ёй той строгай, дзелавітай выразнасці, якая падкрэслівалася нават усёй абстаноўкай гэтага рабочага кабінета. Ён павёў вачамі па пакоі. Партрэт Дзяржынскага на прасценку паміж вокнамі, у кутку столік з селектарным і тэлефоннымі апаратамі, падрабязная карта раёна пасярэдзіне глухой, ад суседняга кабінета, сцяны… Усё знаёмае, усё на месцы…

Нехта, перашэптваючыся з суседам, не стрымаўся, выгукнуў таму сваё пярэчанне. Сцішаны гарачы вокліч на момант адцягнуў увагу Дзмітрыя — што ў іх там за спрэчка? Але ён не азірнуўся, глядзеў на Івашчанку. Маёр, не ўстаючы з крэсла, павярнуўся да прыстолка ўзбоч. Узяў графін, памалу нахіліў над шклянкай. Празрысты струменьчык пацурчаў з тонкім звонам. Жылаватая вялікая рука далікатна кранулася шклянкі, неяк элегантна паднесла яе да рота. «Як Сямён Сяргеевіч», — немаведама чаму падумалася Дзмітрыю. Ён зніякавеў, што недарэчна вывернулася непатрэбнае параўнанне, і тут жа схамянуўся: згадка пра начальніка аддзялення падказала, чаго не ставала пяцімінутцы — прысутнасці падпалкоўніка, яго арганізатарскага ўздзеяння.

Маёр Івашчанка, як раней яшчэ заўважыў Дзмітрый, накіроўваў работу супрацоўнікаў аддзялення, ні ў чым не скоўваючы іх ініцыятыву, даючы поўны прастор іх думкам. Маладому лейтэнанту гэта падабалася, і ўсё ж, на яго розум, намесніку начальніка аддзялення не хапала спакойнай арганізуючай волі, якою шчасліва валодаў Сямён Сяргеевіч. Някідкая, але паслядоўная, няўхільная патрабавальнасць падпалкоўніка спрыяла, каб кожны адчуваў у сабе больш сканцэнтраванасці, больш адказнасці ва ўсіх сваіх учынках і дзеяннях. Яна вымагала ад чалавека найбольшага імпэту ў яго клопатах і парываннях.

Даволі было Дзмітрыю ўспомніць пра Сямёна Сяргеевіча, як думкі яго зараз жа скіраваліся да ўчарашняга агляду месца злачынства. Ці не засталіся там нязнойдзенымі якія-небудзь сляды альбо рэчавыя доказы? Сямён Сяргеевіч папярэджваў: глядзі ва ўсе вочы… Закарцела зноў паехаць туды і агледзець усё нанава.

Супрацоўнікі аддзялення, выйшаўшы з кабінета ў калідор, стабуніліся там, каб гуртам пакурыць, скарыстаўшы вольную мінуту, пацікавіцца навінамі, перакінуцца жартамі. Дзмітрый як ішоў, так і пайшоў. Шустра затупацеўшы па прыступках лесвіцы ўніз, на выхад з аддзела, ён пашкадаваў, што ўчора не надаў значэння следу ад кола аўтамашыны, які заўважыў непадалёку ад таго месца, дзе быў знойдзены гузік. Тады яму падумалася: дарога ж… Дык ці захаваўся след цяпер? Можа, ужо затапталі? Нехта крыкнуў яму наўздагон:

— Бутоўкін, пакуры з намі.

Ён павярнуўся, усміхнуўшыся, махнуў рукой: няма часу.

Праз якую гадзіну Дзмітрый быў у Вялікіх Бабовічах, на дарозе каля саду. У выбоіне, што пясчанай латкай жаўцела на замуравелым прыдарожным дзірване, ён адразу пабачыў проціск ад пратэктара. Міма па другі бок дарогі праходзілі высокі мужчына ў саламяным капелюшы і стройная, ростам амаль роўная з ім, акурат у такім жа галаўным уборы жанчына. Яны запаволілі крок, недаўменна цікавалі за Дзмітрыем. Ён толькі слізгануў позіркам па іх ладных постацях і ўжо наважыўся заняцца сваёй справаю, ды раптам спахапіўся. А панятыя? Гэта ж зноў вяртайся ў вёску. Дык, можа, яны згодзяцца? Падышоў да іх, растлумачыў, што яму трэба. Яны пераглянуліся, быццам сказалі адзін аднаму: «Нам жа некалі!» Але згадзіліся. Дзмітрый, рыпнуўшы новымі бліскучымі туфлямі, прысеў на кукішкі. Пільна ўглядаўся ў проціск, шукаў якую-небудзь характэрную адмеціну. Нарэшце заўважыў маленькую, з лясны арэх, узбугранасць. Яна адбілася на вільготным пяску ў цэнтры, па восевай лініі следу. Дзмітрый абрадаваўся знаходцы, акрыліўся: выходзіць, кола з такой жа ямачкай. Шыну скубанула патырчака. Пільна цэлячыся фотаапаратам, ён з розных бакоў сфатаграфаваў след. Паклаў фотааларат у следчы чамадан — куфэрак з наборам рознага неабходнага крыміналісту начыння, — а ўзяў адтуль металічную міску і пакет з гіпсам. Зачэрпнуў міскай у канаве вады, размяшаў гіпс і акуратна, каб не размыць пясок, выліў белую, як з малака, баўтуху ў выбоіну.