Сад пасля ўчарашняй нягоды сцішыўся ў задумнай нерухомасці. Дрэвы журыліся, прадчуваючы хуткае расставанне з гаманкой лістотаю. Чулася, як, зрываючыся з галін, мякка шпокаліся аб зямлю спелыя яблыкі. У светла-блакітным небе кружылі буслы, трэніруючы крылы для адлёту ў вырай. 3-за саду, з поля даносіўся ледзь чутны, прыглушаны адлегласцю гул камбайнаў. Дзмітрый пастаяў, паглядзеў на сад, на буслоў. Гукі наваколля аддаваліся ціхім, загадкавым водгаласам у яго душы.
Нагнуўшыся, ён пакратаў пальцам раствор. Гіпс добра задвярдзеў, можна было браць. Узяў адліў, пабачыў: узбугранасць на следзе пратэктара адбілася на злепку ямінкай. Ён ледзь улоўна, аднымі губамі ўсміхнуўся, сказаў сабе: «Усё, лейтэнант Бутоўкін, парадкам рабі. Цяпер хутчэй шукай грузавік пад нумарам 33—44».
Дзмітрый падзякаваў панятым і развітаўся з імі.
Падахвочаны першай удачаю, Дзмітрый, перад тым як сесці ў «газік», зірнуў абапал сябе. Ён меў такі выгляд, быццам яму яшчэ нешта дужа рупіла і ён імкнуўся згледзець і асэнсаваць тое, каб больш сюды не вяртацца. Ціскануў уніз ручку дзверцаў, ускочыў у кабіну.
— У кантору калгаса, — рэзка, як пераламаў сухую палку, сказаў шафёру.
У канторы ён даведаўся, што грузавік, які цікавіў яго, вазіў на ток зерне ад камбайна. Папытаў у брыгадзіра, негаваркога вусача з бурым ад сонца і ветру тварам, ці ўмалотная сёлета збажына вырасла, а сам, ужо не слухаючы яго адказу, падумаў, як лепш зрабіць — агледзець машыну і пагутарыць з шафёрам,— каб было бездакорна з прафесіянальнага пункту гледжання. Рашэнне напрошвалася адно: перастрэць машыну на дарозе. Калі на таку — людзі збяруцца, залішне будзе старонняй увагі. Таго і глядзі, узнікнуць недарэчныя ўскладненні: могуць аб’явіцца балбатуны, ахвочыя да таго, каб самыя неверагодныя крыватолкі пусціць. Разбірайся тады з імі, утрасай іх, замест таго каб злачынца шукаць… У брыгадзіра Дзмітрый высветліў, куды курсіруе аўтамашына. Аказалася, паўз сад. Ён здзівіўся і абрадаваўся: якое нечаканае супадзенне! Значыць, там, на месцы злачынства, ён і спыніць яе. Для шафёра, калі ён у чым вінаваты, ого якая неспадзяванка будзе! Як ён стане сябе паводзіць? Шчаслівы выпадак — застаць яго знянацку, паназіраць за ім у такой абстаноўцы. Можа, удасца ўлавіць знешнія прыкметы, у якіх якраз праявіцца тое, што выдасць злачынца: разгубленасць, замяшанне, страх.
Дзмітрый паціснуў брыгадзіраву касцістую, з доўгімі, як цэўкі, пальцамі руку. Той таксама адказаў яму поціскам, як пажадаў: удачы табе. Так менавіта падумалася Дзмітрыю. Але, развітаўшыся, ён адразу зноў звярнуўся да брыгадзіра:
— Можа б, і вы праехалі разам са мною? За панятога пабудзеце, калі спатрэбіцца.
— Можна праехаць, — адразу згадзіўся той.
— А каго б яшчэ нам узяць? Панятых два павіннаі быць.
— Можа, яе, — кіўнуў брыгадзір на жанчыну, якая ў той час зайшла ў кантору, — паштальёнку. Не языкатая кабета. — Характарыстыка гэтая, відаць, вырвалася ў яго незнарок, бо ён зніякавела лыпнуў вачамі.
Вярнуўшыся на прасёлак ускрай саду, Дзмітрый стаў крыху воддаль ад выбоіны, дзе адбіўся след гумавай шыны, — якраз на тым месцы, якое паказаў Камароўскі. Нецярпліва, незадаволена зірнуў на гадзіннік, быццам рэйсы грузавіка былі распісаны і шафёр парушаў графік. Закурыў, глыбока зацягнуўся дымам. Раптам адчуў, як усярэдзіне ў яго быццам штосьці пачало асядаць. Павольна і цяжка. Як жа ён не ўцяміў адразу? Абрадаваўся, знайшоў доказ… Чалавек збожжа тут возіць — вось і ўся разгадка тайны, усё тлумачэнне… Скажа так — што ты яму запярэчыш?.. Нагарнулася прыкрасць. Глыбокія блакітныя вочы пацямнелі.