Пасля работы ён у спартыўнай зале вучыўся прыёмам самба. Ва універсітэце не захапляўся гэтым відам спорту — усё то бокс, то валейбол, — дык цяпер наганяў упушчанае. Трэніраваў яго маёр Івашчанка. Займаўся Дзмітрый упарта, у «тэмпе няшчаднага рэжыму». Апошнім часам дасягнуў таго, што трэнер пачаў апасацца яго каронных прыёмаў — кідкоў праз сябе.
Ён імкліва крочыў па доўгім калідоры, спускаючыся на першы паверх, сігаў па лесвіцы праз дзве прыступкі. У думках папярэдзіў Івашчанку: «Ну, таварыш маёр, сцеражыся! Зараз барацьба будзе толькі на чыстую перамогу». Дзёрзкая ўзрушанасць, што ішла ад незразумелай незадаволенасці самім сабою, вымагала хоць якой разрадкі. Сёння ён так хацеў перамагчы маёра, што сапраўды паверыў: паборае. А ў галаву скрозь думкі пра гэта раптоўна ўбілася: дзяржаўныя грошы… Дзе, у каго іх шукаць?
VI
Дарога крута заварочвалася. «Газон» імчаў не збаўляючы хуткасці. 3-за лесу выбліснула сонца, і чорная мокрая стужка асфальту заблішчала, як ртуць. Машына скацілася з пагорка, уз’ехала на стары драўляны мост. Пад коламі заскакалі, заляскалі непрыбітыя дошкі. Андрэй злосна вылаяўся: «Галавацяпы няшчасныя, дарогу заасфальтавалі, а мост не бачаць, паслеплі».
Далёка наперадзе паказалася адзінокая постаць. Каго-каго, а свайго новага знаёмца, гэтага дасужага міліцэйскага лейтэнанта, Андрэй не пазнаць не мог. Пазнае яго, убачыўшы нават на краі свету. Не на жарты чапляецца да яго гэты хлюст. От гад паўзучы!..
Андрэй паддаў газу. Цяпер… Ну так, цяпер тут сам лёс іх звёў. Лес убачыць, ды не выдасць… Нага налілася дужай сілаю, усё ціснула і ціснула на акселератар. Але чаму машына паўзе, як муха па смале? Спідометр паказвае восемдзесят, а яна быццам буксуе…
Лейтэнант ішоў, заклаўшы рукі за спіну, не азіраўся. Няўжо ён не чуе гулу матора, няўжо не адчувае, што яму пагражае?.. А як ён можа адчуваць? Чорнае сэрца — глухое… У тую мінуту, калі Андрэй падумаў так, лейтэнант саступіў дарогу аўтамабілю, звярнуў на абочыну. Уратаваўся? Не-е… Андрэй ліхаманкава крутнуў руль. Машына рванулася ўбок, на высокую стройную постаць. Нешта страшна скаланула Андрэя, бы ўдарыла токам. Не ўратаваўся?! Пранізліва заскрыгаталі тармазы. Грузавік крылом зачапіў крысо нейкай шархоткай адзежыны і спыніўся.
На вялікіх абаротах працаваў матор. Машына дрыжала, як у сутаргах. Лейтэнант павольна павярнуўся, шырока, на ўвесь рот, усміхаючыся, падышоў да кабіны, спрытнымі пальцамі закруціў угору доўгія пушыстыя вусы.
— Так-так, парушаем, значыцца!
Андрэй здзівіўся: гэта ён прыклеіў іх, як той клоун у цырку? Такія хутка не адгадуеш…
Бровы ў лейтэнанта раптам сышліся над прыгорбленым пераноссем, натапырыліся і сталі акурат як града хмызняку па-над абрывістым, размытым вірамі берагам Дняпра.
— Усё блазнуеш? А калі б тармазы сапсаваліся? — Голас яго скалануў наваколле і паляцеў над абшарамі грымлівым рэхам.
Андрэй памкнуўся нешта крыкнуць і прачнуўся.
У хаце было ціха. Сын у калысцы цмокаў у сне языком, як сасаў соску. Надзя бразгатала ў сенцах вёдрамі, упраўлялася па гаспадарцы. Андрэй скамячыў у жмут — як пакулле, якім выціраў машыну, — канец прасціны, шаргануў па спацелым ілбе. Прыклаў руку да грудзей, дзе было сэрца. Яно стукала часта і гулка — вось-вось, здавалася, выскачыць.
На калгасным дварэ загуў трактар. Андрэй прыслухаўся, і яму нясцерпна захацелася хутчэй сесці за руль свайго «газона». Захацелася звыкла адчуваць шпаркі рух і глядзець, глядзець, як імкліва бяжыць насустрач бясконцая стужка дарогі. Ні пра што не ўспамінаць, нічога не загадваць наперад — пазіраць на свет бяздумна і бесклапотна, у заспакоенай, ціхай цікаўнасці.
Ён рыўком ускочыў з ложка. Таропка апрануўся, нацягнуў боты. Падышоў да ракавіны ў кутку каля печы, крутнуў кранік. 3 бачка, які ён адмыслова ўманціраваў над ракавінай у высокі з люстэркам стаяк, пацурчаў жвавы струменьчык. Андрэй паплюхаў на твар, на шыю пацяплелай за ноч вадою, пашкадаваў: трэба было ўліць халоднай, з калонкі.
У хату зайшла Надзя. Ён, гледзячыся ў люстэрка, расчэсваў доўгія, ускудлачаныя ў неспакойным сне валасы. Бязлітасна скуб іх грабянцом і скоса зіркаў на жонку, чакаў, што яна нешта зараз скажа яму. Надзя ўзяла на паліцы гладышкі, зняла з вешалкі, прыбітай побач з паліцай, цадзілку. Андрэю падалося, што яна больш чым трэба затрымала позірк на вешалцы, якую ён неўзабаве пасля іхняга вяселля выразаў з кляновага цурбанка ў выглядзе працягнутай — на, бяры, што на мне, — павернутай кверху далонню невялікай зграбнай рукі. Нічога не сказала яму жонка, і ён, абы толькі нешта прамовіць да яе, бяздумна ляпнуў: