— Хлопцы, мне можна з вамі? — кінуў здаля, расшпільваючы гальштук. — Адну партыю.
Валейбалісты загаманілі: «Калі ласка, хоць пяць…» У адзін момант гальштук і кашуля паляцелі на спінку лаўкі.
— Толькі ў тэмпе, хлопцы, каб не змерзнуць. Згода? Пачалі.
Мяч пырхаў над сеткай, як той верабей. Вучні, а з імі і Дзмітрый, кідаліся на пляцоўцы, не памятаючы сябе. Дзмітрыю здавалася, што ніколі яшчэ ён не гуляў з такім азартам. Кожны раз, як толькі кранаўся мяча, ён чуў захопленыя воклічы: «Вось гэта рэзаны!..», «Клас — падача!..», «Ух, ад самай зямлі пасовачка!..»
Гулялі так заўзята, што Дзмітрый страціў адчуванне часу. Схамянуўся тады, калі каржакаваты прысадзісты дзяцюк, якога ён заганяў на пляцоўцы, падаючы на яго свае рэзаныя мячы, зняможана стаў, апусціўшы вялікія пачырванелыя рукі. Зірнуўшы на гадзіннік, Дзмітрый зусім па-хлапечы, як калісьці ў дзяцінстве, прысвіснуў: вось дык загуляўся! Выхапіў з кішэні белую з сінім беражком, надушаную насоўку, шаркнуў ёю па змакрэлым твары. Кулём кінуўся з пляцоўкі.
— Куды вы, таварыш лейтэнант? — несуладна стомлена загукалі юнакі. — Хаця адну партыю яшчэ!
— Дзякую, хлопцы, другім разам. — Стаў паспешліва нацягваць кашулю на шырокія распараныя плечы. — Другім разам — абавязкова. — Яму вельмі не хацелася пакідаць гэтую шчырую прыязную кампанію, але што зробіш — трэба шукаць злачынца!
У аддзел унутраных спраў Дзмітрый ускочыў — нібы гнаўся за кім. У вестыбюлі на лаўцы каля акна сядзелі мужчына і жанчына. Ён адразу не столькі ўбачыў, колькі неўсвядомлена адчуў іх. Ужо калі праходзіў міма, глянуў. Павярнуў галаву і як наткнуўся на штосьці калючае: на яго набычана пазіраў шафёр Сенажэнскі. Цёмныя вочы не міргнулі, як зледзянелі. Жанчына прымасцілася з краю лаўкі, адвярнуўшыся ад шафёра, глядзела ў акно. Твару яе не відаць было. «Жонка яго? Ну так, я ж абаіх іх выклікаў. Дык яны пасварыліся, ці што?» — Дзмітрый падумаў так, быццам на яго лёг незразумелы клопат пра гэта. Спачатку ён збавіў крок — чаго і што ляціць як ашалелы, непрыстойна, — потым зусім спыніўся. Сказаў:
— Заходзьце, Сенажэнскі. — Звяртаўся да Андрэя, а меў на ўвазе і жанчыну таксама, бо адразу ж дадаў: — Вы, грамадзянка, таксама заходзьце.
У кабінеце ён толькі расчыніў акно, як і яны зайшлі. Сенажэнскі, каля дзвярэй ступіўшы ўбок, прапусціў жонку наперад. Ссунуўшы бровы, гучна кашлянуў, паказаўшы гэтым, што глушыць горкую прыкрасць у сабе. Дзмітрый адагнаў з твару клопатную задумлівасць, якая прыйшла замест вясёлай разгарачанасці ад гульні ў валейбол, падкрэслена спакойна запрасіў:
— Сядайце. — Паказаў на крэслы, што стаялі адно насупраць аднаго каля стала.
Яны падышлі, Андрэй адразу сеў. Жанчына стаяла, нібы не пачула запрашэння. Тады Дзмітрый уважліва паглядзеў ёй у твар і здзівіўся: пазнаў яе. Спачатку пазнаў вочы — вялікія, блакітныя і як бы спалоханыя. Ён чамусьці зніякавеў і адвярнуўся. Ну так, тая Надзя… Спявачка тая…
— Сядайце, чаго ж вы стаіце, — сказаў ён і пачаў таропка перабіраць паперы на стале, чакаючы, пакуль уляжацца збянтэжанасць.
Надзя набрала ў сябе паветра, прытрымала выдых.
— Пастаю, — адказала ціха. Затым асцярожна, быццам з апаскай, села, апусціла вочы. Зацятая напружанасць, што скавала яе, калі яна ўбачыла Дзмітрыя, пакрысе аслаблялася.
Дзмітрый, рыхтуючыся да вочнай стаўкі, узяў бланк пратакола, паклаў перад сабой. Ён ужо супакоіўся.
Аднак і паспакайнелыя думкі яго былі пра Надзю. На некалькі секунд ён забыў пра Андрэя, бо яму прыгадалася…
…Было гэта два гады таму назад. У Палацы прафсаюзаў праходзіў заключны канцэрт рэспубліканскага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці. Дачуўшыся, што і яго землякі дамагліся гонару ўдзельнічаць у канцэрце, Дзмітрый проста з бібліятэкі, з канспектамі, накіраваўся ў Палац.
Выступленні самадзейных артыстаў ён слухаў з асалодай. Асабліва горача апладзіраваў сваёй зямлячцы Надзеі Сенажэнскай, якая дужа ўсцешыла яго беларускімі народнымі песнямі. Ад палкага юначага захаплення, якога ніяк не мог, ды і не жадаў уціхамірыць у сабе, яму здавалася, што ніколі не чуў такога звонкага і чыстага голасу.
У канцы вечара ў прасторным утульным фае Палаца былі наладжаны танцы пад духавы аркестр. Танцавалі ўсе: і артысты, і публіка. Дзмітрый пабачыў у натоўпе Надзю. Бойка падышоў, запрасіў яе на вальс. Танцуючы, адрэкамендаваўся: «Я ваш зямляк Дзіма Бутоўкін, вучуся ва універсітэце». Яна павольна падняла прыгожую, з акуратнай пышнай прычоскай галаву, вельмі натуральна і шчыра ўсміхнулася. Пазіраючы яму ў вочы, спытала: «На каго, калі не сакрэт, вы вучыцеся?» Потым без какецтва, проста пачала распытваць пра студэнцкае жыццё, пра сталіцу і ўважліва глядзела на яго, як бы пацвярджаючы, што ёй сапраўды цікава пачуць пра гэта. Дзмітрый адчуў, што Надзя ставілася да яго з прыязнасцю. I яму прыемна было расказваць ёй. Потым яны зноў танцавалі.