Выбрать главу

Надзя не чула, як з вачэй выкаціліся і папаўзлі па шчоках слёзы. Спазма шчыльна звяла яе губы. Нерухомыя вочы, уставіўшыся за акно, невідушча пазіралі на дом па той бок вуліцы. Яна як скамянела ад уструсу. У пачуццях сваіх была на паўкроку ад мяжы, ступіўшы за якую магла ўзненавідзець мужа сляпой і зацятай нянавісцю. Раптам яна горка перасмыкнула вуснамі, як і Андрэй, падалася ўся наперад, да яго. Прыціснуўшы да грудзей рукі, як бы баронячыся ад удараў, якія вось-вось зноў пасыплюцца на яе, хістаючы галавою, каб не чуць, што ён зноў скажа, узмалілася:

— За што ты так мяне, за што?.. Апамятайся, адумайся… — Яна крычала на ўвесь голас душы, а словы вымаўляла адчайна-перарывістым шэптам.

Калі Надзя змоўкла, зноў усталявалася цішыня. Старожка-гняткая, здушлівая. Муж і жонка сядзелі, паапускаўшы галовы. Андрэй, згорбіўшыся, паклаў на калені шырокія далоні, пераводзіў вочы то на адну, то на другую. Паварушыў пальцамі, сціснуў іх у кулакі. Нешта замінала яму па-ранейшаму сурова і ўладна глянуць на Надзю, кінуць ёй у твар жорсткі, зняважлівы папрок. У вушах стаялі яе апошнія словы. Але ўразілі яго не столькі яны, колькі той надрыўны, з цяжкім прыдыхам шэпт. У ім чуў ён найбольш не тугу і крыўду, а няўцешную горыч дарагой страты.

Андрэй раптоўна і дужа пакутліва, паклікаўшы на дапамогу сабе з недалёкай прыцьмелай мінуўшчыны нейкае светлае шчаслівае імгненне, якое заставалася там, агароджанае злосцю і дзікай упартасцю, захацеў, каб тое, што адбылося з ім мінуту таму назад, назаўсёды знікла з памяці і сэрца. Ён прыкрыў павекамі вочы, імкнуўся адагнаць прэч, выкінуць з душы ўсе свае трывогі і перажыванні, стараўся спакойна падумаць. Так спакойна, як не мог ён зрабіць гэтага апошнім часам у сваёй штодзённай, нярэдка бесталковай і легкадумнай мітусні.

Голас, які нечакана прагучаў зычна і рэзка, прымусіў Андрэя ў той жа момант узняць галаву.

— У вас, Сенажэнскі, ёсць што яшчэ сказаць?

Андрэй зірнуў вокідкам на Дзмітрыя, на жонку, зноў на яго. Цяпер толькі заўважыў, што на прыгожым твары лейтэнанта застыла суровасць. Ён зразумеў: яму трэба нешта гаварыць, неяк бараніцца. I ад міліцыянера, і ад самога сябе — разгубленага і аслабелага. У поглядзе лейтэнанта ён прыкмеціў больш, чым на пачатку вочнай стаўкі, насцярожанае, трывожнае чаканне.

Зноў наступіла цішыня, але цягнулася яна нядоўга. Сенажэнскі ўпіўся вострым позіркам у Дзмітрыя — думаеш, мяне лёгка так сагнуць? У ім з новай сілай усхадзіўся дух эгаістычнага супраціўлення і самалюбівай зацятасці. Ён крактануў, выпрастаўся, нагнаў на сябе прытворную весялосць.

— Ну, калі ўжо так і жонцы, і… — Андрэй запнуўся, не ведаючы, як — на «вы» ці на «ты» — звярнуцца да лейтэнанта, — і вам патрэбна мая праўда, дык скажу: дадому я сапраўды прыйшоў апоўначы. А хто мне ўкажа, калі прыходзіць? Калі захочу, тады і прыходжу… Пасля работы павярнуў на левы рэйс — прывёз Марыне Раманкоўскай дровы з лесу. Ёсць такая зеленавокая развядзёнка ў Вялікіх Бабовічах. Дык вось прывёз я ёй дровы, а потым, чуй, мы разам павячэралі. — Ён крыва, ненатуральна ўсміхнуўся. — Ты задаволена, жонка?

Надзя, не пазіраючы на яго, устала.

— Да мяне пытанняў больш няма? Мне можна ісці? — Увесь твар яе — лоб, шчокі, падбародак — цяпер палаў агнём. Падобна было, што яна адчула ў сабе нейкую перамену, якая нішчыла ў ёй прыніжанасць і страх.

— Калі ласка, больш вас не затрымліваю. — Дзмітрый у знак развітання з ёю таксама ўстаў з-за стала.

Яна ўсяго некалькі секунд больш, чым трэба было, каб падпісаць пратакол, памарудзіла, але Дзмітрый улавіў яе затрымку.

I Андрэй таксама ўлавіў. Ён таропка, спалохаўшыся, што не паспее, што якая-небудзь нечаканасць можа яму перашкодзіць, загаварыў:

— Праўда дык праўда — хай будзе да канца: толькі павячэралі, і ўсяго. — Пазіраў на Бутоўкіна, а сказаў не яму — жонцы. Дзмітрый адчуў, як гэтыя напружаныя, скорагаворкай вымаўленыя словы асцярожна паклаліся яму на душу, скрозь злосць і абурэнне, як далёкае рэха, ціха адгукнуліся кволай удзячнасцю да Андрэя.

Надзя памалу, як сама не свая, пайшла з пакоя, не прычыніўшы як след дзвярэй, знікла ў калідоры. Андрэй правёў яе позіркам спадылба і ўсхапіўся:

— Мяне таксама адпускаеце на ўсе чатыры ці, можа, — пад арышт?

«Ну во, зноў за сваё. — Дзмітрый унутрана перасмыкнуўся. — Не, што ні кажы, а ліха не ўседзіць ціха. — Ён пашкадаіваў, што ўжо гатоў быў дараваць нахабніку хоць адзін грэх. — Такі паспагадае!»

— I вас адпускаю. — Раптам яму закарцела ашаламіць шаленца, дужа захацелася дадаць: «Пакуль што». Але ён не сказаў, стрымаўся — нельга. Слова не верабей, выпырхне — ніяк не зловіш. Так далёка можа паляцець, такой нарабіць шкоды!..