Выбрать главу

— То адзначце мне позву, мо спатрэбіцца. Чаго добрага, зноў каму-небудзь галаву расквасяць, дык давядзецца, чуй, даказваць, дзе быў, што рабіў. — Андрэй дастаў з кішэні і паклаў на стол пакамечаную паперку. — А так — калі ласка, у аўтарытэтнай установе быў. У колькі гадзін прыйшоў, у колькі адпусцілі — усё адзначце.

Зрабіўшы адзнаку на позве, Дзмітрый разгоніста распісаўся. Сенажэнскі грэбліва ўзяў яе двума пальцамі, устаючы, з грукатам адсунуў крэсла. Пайшоў, цяжка ступаючы вялікімі тупаносымі чаравікамі. Каля дзвярэй спыніўся, зазірнуў у позву.

— А подпіс — хоць на грашах стаў. — Савануў яе ў кішэню вузкіх, расклёшаных у калашынні штаноў і ступіў за парог.

Дзмітрый таксама ўстаў, захадзіў туды-сюды, быццам не ведаў, у якім кутку спыніцца. «Та-ак, нічога не скажаш, пеўчая птушка», — з прыкрасцю думаў ён, успомніўшы размову з Надзяй пасля балю. З’едліва звярнуўся да Андрэя, нібы той яшчэ быў тут, у кабінеце: «Якая ж у цябе, пяюн, любімая песня — «Шумел камыш»?» Падышоў да рэпрадуктара, павярнуў уключальнік. 3 прадаўгаватай акуратнай чорна-белай скрыначкі, на рабрыстым «фасадзе» якой бялелі пластмасавыя літары кароткага слова «Сож», пачуўся спакойны роўны голас. Радыёкаментатар перадаваў міжнародны агляд.

Як скончыўся міжнародны агляд, у пакой з рэпрадуктара палілася знаёмая песня. Мікрафонна-рэзкія жаночы і мужчынскі галасы спявалі пад джаз. Песню Дзмітрый не слухаў. Выключыў радыё, сеў за стол.

Упарта, крок за крокам вяртаўся ён у думках да вочнай стаўкі, імкнуўся асэнсаваць штосьці такое, што ўвесь час і тады і цяпер як бы знаходзілася на «другім плане». Гэтае «штосьці», здавалася яму, утрымлівала ў сабе, можа, больш сур’ёзны і важны зарад, чым змест таго факта, які высвятляўся ў час допыту.

Сёння ён сутыкнуўся з жорсткай неабходнасцю міжвольна ўмешвацца ў тую сферу асабістага жыцця чалавека, у якой староннія, выпадкова крануўшы яе, закліканы быць тактоўнымі і далікатнымі. Муж і жонка… ён зноў адчуў сваю прыкрую віну перад жанчынай, якая б не зазнала сёння знявагі і крыўды, каб ён не сутыкнуў іх ілбамі, не звёў у недарэчнай сварцы.

А ім жа сумесна жыць, сям’ю ладзіць… Дзмітрый стараўся апраўдаць сябе тым, што дзейнічаў у інтарэсах справы. Следчае дзеянне, прадугледжанае законам… Ён абавязаны быў праверыць алібі, на якое спасылаўся Сенажэнскі. А якім чынам? Хто яшчэ, акрамя жонкі, ведае, калі муж вярнуўся дадому? Марына Раманкоўская? Дык вось жа толькі на вочнай стаўцы ён і змог дазнацца пра гэта… Логіка яго разважанняў была непахісная, аднак суцяшэння яму не прыносіла. Хто ведае, можа, непрыязнасць, якая разгарэлася паміж Андрэем і Надзяй з яго ласкі, прынясе большую шкоду, чым карысць, што ён дзеля раскрыцця злачынства абвергнуў алібі Сенажэнскага. Ды ці абвергнуў жа? Невядома, што яшчэ Раманкоўская скажа. А ў сям’і тым часам скандал… Ад гэтых думак Дзмітрыю зрабілася вельмі непамысна.

У душу яму таксама закралася сумненне: ці мае ён цяпер маральнае права весці следства? Сенажэнскі чаўпе, нібыта ён заляцаўся да Надзі. Мала таго — так могуць падумаць іншыя, варта толькі пусціць пагалоску: лейтэнант міліцыі Бутоўкін хацеў адбіць чужую жонку. Яшчэ, калі хочаш, і прыплятуць: не адбіў — то цяпер пастараецца мужа ў турму запраторыць… Думкі мітусіліся ў галаве, адна за адну гарачэйшыя. Але найбольш даймала яго зусім неспадзяваная: можа, заявіць самаадвод? Была яна дужа непрыемная Дзмітрыю, бо як бы падказвала: «Навошта табе лішні клопат, якога можна пазбегнуць?»

Час ад часу ён пальцам кранаўся лба, быццам гэтым дапамагаў сабе як мага дакладней узважыць усё ў свядомасці, глыбей выверыць розумам. Ці чэсна гэта будзе — самаадвод? Як той чэхаўскі герой Белікаў — «як бы чаго не здарылася».

Дзмітрый разумеў, што думкі яго ў гарачнасці разважанняў перайшлі тую мяжу, за якой цяпер маглі атрымаць рознае тлумачэнне: і так, і гэтак… Таму не спяшаўся прымаць рашэнне. Закон устанаўлівае, што следчы не можа ўдзельнічаць у расследаванні па справе і павінен быць адведзены, калі асабіста, прама ці ўскосна, зацікаўлены ў гэтай справе. Дык жа калі зацікаўлены! А пра якую зацікаўленасць тут можна гаварыць? Аніякай няма і быць не можа. Ну, хай ён, на выпадак, баронячыся ад недарэчнага падазрэння, схаваецца за самаадводам ад людзей, аднак жа ад свайго сумлення нікуды не ўцячэш… Ён ведаў, яно не прамоўчыць яму, будзе бязлітасна дакараць: спалохаўся, змаладушнічаў… Быў ён вонкава спакойны, але за гэтым спакоем у глыбіні вачэй хаваліся нецярплівасць і ўпартасць, якія гаварылі аб памкненнях багата што асэнсаваць і зразумець.

Не, ён давядзе справу да канца. Тым больш што цяпер гэта можна зрабіць без асаблівых цяжкасцей. Многае, як яму ўяўлялася, ужо праяснілася, кола доказаў вакол Сенажэнскага, можна сказаць, замыкаецца… Здушваючы ў сабе здрадлівыя сумненні, ён пачуў, як знутры ў яго зноў, цяпер ужо непахісна, гукнулася: «Пра самаадвод выкінь з галавы, не ганьбі сам сябе». Гэтая думка надала адчуванне дужасці і ўпэўненасці. Яна была як заканамерны штуршок, успрынялася ім як уладарны і строгі загад сумлення.