Выбрать главу

Тлумачэнне Камароўскага не пераканала Дзмітрыя. Ён лічыў неверагодным, што чалавек працуе і не ведае з кім. Ведае. Чаму ў такім разе ў ведамасці — незнаёмцы? Павыдумваў прозвішчы? Падстаўныя асобы? Калі з другога боку паглядзець — дык яно і так можа быць: нехта перабольшыў норму, за якую належала пэўная сума, а заработную плату атрымаў як за норму. Тады рэшту і запісвай на выдуманага Іванова ці Сідарава. Тым часам грошы кладзі ў кішэню… Сказаць, што так менавіта і зрабіў Камароўскі, у Дзмітрыя не было падстаў — не праверана яшчэ. Ды калі б і ўстанавілі ўжо, усё роўна гэта не знаходзілася б у прычыннай сувязі з падзеяй на дарозе каля саду. Прысвоіўшы грошы, ён бы адчытаўся за іх ведамасцю — выплаціў, і не трэба было б яму сімуліраваць абрабаванне… Тут раптам Дзмітрый пабачыў Камароўскага, якім той быў, калі прыгразіў Сенажэнскаму, што за знявагу ў суд падасць. Натапырыў рудыя кусцістыя бровы, чмыхаў носам, як вожык. Верхняя губа закапылілася, прыадкрыўшы рэдкія зубы.

3 задумення вывела Дзмітрыя маці.

—Дзіма, табе ноздры не казыча? — гукнула яна з парога прыбудоўкі, адчыніўшы дзверы.

Цёплая ўсмешка асвятліла яго твар. Учора, каб зрабіць маці прыемнае, падвесяліць яе, ён, сеўшы за стол, пажартаваў: «Ну і вячэру, мама, згатавалі вы — ноздры яшчэ на вуліцы заказытала!» Дык яна во цяпер не засталася ў даўгу. Улавіла, мусіць, чуйная душа, што яму якраз прыдасца жартаўлівае слова.

— Яшчэ больш, чым учора. Імчуся.

Ён паснедаў, пазваніў маёру Івашчанку, што ў аддзел не зойдзе. Паедзе ў Вялікія Бабовічы. Трэба там дапытаць вучня Грышу Лабікава. Выходзячы з пакоя на парозе павярнуўся, узяў пад казырок:

— Дазвольце ісці, таварыш генерал!

Маці, стаіўшы ў вачах іскры-смяшынкі, паківала яму пальцам:

— Не па форме апрануты.

Ад гэтай смешнай наіўнай сцэнкі на Дзмітрыя раптам павеяла такой цеплынёй, што яму захацелася абняць худыя плечы і зблізку зазірнуць у самую глыбіню дарагіх вачэй.

Твар маці стаў раптам сумна-задумлівы. Яна пастаяла моўчкі, схіліўшы набок галаву, як бы галаве стала цяжка ад нейкай маркотнай няўцешнай думкі.

— Бацька твой калісь таксама браў пад казырок мне, — прагаварыла ціхім голасам, у якім пачуўся далёкі схаваны боль. — Збярэцца, бывала, вось так, як ты, на службу і дакладвае…

Дзмітрый нічога не сказаў ёй. Што ён мог сказаць на гэта? Толькі яшчэ больш падцягнуўся, павярнуўся і пайшоў.

Гойдаючыся ў машыне, пакуль ехаў на сустрэчу з хлапчуком Лабікавым, Дзмітрый думаў пра бацьку. Да вайны бацька нейкі час служыў у міліцыі. Быў радавым міліцыянерам. 3 фронту вярнуўся калекам. Для міліцэйскай службы ён быў ужо не здатны. Скончыў курсы рахунковых работнікаў і працаваў бухгалтарам на мэблевай фабрыцы. Пра свае міліцэйскія будні з сынам ніколі ніякай гаворкі не заводзіў, нічога яму не расказваў. Затое аб справах на фабрыцы Дзмітрый наслухаўся ад яго.

Бывала, прыйдзе бацька з работы, павячэрае, закурыць. Пасядзіць, ссутуліўшы крутыя плечы, наморшчыўшы выпуклы шырокі лоб, і пачынае, ні да каго канкрэтна не звяртаючыся: «Сёння ў трэцім цэху знайшліся мудрацы — прыпіскамі заняліся. Каб жа сказаў — не выканалі план! Выканалі. А гэта во такім чынам вырашылі чацвёрты цэх апярэдзіць. От машэннікі! Потым — «Канстанцін Арцёмавіч, не ўсчынайце шум!» I паварочваюцца ж языкі прасіць яшчэ!..» Дзмітрый пазіраў на маці: як яна слухае? Ён ведаў, каму бацька гаварыў — ім абаім.

Па начах бацька часта не спаў, яго мучылі раны. Ён запальваў святло, падціскаючы рукамі жывот, ціха, каб не разбудзіць іх тупатам, хадзіў па хаце. Раніцай маці гаварыла яму: «Так ты пакутуеш, а яшчэ нервуешся, перажываеш за ўсё. Больш за ўсіх трэба табе? Адумайся, Косця, не бяры нічога да сэрца, усяго не пераменіш». Гледзячы ёй у вочы, ён адказаў: «А сама ты якая?» Потым, зварухнуўшы чорным як смоль,шырокім брывом, дадаваў: «Я за праўду стаю, яна людзям трэба». На работу заўсёды ішоў гладка паголены, акуратна апрануты, падцягнуты. Быццам і не было той бяссоннай ночы.