У выхадныя дні, калі ездзіў на рыбалку з начоўкай, бацька браў з сабой Дзмітрыя. Увечары на лузе ля рэчкі яны распальвалі вогнішча. Касцёр весела патрэскваў іскрамі, полымя скакала, выгібалася барвовымі стужкамі, адбівалася рухавымі водбліскамі на бледным твары з сеткаю зморшчынак каля вачэй. Бацька задумліва пазіраў на вогнішча. Чуйным дзіцячым сэрцам Дзмітрый адчуваў, што ў яго памяці пакутліва жыла вайна. Але бацька не любіў успамінаць пра баі і паходы, пра смерць і пакуты людзей. Калі Дзмітрый прасіў яго аб гэтым, ён, каб не выклікаць у сына ўражлівай цікавасці да бязлітаснай жахлівай ваеннай рамантыкі, скупа, збольшага, апавядаў пра які-небудзь эпізод, у якім яго таварышы вызначыліся мужнасцю і адвагай, і адразу пераводзіў гаворку на іншае. Расказваў, што на фабрыцы арганізоўваецца самадзейны хор і ён таксама думае запісацца — а што, хіба пажылому чалавеку сорамна спяваць з моладдзю? — пра насценгазету, якую яны выпусцілі надоечы — з сатырычнымі куплетамі і карыкатурамі на п’яніц, пра сустрэчу ў фабрычным клубе з вядомым паэтам, які чытаў свае вершы пра маці, пра непаўторную прыгажосць хлебнай нівы і строгую веліч задумлівага бору…
Аднаго разу, у мінуту ціхага роздуму, бацька, пазіраючы на расчасаныя промнямі заходзячага сонца пабуялыя лугавыя травы, сказаў Дзмітрыю: «Глядзі, сын, на ўсё прыгожае шырока расплюшчанымі вачамі. Ад прыгажосці ў сэрца чалавека ідзе найвялікшы дар жыцця — чалавечнасць». I ў яго стомленых вачах зайграла святло.
Наслухаўшыся бацькавых расказаў, Дзмітрый салодка засынаў сярод пахучай травы, і яму снілася, быццам ехалі з бацькам па лузе на белым кані. Конь высока нёс невялікую прыгожую галаву з вострымі стаячымі вушамі. Разляталася грыва, мільгалі капыты, а ў грудзях у Дзмітрыя расла пругкая хвалюючая сіла…
Гойдалася па выбоінах машына, гойдаліся думкі ў Дзмітрыя ў галаве. Развярэджаныя ўспамінамі пра бацьку, яны нечакана паднялі з глыбіні памяці словы верша:
Перамераны ўсе тутэйшыя вёрсты.
Перамераны поле, лес, сенажаць.
I дарога твая, нібы леты ды вёсны,
Засынала ў дванаццаць. Прачыналася ў ляць.
Затым яму падумалася: кім бы, каб да гэтага часу працаваў у міліцыі, бацька быў цяпер? Можа, таксама падпалкоўнікам? Ён адразу злавіў сябе на слове «таксама» і зразумеў, што падсвядома параўноўваў яго з Сямёнам Сяргеевічам. Усміхнуўся глыбокімі задумлівымі вачамі і адразу стаў вельмі падобны на бацьку з той даўняй фотакарткі, што вісела ў рамцы на сцяне.
…А ў душы ўвесь час, пакуль ён пра ўсё тое думаў, жыло пачуццё вінаватасці, што стрымаўся ў сваім жаданні абняць маці, быццам засаромеўся яго, гэтага светлага і чыстага, як крынічная вада, жадання.
X
Быў якраз перапынак, калі Дзмітрый прыйшоў у школу. Спачатку завітаў у кабінет да дырэктара. За сталом, на якім побач з кніжкамі і школьнымі журналамі суседнічалі розныя мадэлі машын, зробленыя вучнямі, грузна сядзеў мажны шыракаплечы чалавек. Маленькія ўважлівыя вочы яго, спакойна пазіраючы па-над ссунутымі на сярэдзіну носа акулярамі, папыталі ў Дзмітрыя: «3 чым ты, добры чалавек, прыйшоў?» Дзмітрый адрэкамендаваўся, сказаў чамусьці няўпэўнена:
— Мне трэба пагутарыць з вучнем вашай школы Грышам Лабікавым. Высветліць у яго што-нішто трэба.
— Ён натварыў нешта? — насцярожыўся дырэктар. Вочы яго адразу пабольшалі.
— Не-не, нічога, тут зусім іншая справа.
Дырэктар ціха, стомлена ўсміхнуўся. Падумаў, відаць, успамінаючы, у якім класе вучыцца хлапчук.
— Я зараз паклічу яго.
— Хацелася б спачатку паназіраць за ім у звычайнай для яго абстаноўцы. Як гэта, на вашу думку, лепш зрабіць?
Паправіўшы акуляры, дырэктар устаў:
— Калі вы не супраць, то давайце параімся з Вольгай Міхайлаўнай. Яна кіраўнік пятага класа, у якім Грыша вучыцца. Дарэчы, наступны ўрок яе — там.
— Не супраць, калі ласка.
Дырэктар шпарка выйшаў з кабінета, а праз мінуту вярнуўся разам з настаўніцай.
Дзмітрый паўтарыў настаўніцы тое, што сказаў яму, і дадаў:
— Можа б вы, Вольга Міхайлаўна, дазволілі мне папрысутнічаць на занятках, а тым часам і Грышу выклікалі да дошкі. — Уважліва паглядзеў на яе. У рысах яе твару пабачылася нешта знаёмае. — Перш чым гутарыць з хлапчуком, варта было б хоць крышачку зразумець яго характар. Малое, з ім трэба далікатна. Я прымашчуся дзе-небудзь на апошняй парце…
— Калі ласка, прысутнічайце, — не вельмі ахвотна, як падалося Дзмітрыю, сказала настаўніца. Голас яе быў мяккі, грудны. — А вось і званок.