Выбрать главу

Бернацоні тужліва зірнуў у вакно, за якім згушчалася вечаровая цемра.

— Насамрэч чалавек вельмі лёгка губляе розум. У мінулым годзе я ўбачыў на полі шмат спарыньні. Вашыя сяляне не адкідаюць хворыя каласы... Ім патрэбнае кожнае зерне. А спарыньня выклікае відзежы і шал... З яе рабілі адвары гуны перад тым, як ісьці ў бойку. Я сказаў князю – будзе пошасьць і шаленства сярод тваіх людзей... «Злая корча». Ён пасьмяяўся. Мне было дзесяць, калі я залез на самую высокую званіцу... Ударыў звон – а я якраз стаяў наверсе... Каб звон упаў, то я апынуўся б у ім, як хрушч у чарцы. Сьвет закруціўся вакол мяне, дона... І сьцізорык, які выпаў з маёй кішэні на каменныя пліты, пачаў дрыжэць і зьвінець, і паволі паварочвацца... І я, малы недарослы невук, прыдатны толькі на тое, каб таўчы зёлкі для майго сіньёра аптэкара, назаўсёды зразумеў, што ёсьць сілы, якіх мы не ўсьведамляем, але авалодаўшы якімі, можам рабіць цуды.

— Пан лекар, а вы маглі спыніць наш карагод?

Бернацоні ўздрыгнуў і паглядзеў на дзяўчыну з недаверлівым зьдзіўленьнем, быццам пытаньне прагучэла з вуснаў статуі.

— Не, я ня маю моцы абрынуць чалавека ў цемру ці выцягнуць з цемры на сьвятло. Гэта – Божая воля. Але многія апынаюцца ў паўзмроку, на няпэўнай мяжы між сьвятлом і цемрай. Вось тады...

Лекар абарваў сказанае і пасуровеў.

— Ты яшчэ слабая, дона... Ідзі ў свой пакой і кладзіся ў ложак. Я прышлю да цябе Марцэлю з адварам.

Стукат гадзіньнікаў пагрозна гучнеў, нібыта набліжалася карэта Сьмерці, запрэжаная дванаццацьцю жалезнымі коньмі...

Першае, што я зрабіла, калі прачнулася – паглядзела ў вакно. Гэта каб хутчэй забыцца пра свае цьмяныя і блытаныя сны ў гатычным стылі. Але дробны восеньскі дождж – ня самы лепшы пейзаж дзеля паляпшэньня настрою.

У доме Аркадзевай удавы пра паскудны дождж і абрыдлыя лужыны на вуліцах забывалася адразу. Здаецца, гэты стыль называецца ампір... Як у песьні Грабеншчыкова: “И золото на голубом”… Любяць жа нашыя багацеі гуляць у радавую арыстакратыю. На гэтым урачыстым фоне Ліля Баркун у чорнай сукенцы, шчыльна па фігуры, выглядала як віцэ-міс прыгажосьці... Дагледжаная і пакрыўджаная, што не галоўная міс. Цёмнае бліскучае «карэ» валасоў, тонкія бровы ганарліва выгінаюцца, вусны дакладна абмаляваныя, і ніжняя губа ледзь заўважна наперад – прыкмета ўладарнае натуры... І ніводзін афіцыянт не наважыўся б падаць такой пані нават трохі астылую каву... У твар не ліне, але даб’ецца, каб нядбайны застаўся беспрацоўным.

Твар са звыкла нейтральным выразам... Дакладна такой яна была ўчора на пахаваньні. Хіба пад вачыма напухла... Я, праўда, стаяла далёка, за сьпінамі натоўпу, але чула, як жанчыны шапталіся, асуджаючы ўдаву, што ня плача, не галосіць. Цікава, як яны з Аркадзем пазнаёміліся? У іх было рамантычнае каханьне?

— Трэба, каб вы напісалі за тры тыдні, — голас магнаткі дрыжэў, як у звычайнай кабеты ў горы. Усё-ткі каханьне было, вырашыла я. – Вось аванс...

Маладзён у элегантным шэрым касьцюме з жалобнай стужачкай на рукаве падаў мне канверт. Удава адвярнулася да стала, на якім у чорнай рамцы стаяў партрэт памерлага, прагаварыла:

— На сорак дзён зьбяруцца ўсе, успомніць Аркадзя... Ваш тэкст у друкарню трэба здаць праз месяц.

— Я пастараюся...

Ліля працягвала, гледзячы на партрэт.

— Усё павінна быць так, як хацеў Аркадзь. Прыгожая гісторыя пра вежу. Муж верыў, што яго продак быў рыцарам і бараніў ратушу ад ворагаў. І пра гэта каб згадвалася... Пра гадзіньнікі... Столькі грошай на тыя гадзіньнікі ляснулася! А я яшчэ сварылася...— удава сутаргава ўсхліпнула – мне падалося, што зараз яна заплача, і чужое гора выплюхнецца перада мной, як гарачая кава з упушчанага кубка, абварыць, пазначыць чарнатой... І ні ў якім разе нельга адкаснуцца, захіліцца. Але Лілія Пятроўна перамагла сябе і загаварыла зусім па-дзелавому.

— Гадзіньнікі ў пакоі на другім паверсе. Іх фотаздымкі павінны быць у кнізе... Юрый, вы, як сьпецыяліст, усё і раскажыце пра іх шаноўнай Ганьне. Алекс, праводзь.

...Яны стаялі ля сьценаў пакоя з бела-залатымі шпалерамі, нібыта старыя, параненыя рыцары, што вярнуліся з крыжовага паходу і патрапілі на каралеўскі баль, дзе іх ніхто ня памятае, у іхнія подзьвігі ня верыць, і іх іржавыя латы і пасечаныя цёмныя твары аніяк не стасуюцца з бліскучым прыдворным сьветам. Гадзіньнікі...

Але гэта ўсё яшчэ былі пагрозныя рыцары часу... Іхняе маўчаньне здавалася поўным дакору. І... я іх ужо калісьці бачыла. Гэтыя грувасткія скрынкі з металу і дрэва, з дзівоснымі фігуркамі...