Выбрать главу

— Чаму яны такія вялікія?

— Вялікія? – Юрась, у сваім старым чорным швэдары гэткі ж недарэчны тут, як і «рыцары часу», засьмяяўся. На шчасьце, ён зноў нагадваў нармальнага чалавека, у меру цікаўнага і іранічнага, і ў ногі кідацца мне не зьбіраўся. – Гэта на погляд сучаснага чалавека – вялікія... А на час свайго стварэньня яны былі — як ноўтбук у параўнаньні з колішняй ЭВМ, што займала цэлы пакой. Тады ж механічныя гадзіньнікі толькі пачыналі ўваходзіць у моду. Зазвычай карысталіся клепсідрамі, вадзянымі гадзіньнікамі, або гнамонамі – сонечнымі... Былі нават пераносныя сонечныя, маленькія, з яблык. Пясочныя таксама меліся. Іх насілі прывязанымі стужкай да нагі трохі ніжэй калена. Напэўна, гэта быў асаблівы шык. Вогненныя гадзіньнікі ўжываліся...

— Гэта як? – не зразумела я.

— Сьвечкі з нанесенымі на іх дзяленьнямі, — патлумачыў Юрась. —Нават у князя Вітаўта ў пакоях гарэла такая сьвечка – велізарная, на цэлыя суткі... І калі згарала адно дзяленьне – гэта значыць, прайшла гадзіна — слуга абвяшчаў пра гэта на ўвесь палац...

Я падышла да гадзіньніка, падобнага да маленькага гатычнага храма. На цыферблаце з жоўтага металу – дваццаць чатыры дзяленьні, гатычныя літары замест лічбаў...

— Ой, усяго адна стрэлка засталася... — пашкадавала я. Мой былы муж усьміхнуўся.

— Хіба не заўважыла – у іх усіх адна стрэлка.. Гадзіньнікавая. Так было прынята. Хвілі тады ніхто не лічыў – навошта? Ну а простым месьцічам ці сялянам – якія там механізмы! Царкоўны звон ды свойскі певень... Калі напачатку 15 стагоддзя ў многіх гарадах пачалі зьяўляцца вежавыя гадзіньнікі, велізарныя, дарагія, дыхтоўныя – гэта была падзея.... А такія, пакаёвыя, якія можна пераносіць, маглі сабе дазволіць толькі самыя багацеі.

–А адкуль іх, дванаццаць, узялося ў Старавежскай ратушы?

Юрась схіліўся ля бакавой сьценкі аднаго з гадзіньнікаў, на якім сьмешны чалавечак у кароне ўкленчыў перад кашчавай постацьцю з касой. Я зноў адзначыла, што левая палова твару майго былога ў тонкіх шнарах, пры першым поглядзе амаль не заўважных.

— Вось гэта той, самы першы, Баркуноў гадзіньнік. Я яго рэстаўраваў. Зірні...

На чорным дрэве – выпалены надпіс: BERNACCONI.

— На астатніх гадзіньніках – тое самае, — патлумачыў Юрась. — Думаю, што менавіта па гэтым знаку можна адсачыць гадзіньнікі з вежы.

— Кляйно майстра? – я з павагай правяла рукой па паверхні, адпаліраванай часам, кранула жалезнага званара, які рыхтаваўся ўдарыць малатком у бронзавы звон, але, відаць, ужо колькі стагоддзяў так і ня мог узьняць свой малаток...

— Хутчэй, прозьвішча ўладальніка, — азваўся Юрась. — Гадзіньнікі – розных майстроў. Гэты, са сьмерцю і каралём – з Чэхіі. А вось тыя два, адзін са сьвятым сямействам, другі з грыфонам – з Нюрнбергу. Хто такі Бернацоні – я ня ведаю. Але зразумела, што прывёз ён сюды свае гадзіньнікі, а вывезьці ня змог. Схаваў у лёхах старавежскай ратушы. Аркадзь, дык той, відаць, гісторыю Бернацоні раскапаў. Але чамусьці мне нічога не расказваў.

Я асьцярожна дакранулася да бліжэйшага з гадзіньнікаў. На ім лёталі анёлкі з абсечанымі крыламі і вышчарбленымі тварыкамі – нібыта перахварэлі страшнай сярэднявечнай хваробай. Каму яны адлічвалі час? І ці шчасьлівы быў той час?

— Вось тут зьвесткі пра кожны экспанат, — акуратны малады чалавек з жалобнай стужкай на рукаве пінжака працягваў празрыстую зялёную тэчку з паперамі.

«Чорны Ганс»... Гадзіньнік са шпіньдзельным пускавым механізмам, невядомы майстра, Любэк, 15 ст. Корпус букавы, разьба. Ударны механізм – скульптура бронзавага званара. Цыферблат масянжовы. Гіры сьвінцовыя на вяроўцы з авечых кішак...»

— Што?... — адарвалася я ад папераў. — Чаму з авечых кішак?

— Таму што звычайныя вяроўкі расьцягваліся. А гэтыя – сама бачыш, дасюль цэлыя. І драўніна бука – таксама трывалая, найчасьцей яе майстры ўжывалі.

«Сьвятое Сямейства... Гадзіньнік механічны... Невядомы майстра, Нюрнберг, 15 ст. Корпус букавы, разьба, пазалота...»

Раптам за дзьвярыма пачуліся крокі і нечыя галасы. У пакой увайшла Ліля з усьмешлівым самавітым панам у элегантным касьцюме. Усьмешка пана была вытрымана-спачувальная... Але сам ён больш быў падобны да шоўмэна – чарнявы, каржакаваты, як старасьвецкая шафа з пукатымі дзьверцамі, рысы твару буйныя, голас нізкі, як дуда. Так і здаецца, што зараз схопіць цябе за рукаў і выцягне на сярэдзіну залы, адказваць на непрыстойна-жартаўлівыя пытаньні... І мне неадольна захацелася схавацца за адзін з гадзіньнікаў. Але было позна.

— Ганна Барэцкая! Якія людзі! Юра-аська! Зноў разам, як на першым курсе! Малайцы!