— У нас з Анэтай проста дзелавая сустрэча, Віталь Аляксандравіч,— нейкім афіцыйным голасам паведаміў Юрый, нібыта адхрышчваўся ад ганебнага ўчынку. Мяне нават «зачапіла»...
— А-а, а я думаў, у цябе, так бы мовіць, рэзкі паварот жыцьця... —расчаравана працягнуў госьць, нібыта зьбіраўся быць нашым сватам. — Ну, даражэнькія, усё роўна рады вас бачыць.
Давялося вітацца, выцерпець абдымкі і прапахлы тытунём і каньяком пацалунак у шчочку… Віталь Янчын ніколі не адрозьніваўся далікатнасьцю. Затое ніхто й ня думаў зваць яго па бацьку, нягледзячы на розьніцу ва ўзросьце. Ён усіх – на «ты», і да яго – «Віталь». І тады, калі ён выкладаў нам тэорыю журналістыкі і баяў на лекцыі непрыстойныя анекдоты, і калі я рабіла з ім гутарку для сваёй газеты пра дабрачынную акцыю тытунёвай фірмы, прадстаўніком якой на Беларусі ён быў прыладзіўся. А пасьля надрукаваньня гэтай гутаркі Віталь абяцаў выдраць мае рудыя валасы і зрабіць з іх шчотку для ўнітаза… Яго фірма закупіла для музею калекцыю карцінаў. Я падчас уручэньня моўчкі абуралася – набыта на грошы, якімі нашыя людзі аплочваюць сваю згубную звычку! Але апісала ўсё сумленна. Ды пільнае маё начальства выкрэсьліла ўсе згадкі пра падазроную фірму. Атрымалася, што калекцыя карцінаў зьявілася ў музеі нейкім цудам. А мецэнаты прэс-канферэнцыю ладзілі, журналюгаў шампанскім паілі... Зразумела, вінаватай засталася я. Цяпер, падобна, на былых прэтэнзіях пастаўлены крыж.
— Ганначка стане пісаць пра Аркадзя, так, Ліля? Цудоўны выбар! Гэтая дзяўчынка напіша, як мае быць! —каб не патрэба захоўваць жалобны выраз твару, жыцьцярадаснасьць струменілася б з Віталя, як вада з рэшата. —А ты, Юраська, значыць, усё па-ранейшаму пакутуеш? Вось жа «пашанцавала» табе, беднаму…
Віталь зьвяртаўся да майго мужа, як да цяжка хворага, змоўніцкім шэптам. Юрась зьбялеў і, апусьціўшы вочы, сказаў нечакана цьвёрда:
— Гэта мая справа, Віталь Аляксандравіч.
Я са зьдзіўленьнем пераводзіла вочы з аднаго на другога, спрабуючы здагадацца, пра што гаворка.
— Ну, ну, не крыўдуй… Ты малайчына. Выпаў крыж – нясі… Ведама…
Апошняе прагучала трохі фальшыва. Я нічога не распытвала пра асабістае жыцьцё майго былога мужа, а тут, відаць, мелася нейкая таямніца. Але мне не атрымалася на гэтым засяродзіцца. Удава абвяла рукой вакол.
— Вось яны, гадзіньнікі з вежы.
Віталь пацокаў языком.
— Ай-яй, даўніна якая… Антыкварыят! Хаця ў калекцыі Пятра Апанасавіча ёсьць некалькі вельмі падобных. Ды вось хоць бы нядаўна з Польшчы прывёз цэлы фургон гадзіньнікаў – і вялікіх, як гэтыя. І малых... Нават цыферблат ад вежавых...
Юрась шапнуў мне:
— Гэта ён пра Калыванава... Прэс-сакратаром у яго працуе.
Нішто сабе прыладкаваўся! Калыванаў – расейскі магнат, меў тут сумесныя прадпрыемствы. Удава дужа зацікавілася пачутым:
— Аркадзь марыў, каб сабраць усе дванаццаць гадзіньнікаў!
Наш былы выкладчык спачувальна паківаў галавой.
— Пётр Апанасавіч твайго мужа вельмі паважаў. Не сумняюся, што, калі ў яго калекцыі выявяцца патрэбныя экземпляры – падорыць. Шырокай душы чалавек...
Лілія Пятроўна перарывіста ўздыхнула.
— Як было б цудоўна – сабраць усе дванаццаць, паставіць у вежы, і каб яны ішлі... Аркадзь мне тысячу разоў пра гэта казаў, а я не прыслухоўвалася...
Голас яе перарваўся. Госьць спачувальна дакрануўся да яе пляча.
— Ня плач, Ліля... Паспрабуем арганізаваць... — і дастаў сотавы. Пасьля нядоўгіх перамоваў радасна паведаміў:
— Я ж казаў – шырокай душы чалавек! Гадзіньнікаў старых у яго сотні з дзьве. І маленькія, і большыя за гэтыя... Калі ня знойдзем дакладна з вашае вежы – дык падбяруцца падобныя. Галоўнае, каб дванаццаць! І каб на вечарыне ў памяць Аркадзя яны цікалі!
Юрась запярэчыў:
— Можа не атрымаецца ўсе адрамантаваць.
— Э! Не праблема! – Віталь схаваў сотавы ва ўнутраную кішэню пінжака. — У Пятра Апанасавіча ў катэджы пад Старавежскам майстэрня па рамоньце антыкварных аўтамабіляў. Апошні віск тэхнікі – абсталявана. Гадзіньнікі, калі трэба, таксама там рамантуюць – з калекцыі ў катэджы. А калі яшчэ ты, Юрась, возьмешся – дакладна адладзім!
Ліля запытальна зірнула на Юрася. Той пакруціў галавою.
— Ня ведаю... Пашкоджаныя скульптуры, вядома, за месяц не адновіш... Хіба збольшага. А механізмы, у прынцыпе, тады рабілі на вякі...
— Ну вось і бярыся неадкладна! — уладарна загаварыў Віталь. — Фігуры – Бог з імі, пасьля дапрацуеш. Галоўнае – каб цікалі. Якіх дэталяў не хапае – ты толькі намалюй, за суткі зробяць. Пяць тысячаў баксаў гарантую, калі атрымаецца. Вось што... Гэтыя скрынкі ўсё адно трэба ставіць у вежу... Напачатку завязем іх у майстэрню, і Юрась разьбярэцца, што да чаго, складзе «чароўную дванаццатку». Ён жа – майстар-цуда! І Ганначку з сабой возьмем – будзе там пісаць, фатаграфаваць... Усе архіўныя дакументы, якія трэба, даставім. А на саракавіны ўрачыста адчынім у ратушы музей імя Аркадзя Баркуна. Я праязджаў учора, зірнуў — там ужо ўсё амаль расчысьцілі, трэба толькі вокны зашкліць. Пятро Апанасавіч прафінансуе. Дый мы ўсе скінемся. Усе ж пад Богам ходзім... У Калыванава пару гадоў таму таксама нейкі гад страляў. Ня любяць у вялікім бізнэсе сумленных людзей... Вось пра што пісаць трэба было, — гэта Віталь дакорліва кінуў мне на разьвітаньне.