Мы ехалі ў звычайным гарадскім тралейбусе, і раскоша Баркунова дома здавалася мне прысьнёнай. За вокнамі імчаліся агні начнога гораду, быццам згубныя балотныя агеньчыкі. Уяўляю, якімі нечувана прыгожымі здаюцца гэтыя падсьвечаныя фасады дамоў на сталічным прасьпекце якой-небудзь дзяўчынцы з Аляхновіч, дзе ўзімку трэба вучыцца ў школе, не здымаючы футра, а ўвечары гэтая дзяўчынка стаіць разам з усімі месьцічамі на чыгуначнай станцыі і выглядае, калі прывязуць цыстэрну саляркі, якая хоць на нейкі час верне цяпло ў кватэры... А міма, не спыняючыся, пралятаюць цягнікі далёкага накірунку, вокны якіх гараць нетутэйшымі прыветнымі агнямі... Як цікава было б гэтай дзяўчынцы, якой магла б быць я, ехаць у гэтым тралейбусе вось тут, на задняй пляцоўцы, і разглядаць залітыя сьвятлом дамы...
Але я развучылася радавацца таму, што жыву ў вялікім горадзе. Юрась зацята маўчаў, абапершыся локцямі на парэнчы і ўглядаючыся ў зьбягаючую назад бліскучую чорную стужку мокрага асфальту. Чорны швэдар на локці зацыраваны... Няўжо так мала зарабляе сваёй рэстаўрацыяй, што на куртку сабе не агорае? Я ведала, што Юрасёў бацька памёр. Але ж нібыта і рэстаўратары такога палёту не жабруюць... Напэўна, проста ня сочыць за сабой. Так, немагчыма паверыць, што калісьці між мною і гэтым мужчынам былі нейкія... іскры цікаўнасьці.
Паўпусты тралейбус пагрукваў, нібыта развальваўся. Я на хвілю ўявіла, што так можа выглядаць сучасны Харонаў транспарт. Вось прыпыніўся, каб прыняць у сябе новыя памерлыя душы...
Раптам Юрась азірнуўся і ўвесь напружыўся, і нібыта між намі ўпала нейкая сьцяна. Ён пільна глядзеў на дваіх, што ўвайшлі ў сярэднія дзьверы і ўсаджваліся на адно з абабітых карычневым, скрэмзаным шматлікімі непаўналетнімі пасажырамі дэрмацінам, сядзеньне. Высокая худая дзяўчына ў чорным скураным плашчы і капелюшы і хлопец у джынсоўцы. Неахайныя пасмы валасоў амаль закрывалі яго твар. Пара была дзіўная. Ня п’яныя, але рухаліся неяк нязграбна, нібыта толькі што, пасьля доўгага блуканьня, выйшлі з цемры сутарэньняў на сьляпучае сьвятло. Юрась ірвануўся да іх, нават нічога мне не патлумачыўшы. Я бачыла, як ён схіліўся над дзяўчынай, нешта ціха ёй сказаў, пасьля пацягнуў за руку да дзьвярэй. Я здагадалася, што хутчэй за ўсё прысутнічаю пры сямейнай разборцы, і з прыкрасьцю адвярнулася.
— Адкасьніся... – голас дзяўчыны быў гучны, але нейкі санлівы.
— Стэла, дадому! Уставай!
Бач, які ўладарны! Я зноў кінула пагляд у іх бок... Юрась падвёў дзяўчыну да дзьвярэй. Дзіўна, але хлопец, з якім тая зайшла ў тралейбус, нават галавы не павярнуў. І тут Юрасёва кабета паглядзела на мяне... Божа, якая прыгажосьць! Эльфійская князёўна... Твар бледны, як парцаляна, і худы, з тонкімі рысамі, вочы вялізныя, бліскуча-цёмныя... І чорныя прамыя пасмы валасоў зьвісаюць з-пад капелюша, нібыта не выпадкова, а нейкі мастак доўга падбіраў, як іх укласьці, каб падкрэсьліць незвычайную, нейкую трагічную і хваравітую гожасьць уладальніцы. Я глядзела на ўсе вочы, забыўшыся на прыстойнасьць. Тралейбус спыніўся. Дзяўчына ўсьміхнулася – горкай, імгненнай усьмешкай, і выйшла ў ноч і восень, у суправаджэньні ўнуранага, напружанага Юрася, які, дарэчы, нават і не зірнуў у мой бок...
Я ніколі не зайздросьціла дзяўчатам, якія былі прыгажэй за мяне. Зайздрасьці не было і цяпер. Але... нейкая туга. Так, дзеля гэткай жанчыны можна сьцярпець усё... І дараваць здраду, і цярпліва дабівацца каханьня. А мне застаецца гэты паўпусты тралейбус, мокры асфальт, што ляціць за вокнамі, быццам чорная рака, і ўсе лістапады, па якіх я буду блукаць – сама, сама, сама...
Белы анёл біўся ў вітражнае вакно, адчайна прасіўся ў пакой. Напэўна, гэта была проста птушка, скрозь сьлюдзяныя падфарбаваныя пласьцінкі можна было разгледзець толькі, што белая. Але ў тым паўсьне, у якім жыла Анэта, чаму б не зьявіцца анёлу? Вокны адчыняць забаранялася. Але анёлам адмаўляць нельга. І нават птушкам – бо гэта стварэньні Божыя. Шыбы з цяжкасьцю паддаліся... Над галавою Анэты імкліва праляцела нешта сьветлае... Дзяўчына не разгледзела крылатага госьця, бо ад струменю сьвежага паветра, што ўварваўся з вуліцы, галава закружылася так, нібыта вярнуўся шалёны карагод. Анэта мімаволі падалася наперад, ухапілася за падваконьне, каб ня ўпасьці... Горад ляжаў перад ёю, нібыта скалечаны вой. Чорнае гольле дрэў (няўжо такая позьняя восень?)... Дым ад вогнішчаў... Зусім няма людзей... А яшчэ нядаўна на гэтай плошчы віраваў стракаты натоўп. Які крык падымаўся, калі на плошчы зьбіралася капа – сойм, каб вырашыць нешта важнае. Вароны тады не наважваліся і блізка падлятаць да горада. А ў звычайныя дні тут можна было пачуць самую розную гаворку, і выбраць сабе ў шматлікіх лаўках з вясёлымі навязьлівымі гандлярамі каралі з чэшскага шкла або персіянскую хустку, пералівістую, як вясёлка. Старыя бурчэлі – маладая паненка добрага роду бегае па горадзе адна. Але гарэзе Анэце, адзінай дачцы пана Варавы Ляскевіча, дазвалялася больш, чым яе сябрынькам. Татусь звык размаўляць з ёю як з роўнай, і Богуш ня стаў бы замыкаць сваю «белагаловую» ад гасьцей, як пан войт. Праўда, войтава жонка, чарнабровая маскавіцянка Марыя, сама хавалася, калі ў дом прыходзілі мужчыны. Войт Марка Доўмель, бацькаў добры сябра, апраўдваўся – у такіх звычаях вырасла. Варта было паглядзець на пачварныя ўборы тае Марыі, што рабілі яе падобнай да вялізнай падушкі – ні шыі не відаць, ні стану – каб зразумець, што за звычаі ў ейнай Масковіі. Войцісе ж такое апрануць, як тутэйшыя шляхцянкі носяць – грэх.