Выбрать главу

Анэта любіла выбіраць сабе ўборы... Яны з Богушам зараз хадзілі б па гэтай плошчы разам, і яна купляла б сабе падарункі да вясельля. Тонкі ядваб, зялёны, як першае бярозавае лісьце... Гафтаваныя перлінамі чаравічкі, у якіх гэтак вольна бегаць-сьлізгаць па нацертай воскам да вадзянога бляску падлозе... Рукавічкі са срэбнага дзівоснага футра... Богуш ні ў чым ёй не адмаўляў. Навошта даражыцца, калі заўтра ці нават сёньня на горад могуць напасьці крымчакі, ці шведы, ці маскоўцы, і зьнікне кароткая радасьць... Богуш заўсёды біўся ў першых шэрагах, яе слаўны рыцар... І ейная зялёная стужка была ў яго на шлеме. Іх каханьне і нарадзілася ў бойцы... Богуша і Анэту сасваталі яшчэ малымі. Але дзяўчына зусім не была ў захапленьні ад задзірастага хлапчука з непакорлівымі цёмнымі віхрамі...

Ён паехаў у Кракаўскі універсітэт, вярнуўся... У стракатых штанах і дзюбастых чаравіках са званочкамі на насах. З плоймай лацінскіх выказваньняў, якія ўстаўляў да месца і не. На бацькавы ўгаворы Анэта капрызіла: «Не хачу замуж за гэтага боўдзілу! З яго ж усе сьмяюцца!»

Пад сьцены Старавежску прыйшлі татары. Да Вялікага князя паслалі па дапамогу. Але пакуль княскае войска падыдзе, даводзілася спадзявацца толькі на свае сілы. Богуша прынесьлі ў ратушу, дзе зладзілі лазарэт, калі напад быў ужо адбіты. Вялікі князь так і не прыслаў войска ў непакорлівы горад, што не прымаў ягонага войта і заключаў гандлёвыя дамовы з ягонымі ворагамі. Ганец вярнуўся са словамі «Каму служыцьме, у таго і дапамогі прасіцьме».

А Старавежск не служыў нікому.

Паважныя воі расказвалі пра геройствы маладога Радчыца і шкадавалі, што такі добры ваяр памрэ. Анэта нахілілася над параненым... Ён быў зусім бледны, валасы прыліплі да скрываўленага ілба. Раптам веі задрыжэлі, бліснула сінь вачэй... Ён пазнаў яе. І... паспрабаваў усьміхнуцца. Каб падбадзёрыць сваю палахлівую дзяўчынку. «Ня плач, Анэта, а то жабы ў пакоі разьвядуцца». Яна хутчэй адгадала, чым пачула, яго ўлюбёную дражнілку.

І ўспамін пра тую ўсьмешку на зьбялелых ад болю вуснах дасюль прымушае сэрца сьціскацца...

Тады ён выжыў… Было кароткае шчасьце. Анэта ведала – Богуш абраў бы лепей сьмерць ад варожага мяча, чым ад хваробы… Але пані Сьмерць дыспутаў ня ладзіць.

Няма болей Багуслава Радчыца...

Сьцелецца над брукаванкай горкі дым, карычневая лістота ўжо не шасьціць, прыбітая дажджамі да зямлі. Толькі дзіўныя застрашлівыя постаці вартаўнікоў па краі плошчы. Захутаныя ў цёмныя плашчы, што напінаюцца зброяй, твары да вачэй абвязаныя белымі палотнамі – як у сарацынаў...

—Анэ-эта-а! – зноў мсьціцца далёкі голас Богуша...

Цёмныя постаці ўнізе зварухнуліся, зрушыліся...

Моцныя рукі адштурхнулі дзяўчыну ад вакна.

— Дурное дзяўчо! Пошасьць прыходзіць з паветрам!

Бернацоні злосна зачыніў шыбы, нібыта за імі стаілася сама сьмерць. Шоргат крылаў прымусіў яго азірнуцца. Белы голуб сеў на плячо лекара. Анэта са зьдзіўленьнем убачыла, што суровы твар італьянца прасьвятлеў ад радасьці. Бернацоні схапіў птушку, нешта адвязаў ад яе лапкі, няўважна падкінуў птушку ўверх, і тая, спалохана пакружляўшы, села на адзін з гадзіньнікаў... Анэта здагадалася, што голуб прынёс чаканыя весткі. Можа, ад самога Вялікага князя. Відаць, бедная птушка зблудзіла ў сьмярдзючым дыме і не даляцела да адмысловага акенца на гарышчы. Але ўсё-ткі шкада, што прыляцеў не анёл.