Хрыплы сьмех блазна Карэйвы парушыў урачыстасьць словаў.
— Хе-хе-хе! Схіліце хвост ды пад мост, ягамосьці! Важныя ў вас госьці! Паздароў, Божа, паноў, што няма ні коней, ні кароў, адныя мігдалы нябёсныя, дый тыя зямлёй пахнуць. А мы вам пернікаў прывезьлі. Смачныя, княскія! Хе-хе-хе!
Новы войт злосна зірнуў на блазна – што з дурня возьмеш.
— Мне загадана ягонай мосьцю ўсяляк ратаваць і адбудоўваць горад, спрыяць, каб ён зноў насяляўся і гандляваў, і прымнажаў славу княства.
— І пастаўляў князю вояў для патрэбных толькі яму звадак! – выкрыкнуў сінявокі рыцар. – І аддаваў на княскі суд, хто князю ня ўгодзіць! У халопы месьцічаў запішаце.
— Магдэборгскае права ў нас ніхто не забярэ! – крыкнуў стары шляхціц.
– А навошта князь свайго біскупа прысылаў? — азваўся яшчэ адзін. — Мы не папісты! Гэта толькі князь можа веры мяняць, як вужака – скуру. Ганьба!
Рожа нават брывом не зварухнуў на дзёрзкасьць. Яшчэ ня час. Між тым дзесьці ў канцы вуліцы пачуліся радасныя выкрыкі. Лаўрын задаволена пасьміхнуўся, нават не азіраючыся, ведаў: гараджане ўбачылі абоз, які ехаў за войскам – калёсы, гружаныя мяхамі з зернем, бочкамі з медавухай... Цяпер горад адданы князю. І фанабэрыстыя шляхцюкі, якіх абышла сваёй увагай нават сьмерць, застануцца пры сваіх крыўдах і без усялякае моцы. Такія ёсьцека ў кожным горадзе, які належыць князю. Гэта нават добра – вось яны, гарладзёры, крычаць, пустасловяць, а велікадушны ўладар ім даруе ад магутнасьці і справядлівасьці сваёй. І просты нямудры чалавек ведае: бяда, калі гэтыя задзіракі да ўлады дабяруцца. І яшчэ больш любіць магутнага справядлівага князя. І заўсёды ёсьць каго зьвінаваціць у нястачах і бедах дзяржавы. Услых Лаўрын прамовіў, аднак, іншае.
— Мы – адзін народ, пане-браце. Слова гонару – я буду бараніць вольнасьць Старавежску гэтак жа, як вы, панове.
— Хе-хе-хе! – зноў зайшоўся хрыплым сьмехам кручок-Карэйва, і рэхам прагучэла карканьне варон, што кружылі над пляцам, быццам чорныя багі сьмерці пяшчотных сьняжынак, якія апускаліся на горад.
Не, сапраўды, ад гэтага дурня варта пазбавіцца...
— Кожнае каліўца волі дарагое ліцьвінскаму сэрцу, — сурова прамовіў сівавусы. – Таму без супраціву ня вытапчацца ніводнае. Чаму дасланы князем лекар Бернацоні не пускае нас да ратушы?
— Італіец – вядзьмак! – выкрыкнуў нехта са старавежцаў. — Гэта з-за яго пачаўся шал! Ён д’ябальскія скрынкі сюды прывёз!
Пан Ляскевіч падняў руку і спыніў крыкі, што ўсчаліся пры адной згадцы пра лекара.
— Мы ня можам зьвінаваціць пана лекара ў нашых пакутах, бо доказаў ня маем. Мы ведаем толькі, што апошнім часам пан Бернацоні выратаваў шмат хворых, што міласэрна адведваў дамы, пазначаныя сьмерцю, куды шмат хто не насьмеліўся б занесьці і кроплі вады ці кавалка хлеба нават дзеля выратаваньня ўласнае душы. Але выявілася, што лекар гвалтам трымае ў вежы дзяўчыну... Магчыма, гэта мая дачка Анэта.
Голас Ляскевіча здрыгануўся. Рожа недаверліва хмыкнуў.
— Адкуль такія зьвесткі?
— Пан Багуслаў Радчыц бачыў дзяўчыну ў вакне ратушы.
Сінявокі шляхціц ступіў наперад.
— Гэта была яна, Анэта! Мая нявеста! Я пазнаў бы яе нават тады, калі б яна ператварылася ў аблачыну ці ў птушку!
Рожа прымірэнча падняў далоні.
— Добра, добра, не гарачыцеся, пане-браце! Тут зьясаваць патрэбна. Што за дзяўчына, ці сваёй воляй там, ці ёсьць яна ўвогуле... Вядома, гвалт над паненкай – ганьба. Князь такога не даруе. Калі лекар у падобным вінаваты – адкажа горлам. Будзеце мець ягоную галаву на палі. А пакуль прашу ягамосьцяў саступіць дарогу.
— Мы пойдзем з вамі ў ратушу! – гэта крыкнуў Багуслаў. Рожа, не сьпяшаючыся, сеў на каня і толькі тады адказаў, амаль ласкава, як несьвядомым дзецям тлумачаць, чаму нельга хадзіць далёка ў лес.
— На жаль, пакуль не прыбудуць у Старавежск мошчы сьвятога пакутніка Віта, пакуль на пляцы наш шаноўны біскуп ня зладзіць чын выгнаньня шатана, пакуль ня пройдзе хросны ход вакол ратушы ды ўсяго горада, — Вялікі князь загадаў нікога са старавежцаў на пляц не пускаць. Каб не ўзбудзілася зноў шаленства. Так, панове, падумайце самі, што, калі вы зноў паляціце карагодам? Вы ж маглі падхапіць тое насланьнё! Наблізіцеся да вежы, тут вас мара і апануе.
— Хе-хе-хе! І будуць панове скакаць, скакаць, таньчыць, як лялечкі на вяровачках...— пранізьлівым голасам пракрычаў Карэйва. Старавежскія шляхцюкі, амаль усе, апусьцілі вочы, згодна заківалі, і застарэлы страх лёг ценем на іхнія твары. Як лёгка кіраваць тымі, хто аднойчы сьмяротна спалохаўся. Малады Радчыц і сівавусы Ляскевіч яшчэ нешта крычалі, абураліся, але соцкі Баркун падаў знак, і старавежцаў ветліва, але рашуча адсунулі ўбок. Частка княскіх вояў засталася, каб узмацніць ахову, а новы войт са сьвітай рушыў да вежы, над якой усё яшчэ лунаў сьцяг незалежнага горада – са срэбным коньнікам на барвова-белым полі.