Выбрать главу

— Дык ягоны ж продак быў тутэйшым рыцарам, соцкім яшчэ ў 15 стагоддзі! – прадэманстравала я сваю эрудыцыю. Пётр Піліпавіч суха засьмяяўся.

— «Рыцар!» Паслугачы і каты яны былі з пакаленьня ў пакаленьне, у 19 стагоддзі адзін з Баркуноў паўстанцаў Каліноўскага вешаў. Род занепадаў, як Богам пакараны. Дзіва што Баркун стаў старшынёй бядняцкага камітэту – шчанюком яшчэ быў, але ўжо гарлапан, якіх мала. Так я вашаму Аркадзю і сказаў. Ён толькі дзьвярыма ляснуў і пайшоў, як мыла зьеўшы.

— А ці не заўважылі ў тых лёхах, калі гадзіньнікі знайшлі, чагосьці яшчэ, няхай нязначнай, дзіўнай рэчы? – настойліва спытаў Юрась. – Успомніце, калі ласка...

Калейка паціснуў плячыма.

— Ну каб я сам там прысутнічаў, дык нешта, можа, і згадаў бы. Але я тады яшчэ на сьвет не нарадзіўся. Вось студню бачыў, калі аднойчы ў маленстве залез у тыя лёхі. Атрымаў пасьля ўдома лупцоўкі добрай. А, яшчэ бацька казаў, срэбны сярпок знайшоўся...

— Які сярпок? – напружана перапытаў Юрась.

— Ну Бог яго ведае... Скрутак ля гадзіньнікаў валяўся, бацька дамоў цішком забраў. У скрутку й быў срэбны сярпок ды пабітае шкло. Звычайнае шкло, празрыстыя аскалёпачкі... Ад вазы нейкай, мусіць. Гэты сярпок потым маці ў вайну на авёс выменяла. І добра... Не хацелася б мець у доме нейкую рэч з праклятай вежы...

— А чаму яна праклятая? Няўжо вы верыце, што ў ёй сапраўды была замураваная сьмерць? – не выцерпела я.

Калейка памаўчаў, падціснуўшы вусны.

— Сьмерць з гэтай вежы сапраўды не вылазіць. У вайну там двух партызанаў расстралялі... У рэвалюцыю аднаго пана замкнулі, галоднай сьмерцю замардавалі... Пан, праўда, люты быў, жыў, нібыта прыгон ніхто не адмяняў – дзяўчатак вясковых у прыслугі наймаў, запалохваў, гвалціў... А ёсьць і яшчэ нешта, даўнейшае.

Калейка павагаўся, ягоныя вочы падазрона прайшліся па нашых тварах.

— Вось...

Стары дастаў яшчэ нейкую папку. Я ўбачыла знаёмыя гравюры, а таксама некалькі новых. Былы настаўнік беражліва ўзяў адну з іх у рукі.

— Каму ні расказваў з гісторыкаў, на сьмех мяне падымаюць. Маўляў, не было такога на Беларусі... А я ўпэўнены – тут гэта адбывалася, вакол нашай ратушы. Параўнайце – той самы будынак, што й на фотаздымках!

На гравюры быў тыповы матыў 15 стагоддзя – танец сьмерці. Узяўшыся за рукі, падскоквалі ў вычварным танцы малады мніх, дзяўчына ў шляхецкім строі, немалады таўстун са сьмешна вырачанымі вачыма і шкілет. Над каржакаватай вежай — сонца і месяц, зьяднаныя ў адзін абыякавы твар, расколаты напалам.

...Раскрыліся ізноў зямлі глухія нетры. І блазан, і кароль – у скокі сьмерці – кроч! Шалёны карагод кругі кругамі мерыць. І ўсьмешкі ўсё шырэй, бяздоньней погляд воч. І біскуп, і рабін, і вулічная дзеўка — Ня выдзерці з рукі скалелую руку – Імчаць за кругам круг. Сатлелыя павекі Ня скрыюць ад вачэй пустых – апошні круг. Нябачны барабан прысьпешвае кружэньне. Кашчавы дырыжор з бліскучаю касой Свой аглядае баль. Ні жалю, ні ўзрушэньня. Такі вось насамрэч на могілках спакой.

Раптам Юрась рэзка выпрастаўся на жорскім драўляным крэсьле, нібыта яго хтось ударыў па сьпіне. Вочы сталіся зусім адсутнымі...

— Што з табой?

Рэстаўратар нейкі час усё гэтак жа пазіраў у невядомую далеч, а потым пачаў неяк пасьпешліва развітвацца з гаспадаром. Я таксама з няёмкасьцю ўзьнялася. Калейка схаваў гравюры, фотадымкі і ўзьняў выцьвілыя, але ўсё яшчэ вострыя вочы на госьця, што мармытаў падзякі...

— Дзіўлюся я з вас... Гісторыя – гэта ня стос фотаздымкаў, якія можна тасаваць, укладаць у рамачкі, спальваць... Гісторыя можа забіваць і ўваскрашаць. А вы з ёю, як з уласным нататнікам... Упісаў нешта, выкрасьліў...– Пётр Піліпавіч сумна ўздыхнуў. — Вось, нешта тут вынюхалі, будзеце выкарыстоўваць... Ды можа, гэта вас выкарыстоўваюць нейкія непадуладныя вам сілы, перастаўляюць, як пешак, па клетачках? А гуляеце вы з такімі фігурамі, што вас неадменна зьядуць. Ну Бог вам суддзя... І не забудзьцеся, Ганна, як абяцалі – артыкул пра вяртаньне плошчы спрадвечнай планіроўкі! Сам у газету занясу!