Выбрать главу

Як яна выжыла? Гэта неверагодна… Апошнія восем гадзінаў хуткасьць карагоду была такая шалёная, што ня вытрымала б сэрца нават у дужага воя. А гэтае кволае дзяўчо…

— Што з намі здарылася?

Голас — як шамаценьне сухой травы. Але – яна ня толькі выжыла, яна пры розуме!

Бернацоні нахіліўся да дзяўчыны.

— Як цябе завуць?

— Анэта… Анэта Ляскевічанка.

— Хіба ты ня таньчыла разам з усімі?

Дзяўчына абхапіла галаву тонкімі рукамі, памаўчала.

— Я была ў карагодзе… Я думала, што памру… І не хацела паміраць. Мяне цягнулі… Я падала… А потым – вырвалася.

— Што вярнула цябе да сьвядомасьці?

Анэта апусьціла галаву, залатыя валасы ўпалі на калені.

— Ня памятаю… Мне трэба да Богуша… Багуслава Радчыца… Ён мой жаніх…— зусім ціха прамовіла дзяўчына, і Бернацоні зразумеў, што яна можа страціць прытомнасьць. Як добра, што варта нікога сюды не пускае. А пошасьць у хуткім часе забярэ ўсіх, хто яшчэ можа задаць пытаньні.

Унікальны выпадак! Ён мусіць вывучыць яго – дзеля навукі і... сусьветнага парадку. Калі дзяўчына змагла выжыць у карагодзе сьмерці, вытрымае і досьледы, якія даўно трэба было зьдзейсьніць.

Бернацоні ўладна загадаў:

— Пакажы свае ногі. Не саромся, я лекар.

І ў пацьверджаньне дакрануўся да залатога ланцуга. Анэта, памарудзіўшы, прыўзьняла край сукні… Так, хадзіць гэтая дзяўчына ня зможа яшчэ з месяц... Але калекай не застанецца. Выдатна…

— Я дапамагу табе.

Бернацоні накінуў на дзяўчыну свой плашч і падхапіў яе на рукі. Ніхто ня бачыў, як ён зайшоў у вежу.

Я неўразумела глядзела проста перад сабой, на сьцяну, абклееную белымі ў тонкую брунатную палоску шпалерамі (каб гэта была мая кватэра, я паклеіла б проста белыя)… Заснула за пісьмовым сталом! Непрыстойна прыгожы эпізод для пісьменьніцкай біяграфіі. Толькі я не прэтэндую на званьне пісьменьніка. Журналіст цягнецца да літаратуры, як архітэктар да выяўленчага мастацтва… Вечная нязьдзейсьненасьць ды незьнішчальная вера, што табе дадзеныя крылы, толькі чамусьці не распростваюцца… Званок у дзьверы, які мяне, відаць, і пабудзіў, не змаўкаў. Я пайшла адчыняць, кінуўшы па дарозе сярдзіты погляд на гравюру, якая спрыяла маім начным жахам.

Зірнула праз дзьвярное вочка… На пляцоўцы стаяў Юрась.

За нейкі ашмётак хвілі я пасьпела пераканаць сябе, што выглядаю цалкам спакойна, прычасацца і спырснуцца рэшткамі французскай парфумы.

Юрась, у адрозьненьне ад мяне, не падумаў пра зьнешні выгляд. Твар змучаны, вочы пачырванелыя, у тым жа швэдары, у якім я бачыла яго на кірмашы. Такі… звычайны мужчына. І чым ён калісьці мяне прывабіў?

— Можна зайсьці?

Я моўчкі адышлася ўглыб калідору. Юрась павольна ступіў цераз парог… І ў мяне зьявілася адчуваньне, што аб нябачную ракавінку, у якую схавалася маё жыцьцё, стукнуў каменьчык. Я ледзь не закрычала: «Што табе тут трэба?»

Былы муж абвёў вачыма небагаты пакой, адрывістым жэстам прыгладзіў стрыжаныя, але ўсё гэтак жа непаслухмяныя валасы (ага, таксама бянтэжыцца!), яшчэ больш зьбянтэжыўся, калі заўважыў у куце скураныя пантофлі майго апошняга бойфрэнда, дакладней, чарговага нязьдзейсьненага Вялікага Каханьня.

— Прабач, што патурбаваў… Ды яшчэ так рана… Але ты ведаеш, што ўчора здарылася.

— Ты… пра сьмерць Аркадзя? Жах… А ад чаго ён памёр?

Юрась пільна зірнуў на мяне.

— А табе хіба ніхто не сказаў?

— Не… Выглядаў здаровым. Можа, аварыя?

Мужчына, у якога ператварыўся мой колішні знаёмы юнак, адмоўна пакруціў галавой.

— Яго забілі.

— Што?!!—той Юрась мог падобным чынам пажартаваць.

— Забілі, калі вяртаўся дадому. У пад’езьдзе, — цярпліва патлумачыў гэты Юрась. — Застрэлілі.

Мне зрабілася млосна. Мой маленькі, спакойны, няяркі сьвет распаўзаўся, як сатлелы сувой.