Выбрать главу

А я і ня ведала, што ён можа выглядаць такім сур’ёзным… Хаця й тады быў зацяты. Так, час усіх пазначае сваёй кіпцюрыстай цяжкой лапай... Я зноў утаропілася на шнары на Юрасёвым ілбе, на шчацэ. А калі Юрась пацягнуўся, каб паставіць кубак, і рукаў швэдара ссунуўся, аказалася, што такія шнары на ягонай руцэ ад запясьця да локця. Ад ляза, ці што? Я чула, наркаманы рэжуць вены падчас ломкі… Але ня твар жа!

Былы муж, нібыта пачуў мае думкі, правёў даланёй па зраненай шчацэ:

— І ўсё-ткі, Анэта, прабач за настырнасьць, я хацеў бы даведацца гісторыю твайго знакамітага артыкулу. А то мне адны чуткі дасталіся.

Я ўздыхнула.

— Хваліцца асабліва няма чым. У Старавежск я прыехала ў камандзіроўку па лісьце чытача, таго самага Пятра Піліпавіча Калейкі, які мне гравюры падараваў. Раённае начальства пералавіла мяне на папярэдняй станцыі, запрасілі з аўтобусу ў машыну, усю дарогу пільнавалі, каб у мяне не было кантактаў з мясцовымі «дысідэнтамі»… Начытвалі на дыктафон нудныя справаздачы… Я была неспрактыкаванай дзеўчынёхай, але пэўная ўпартасьць мне ўласьціва...

— Вельмі пэўная, — не стрымаўся ад каментару былы муж. Я сярдзіта зірнула на яго і працягвала.

— Ну дык вось… Я ўсё роўна прарвалася «ў народ», і абураныя краязнаўцы мне нагаварылі… Гарадскую ратушу на той час занесьлі ў сьпіс гістарычных каштоўнасьцяў. Дзяржава давала на аднаўленьне вялікія сродкі. А мясцовае кіраўніцтва ў злосьці: раён заняпалы, школкі гібеюць без рамонту, у калгасах зарплаты няма чым выдаваць... А тут у нейкія разваліны ўбіваць жывую капейку! Начальства можна зразумець… Карацей, знаходзілі тым грашам лепшае прымяненьне.

— І ты пра гэта напісала сумленна і дасьціпна, так?

— Напісала… — уздыхнула я. — Са сваім дурным энтузіязмам, і з непахіснай верай, што ратую сьвет…

— І што? Мясцоваму начальству «нагарэла»?

— Ага… Чакай… Гэта я пасьля ўсьвядоміла, што падобныя нахабствы без самавітай падтрымкі не ўчыняюцца. Раптам выклікае мяне наша рэдактарка Клара Сьцяпанаўна і на ўвесь свой «трубны глас» абвяшчае, што я – ганьба для журналістыкі. Неправераныя факты, надуманая сенсацыя… І з-за мяне газеце даводзіцца кленчыць перад адміністрацыяй Старавежска.

— Чаму? – зьдзівіўся Юрась. – Ратуша сапраўды развальвалася!

— Ага… — паныла пацьвердзіла я. – Толькі яе тэрмінова перавялі ў разрад помнікаў мясцовай значнасьці. Сказалі – памылілася папярэдняя камісія, пераацаніла тую вежу… Так што гарадское кіраўніцтва цяпер мела ўладу даваць або не даваць сродкі на аднаўленьне ня надта патрэбных гораду руінаў.

Юрась толькі галавой пакруціў:

— Нішто сабе…

А заручальны пярсьцёнак на яго руцэ ня новенькі… Падрапаны... Я паныла ўсыпала ў сваю астылую гарбату яшчэ дзьве лыжкі цукру, нібыта спадзявалася падсаладзіць успаміны.

— Пакаяльны артыкул, які ад мяне вымагалі, я ўсё-ткі не напісала. Ну, падрабязнасьці ня буду… Агульнарэдакцыйны сход, абураныя лісты чытачоў… Звольнілі мяне з паскуднай фармулёўкай. І што цікава – яшчэ нядаўна ў некалькіх выданьнях былі са мною вельмі мілыя і пераманьвалі на працу, а тут перасталі пазнаваць… Так гэта сталася мне агідна, што я дала сабе слова – з журналістыкай пакончана. Калі нельга сумленна… Калі няма справядлівасьці… Дык не хачу ў гэтым быць.

Цені ад фіранкі, зробленай мною з карункавага покрыва ад рытуальнага ўбору крышнаітаў (знаходка сэканд-хэндаўская), варухнуліся на сьцяне, быццам нейкі буда дакорліва паківаў галавой. Юрась паставіў кубак на стол і сьцішана ўздыхнуў, быццам баяўся пабудзіць цяжка хворага. І загаварыў гэтак мякка-асьцярожліва.

— Можа быць, ты ўсё-ткі пасьпяшалася рабіць такія… незваротныя высновы? Паўсюль ёсьць сумленныя людзі… Можна было паспрабаваць пазмагацца, пайсьці ў недзяржаўныя выданьні... Нават калі б ты зьвярнулася да мяне – я абавязкова нешта прыдумаў бы. Не паверу, што ўсе адмовілі ў дапамозе.