Выбрать главу

- Сёння?.. Але чаму? - прагучаў голас Эрны.

- Не ведаю. Хто яго разбярэ. Тутэйшая кампанія яму не даспадобы, нашы знаёмыя яму яе падыходзяць - відаць, ён сам адчувае, што ён не на месцы сярод іх. Проста сорамна глядзець на яго - заўсёды ў пакамячаным гарнітуры, з расшпіленым каўнерыкам... Ты хоць скажы яму, каб ён, прынамсі, увечары адзяваўся больш прыстойна - ён цябе слухае. А сёння раніцаю... як ён накінуўся на лейтэнанта, - я гатова была скрозь зямлю праваліцца...

- Так, мама... а што гэта было?.. Я ўсё хацела ў цябе спытацца... што гэта найшло на тату?.. Такога яго ніколі не бачыла... я проста спалохалася.

- Глупства, проста ён быў не ў гуморы... мусіць, цэны на біржы ўпалі... ці таму, што мы гаварылі па-французску... Ён не выносіць, калі другія забаўляюцца... ты не заўважыла: калі мы танцавалі, ён стаяў у дзвярах, нібы забойца, які схаваўся за дрэва... Паехаць! Зараз жа паехаць! - і толькі таму, што яму гэтага захацелася... Калі яму тут не падабаецца - гэта не прычына перашкаджаць нам весяліцца... Але я не звяртаю ўвагі на яго капрызы, хай гаворыць і робіць што хоча.

Размова абарвалася. Відаць, яны закончылі вячэрні туалет, бо дзверы ў калідор бразнулі, пачуліся крокі, шчоўкнуў выключальнік, патухла святло.

Стары нерухома сядзеў на канапе. Ён чуў кожнае слова. Але дзіўна: ён болей не адчуваў болю, ніякага болю. Нястомны гадзіннікавы механізм, які яшчэ нядаўна стукаў і шалеў у грудзях, сціх і супакоіўся - мусіць, ён зламаўся. Нічога не ўздрыгнула ў ім ад гэтага грубага дотыку. Не было ні гневу, ні нянавісці... нічога... нічога... Стары паволі паправіў адзежу, асцярожна спусціўся па лесвіцы і падсеў да жонкі і дачкі, як да чужых людзей.

Ён не гаварыў з імі ў той вечар за сталом, а яны не звярнулі ўвагі на яго зацятае, сціснутае, як кулак, маўчанне. Не развітваючыся, ён падняўся ў свой пакой, лёг і патушыў святло. Шмат пазней прыйшла жонка пасля прыемна праведзенага вечара; палічыўшы, што ён спіць, яна раздзелася ў цемры. Хутка ён пачуў яе цяжкае, роўнае дыханне.

Стары, сам-насам з сабою, шырока расплюшчанымі вачамі глядзеў у начную пустату. Побач з ім нешта ляжала і глыбока дыхала ў цемры; ён намагаўся ўспомніць, што гэтую жанчыну, якая ў адным з ім пакоі і дыхае адным з ім паветрам, ён калісьці ведаў маладою і палкаю, што яна нарадзіла яму дзіця і была звязана з ім глыбокаю таямніцаю крыві; ён настойліва пераконваў сябе, што гэтае цёплае і мяккае цела, якое ляжала так блізка, што ён мог дакрануцца да яго рукою, калісьці было жыццём у яго жыцці. Але дзіўна: думкі аб мінулым не выклікалі ў ім ніякіх пачуццяў, і ён слухаў жончына дыханне дакладна таксама, як праз адчыненае акно шум ад плёскату хваляў на прыбярэжнай гальцы. Усё гэта прайшло, даўно мінула, засталося толькі выпадковае і чужое суседства: усё скончана, скончана назаўсёды.

Яшчэ раз ён уздрыгнуў - ціха, як бы тайком, рыпнулі дзверы ў даччыным пакоі. «Значыцца, сёння зноў», - падумаў ён і адчуў лёгкі ўкол ва ўжо амярцвелым, здавалася, сэрцы. З хвіліну штосьці торгалася ў ім, быццам адміраючы нерв. Але і гэта прайшло: «Хай робіць што хоча! Што мне да яе!»

І стары зноў адкінуўся на падушку. Мякчэй ахутваў змрок яго збалелыя скроні, жыватворная прахалода пранікала ў кроў. І неўзабаве неглыбокі сон затуманіў знясіленыя пачуцці.

Калі жонка прачнулася раніцаю, яна ўбачыла, што муж ужо стаіць, у паліто і капелюшы.

- Куды гэта ты? - спыталася яна сонным голасам.

Стары не павярнуўся; ён спакойна засоўваў начную кашулю ў чамадан.

- Ты ж ведаеш, я еду дадому. Я бяру з сабою толькі самае неабходнае, астатняе можаце паслаць мне ўслед.

Жонка спалохалася. Што гэта? Такога голасу яна ніколі ў яго не чула: холадна, жорстка прарываліся словы праз сціснутыя зубы. Яна ўскочыла з ложка.

- Няўжо ты хочаш паехаць?.. Пачакай... мы таксама паедзем, я ўжо сказала Эрне...

Але ён толькі нецярпліва паматаў галавою.

- Не... не... заставайцеся... не трэба... - і, не азіраючыся, пайшоў да дзвярэй. Каб націснуць на ручку дзвярэй, ён мусіў паставіць на падлогу чамадан. І ў гэтае кароткае імгненне ён успомніў: тысячу разоў ён ставіў чамадан з узорамі перад чужымі дзвярамі; перш чым пайсці, пачціва развітваўся і прапаноўваў свае паслугі для далейшых даручэнняў. Але тут у яго не будзе болей ніякіх спраў, і таму ён не палічыў неабходным развітацца. Без адзінага слова, без развітальнага позірку ён падняў чамадан і з трэскам зачыніў за сабою дзверы, аддзяліўшы сябе ад свайго ранейшага жыцця.