Выбрать главу

Новую філіжанку я п’ю за генэрала Калугіна, найлепшага з усіх прадстаўнікоў ягонага ведамства, якіх я дагэтуль ведаў.

Ён не паказваў мне сваёй «корачкі», не выклікаў мяне ў бюро прапускоў, не казаў пра «нагнетание националистических страстей в некоторых рассказах». Урэшце, нават апазнаў ня ён мяне, а я яго.

За вас, генэрал!

Людміла Віктараўна таксама адмаўляецца ад цынандалі, і яны аддаляюцца ўздоўж шампаністага прыбою. Іхні ўлюбёны адпачынак — дваццацікілямэтровая прыморская прагулянка.

За вас, Алег Данілавіч і Людміла Віктараўна!

Як кажуць у вас у Расеі, скатертью дорога!

Я гляджу на мора. Таямнічая рэч, якую несьлі хвалі, ужо блізка. Гэта абшарпанае драўлянае крэсла. Напэўна, яго таксама прыслалі турэцкія пралетары, прачытаўшы ў газэце, што ў нас крызіс з мэбляю. Я выцягваю аблупленае крэсла з вады і кладу яго на жвір сушыць.

У крэсла толькі тры нагі, але на ім можна сядзець, што я й раблю, дапіваючы за турэцкіх пралетараў апошнія глыткі. На ўсялякі выпадак я пералічваю грошы ды гляджу на Бору. Крэсла, як быццам прадчуваючы хуткае расстаньне, ня хоча адпускаць мяне.

Паміж мною й Борам адбываецца трэці дыялёг.

— Кто этот человек? — Ён ківае ў той бок, куды пайшоў генэрал.

— Это Калугин, — адказваю я. — Ну тот, генерал КГБ.

— ... и... КГБ... — брудна лаецца Бора.

За час, пакуль я гаварыў з генэралам і сушыў турэцкае крэсла, у «Бары» прычынілася падвышэньне коштаў на цынандалі й хачапуры, аднак мне як старому кліенту Бора адпускае тавар па старым кошце. Ягоны позірк раптам робіцца загадкавым і скіраваным некуды паўзьверх майго пляча.

Я адварочваюся ад стойкі і бачу побач з сваім крэслам нейкага чалавека.

— Эй! — вясёла крычыць ён. — Это твоя стула?

— Моя!

— Можно, я заберу?

— Нельзя!

— Спасибо! — крычыць незнаёмы грамадзянін Абх. ССР (ці незалежнай РГ), пасылае мне сарамяжлівы позірк і, прытуліўшы да грудзей турэцкае крэсла, шпаркай ступою кіруецца ў кіпарысавыя прысады.

На шчасьце, захапіць з сабою мае цёплае бервяно ён ня здолеў. Я прыхінаюся да яго, расьсьцілаю газэту «Вечерний Тбилиси», кладу побач з партрэтам Гамсахурдзіі свой трэці хачапуры, дзякую Бору й асабіста дарагому прэзыдэнту і пагружаюся ў залацістую смугу.

Перада мною мора, усьцяж якога шпацыруе генэрал Калугін. За мною горы, за якімі сядзіць генэрал Дудаеў. Галаваломнае пытаньне Абх. ССР і незалежнае РГ абрастае новымі варыяцыямі: Грузія ўваходзіць у Абхазію, СССР выходзіць з Грузіі, я выходжу з СССР, СССР выходзіць зь мяне...

Чамусьці ад усяго гэтага мяне наведвае востры прыступ самоты. Сьвет здаецца страшэнна няпэўным і крохкім. Ён гатовы абрынуцца на мяне й пахаваць пад сваімі руінамі. Шукаючы духоўнага апірышча, я гляджу на філіжанку з адбітым вушкам. Яшчэ імгненьне, і ад роспачы я загавару зь ёю па-беларуску, спраўдзіўшы адрэдагаванае абяцаньне Лёні Дранько-Майсюка.

I тут з залацістае смугі колеру разбаўленага цынандалі імя Боры Гальперашвілі прыходзіць паратунак. З гэтае смугі выплывае выснова, якая ўкладваецца ў тры словы: Гамсахурдзія — наш чалавек.

Каб не забыцца, я пішу іх на вільготным пяску буйнымі літарамі:

ГАМСАХУРДЗІЯ — НАШ ЧАЛАВЕК.

Праз хвіліну мне здаецца, што гэта ня надта патрыятычна, і побач я дапісваю:

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Сьвет вакол мяне зноў набывае ўстойлівасьць і надзейнасьць.

— Гамсахурдзія — наш чалавек! — уголас прамаўляю я, дажоўваючы рэшту гумовага хачапуры й запіваючы яго апошнім глытком Боравага цынандалі, у непаўторным букеце якога відавочна прысутнічае хлёрка.

Няроўны белы язык хвалі ліжа мой надпіс. На пяску застаецца толькі:

НАШ БЕЛАРУСЬ!

Даволі доўга я гляджу на гэтыя шматзначныя словы з каўкаскім акцэнтам. Потым падымаюся і кірую да Боры.

Надыходзіць чульлівая хвіліна разьвітаньня. Я люблю Бору Гальперашвілі й адчуваю патрэбу сказаць яму нешта цёплае. Наш чацьверты дыялёг зусім кароткі.

— Калі ты прыедзеш на Беларусь, — кажу я, — цябе будуць зваць Гальпяровіч.

Не азіраючыся, каб не пусьціць скупую мужчынскую сьлязіну, я іду ў авіякасу.

Лістапад, 1991

У нас у Серабранцы

Пераехаўшы ў Менск, я жыў спачатку ў падвале бяз адрасу.

Вядома, я мог напісаць на канвэрце назву вуліцы й паставіць нумар дому, але пошту ў падвал усё адно не насілі, і ў гэтым сэнсе жылося зацішна.

Хто завітваў да мяне на гасьціны, можа засьведчыць, што падвал быў з усімі выгодамі й нават бяз вокнаў. Праўда, адтуль трэба было раз-пораз выходзіць на працу, дзе міліцыя й склала тры пратаколы за пражываньне без прапіскі.