Выбрать главу

— Пущай сам Шушкевич придет и мне скажет, тада пропущу.

Ягоны калега, зрабіўшы страшныя вочы, абяцае, што ўсё адно будзе правяраць «щацильна».

Каля шлягбаўма гамуе аўтобус зь дзявочай зборнаю па нейкім спорце. Пакуль трэнэр вядзе перамовы з начальствам, юныя спартоўкі просяцца ў паставога:

— Товарищ милиционер, пропустите. У нас соревнования. Нам завтра вечером на помост в Париже выходить.

— Знаем мы ваши соревнования, — міралюбна адгукаецца «товарищ милиционер». — Трахаться едете с французами за доллары. Будете с нами за рубли — тогда пропустим.

Пэрспэктыва пакаштаваць нясьвіскага сала з чырвонай праслойкаю ды пачуць адну з вэрсіяў утварэньня колеравай гамы вашага сьцягу робіцца для кракаўскіх гейналістых усё больш туманнаю.

Ваш апанаваны апошнімі надзеямі аўтобус бярэ курс на Берасьце — шукаць справядлівасьці ў высокіх кабінэтах. Надпіс на ўезьдзе ў горад папярэджвае: «Народы СССР — едины». Мяркуючы па аўтобусных нумарах у чарзе за мяжу ды па агульнай эканамічнай прасторы прымежнага поля, па якім не адважыцца прайсьці басанож нават твой знаёмы серабранкаўскі п’янтос Камінтэрн, — лёзунг кажа шчырую праўду.

Беларускае мовы на берасьцейскіх вулках і ў берасьцейскіх кабінэтах людзі ці то ня хочуць разумець, ці то сапраўды не разумеюць.

— Так вы, ребята, к нам из Белоруссии приехали? — з ухмылкаю пытаецца абласны начальнік. — Как у вас в Белоруссии погода?..

З аднаго кабінэта ў другі вы пераяжджаеце па вуліцы імя Касманаўтаў. Табе згадваецца, як гадоў пяць таму ты быў на сэмінары маладых талентаў у Воршы і прапанаваў сакратару гаркаму партыі, што вучыў вас розуму, назваць аршанскую вуліцу Касманаўтаў імем Караткевіча, які пісаў тут «Дзікае паляваньне караля Стаха». Функцыянэр быў абураны: «Мы на это никогда не пойдем. Такое решение будет идеологически неверным». «Чаму?» — не здаваўся я. «Потому что эта улица названа в честь советских космонавтов». «Яны што, усе разам тут нарадзіліся й жылі?» Партыйны сакратар быў не пазбаўлены пачуцьця гумару: «Они над Оршей пролетали».

Назвы вуліцаў Берасьця сьведчаць, што над ім праляталі Пушкін з Гогалем, Будзённы з цэлым эскадронам бальшавіцкіх башыбузукаў, а таксама Ленін з самім камунізмам.

Няблага вывучыўшы гарадзкую тапанімію «западных ворот советской страны», вы вяртаецеся на шашу і — о, сьвятая наіўнасьць! — спрабуеце заняць у чарзе ранейшае месца. Яшчэ на далёкіх подступах з аўтобуса зь віцебскім нумарам высыпаюцца, як блашчыцы з матраца, дзясяткі два разьятраных жанок ды іхніх няголеных спадарожнікаў.

Ваш аўтобус сутаргава плішчыцца наперад. Хмурныя мужчыны зь Віцебшчыны дакляруюць вам размалаціць каменьнем вокны. Жанчыны дзейнічаюць больш радыкальна. З крыкам:«Проедете по нашим трупам!» яны кладуцца на мокры ад імжачкі асфальт проста пад колы.

Ты выбіраеш сярод залеглых прыгожую маладзіцу ў сьветлай куртцы й пачынаеш яе ўгаворваць зьмяніць пазыцыю. Ты цярпліва даводзіш, што брудны асфальт — ня самае зручнае месца дэманстраваць бясспрэчныя вабноты. Ты пытаесься ў яе імя й тэлефон і, зьвяртаючыся да скарбаў айчыннай паэзіі, кажаш пра духмяныя стагі, дзе жанчыны, як радасны сон на зары.

Маладзіца зь віцебскага аўтобуса прыслухоўваецца да тваёй беларускай мовы, і раптам ейны гожы твар перасмыквае, і яна зь нянавісьцю верашчыць:

— Уйди, хохол бородатый! Тут белорусы по десять суток мучаются, а еще вас понаехало!

Гэта гучыць як прысуд.

Унурыўшы голаў у плечы, ты выцягваеш з аўтобуса валізу зь «Белай Русьсю» й цешчыным салам, спыняеш спадарожны «масквіч», расштурхоўваеш на вакзале колькі падазроных асобаў «кавказской национальности» каля адзінай адчыненай касы, купляеш квіт у цягнік, што ідзе з таго боку, куды цябе не пускаюць, залазіш упершыню ў жыцьці ў абсалютна пусты мяккі міжнародны вагон і праз чатыры гадзіны падыходзіш да свае хрушчобы ў Серабранцы.

Як казаў, прыяжджаючы дахаты ў родную Нарвэгію Фрыт’яф Нансэн, «вяртаньне — прыз кожнага падарожжа».

Твой прыз чакае цябе каля дому ў абліччы суседкі, якая, задраўшы галаву, абураецца, што нехта вывесіў «фашистские флаги». Ты бачыш, што адзін павесілі на гаўбцы твае сыны, другі — археоляг зь літаратурным крытыкам з трэцяга пад’езду.

Толькі тут ты ўспамінаеш, што заўтра — 25 сакавіка.

«Дожились», — кажа суседка й зьбіраецца ісьці скардзіцца на фашыстаў народнаму дэпутату Пятру Садоўскаму. Ты падказваеш, у якой кватэры той жыве і даеш арыенцір — яшчэ адзін крамольны сьцяг. Уадначас ты дзелісься асьцярожнаю здагадкаю, што брудную правакацыю супраць народнага абраньніка ўчыніў хтосьці зь мясцовых фашыстаў, прыставіўшы знадворку драбіны.