Выбрать главу

— Ты хто? — спытаў ён у мяне аслабелым голасам. — Кашчэй [Кашчэй — раб]?

— Князь, — адказаў я.

Яны абодва дужа здзівіліся. Іх можна было зразумець — не кожны дзень і не кожнаму сустракаецца князь, які спіць у лесе на голай зямлі.

— Дзе ж твае залатыя палаты, князь, дзе дружына? — прамовіў нарэшце стары.

— А вунь мая дружына, — усміхнуўся я, паказваючы на Рамана, які сядзеў пад сасною, сціскаючы ў руцэ меч, апусціўшы галаву на калені. — Разбудзі яго.

— У твайго воя душа мякчэйшая, чым у цябе, — ён адразу скарыўся майму воку.

Стары мячэтнік падышоў да Рамана, паклаў яму сухую ладонь на лоб, нешта сказаў. Той павольна расплюшчыў вочы, няўцямна зірнуў наўкол, потым адным рыўком ускочыў на ногі. Твар быў разгублены і чырвоны ад злосці.

— Паршывы пяруннік! Засяку! — шалеючы крыкнуў ён, але я спыніў яго ўзмахам рукі. Раман дапамагаў мне апранацца і прасіў:

— Князь Усяслаў Брачыславіч! Дазволь чырвоную вадзіцу пусціць з гэтага чмутніка. 3 выгляду чарвяк чарвяком, а як ён мяне на зямлю паклаў! Падышоў, глянуў савіным вокам, і душа ў мяне з цела выцекла, рукі-ногі адняліся.

— Дык ты полацкі князь Усяслаў? — аж уздрыгнуў стары.

— I вялікі кіеўскі, — сказаў я.

Пры гэтых маіх словах малады спадарожнік старога мячэтніка пагрозна бліснуў вачыма, узняў страшную дубіну. Але Раман, якому так хацелася хоць нечым загладзіць сваю віну, кальнуў яму ў жывот вастрыём мяча. Дубіна апусцілася.

— Цябе ж маглі забіць у лесе, — здзіўлена прамовіў стары. — Ведаеш, колькі ў цябе ворагаў?

— Гэта і вожык ведае, — засмяяўся я.

— Аты спаў... Ляжаў з заплюшчанымі вачамі...

— Глядзім вачамі, бачым душой. Пачуўшы такія мае словы, стары мячэтнік пабляднеў і, нейкі міг павагаўшыся, сказаў:

— Ты ведаеш, хто я? Белакрас. А гэта сын мой — Лют.

Ён быў упэўнены, што я адчуў ягонае імя, і не памыліўся. Неаднойчы падыходзілі да майго поруба асцярожныя маўклівыя людзі, што пахлі глухім лесам і дымам. Яны шапталі, нібы трызнілі: «Белакрас... Белакрас...»

— Ты ваявода паганскага войска, — сказаў я.

— У мяне шмат людзей, — горача загаварыў Белакрас. — У мяне людзей, як лісцяў у гэтым лесе, як хваль у Дняпры. Мы гатовы памерці за нашых старых багоў, але не аддаць іх на глум і здзек мярзотным рамеям і іхнім кіеўскім падвывалам. Вялікі Род і Пярун ахоўваюць нас. Мы возьмем Кіеў, зруйнуем Сафію і на яе месцы паставім Вялікага Рода.

— Ці не позна, ваявода? — ціха прамовіў я. Мне чамусьці было шкада старога мячэтніка. Ён быў сівы, як лясная халодная трава, пакрытая туманам.

Белакрас глуха ўскрыкнуў. Так у цемры крычаць начныя птушкі. Потым ён разам са сваім сынам стаў перада мной на калені, пачаў прасіць:

— Вялікі князь, выгані са свайго сэрца Хрыста. Мы ведаем, што ў Полацку ты шкадаваў веру дзядоў-прадзедаў. Выкінь з нашай зямлі рамейскую веру, як мярзотную балотную жабу. Зрабіўшы гэта, ты праславішся навекі і пасля смерці сваёй будзеш стаяць на курганах над сінімі рэкамі разам з Родам і Перуном. Самыя прыгожыя дзяўчаты будуць абвіваць чало тваё вянкамі. Разам з імем маці будучыя дзеці-млекасосцы будуць паўтараць тваё імя. Войска наша стаіць у пушчы на рацэ Дзясне. Дай толькі знак...

— Устань, — сказаў я. Але Белакрас і Лют стаялі на каленях.

— Разумееш, — пакутліва шукаў я словы, — багі самі прыходзяць... I самі адыходзяць... Любы зямны ўладар, будзь у яго лоб з самага чыстага золата, бяссільны перад гэтым. Былі ў рамеяў імператары-іконаборцы, але дзе яны сёння? Быў у Рыме імператар Юліян Адступнік, які, узяўшы ўладу, аб'явіў сябе паганцам. Дзе ён сёння?

— Ты баішся! — гнеўна ўскрыкнуў Белакрас і прутка ўскочыў на ногі. Ягоны сын ускочыў следам за ім. — Ты баішся за сваю ўладу, за срэбра, якое будзеш мераць кадоўбцамі, за тлустае мяса, якое будзеш жэрці!

— Што сіпіш, як гад у разоры?! — раззлаваўся ў сваю чаргу мой дружыннік Раман. — Шмат вас, дурных і валасатых, а вялікі князь адзін.