— Вядзі, — сказаў Белавалод.
Сонца пачынала ружовіць небасхіл. У полі і ў лузе ўжо даўно гулялі залатыя цёплыя промні, а тут, у лясным гушчары, толькі лёгкая чырвань ззяла над дрэвамі. Лют крочыў наперадзе, і сонца бачылася яму Ярылам, сінявокім малайцом на белым кані, у белай адзежы. Ездзіць Ярыла па нівах, у адной руцэ — чалавечы чэрап, у другой — пук пшанічных каласоў. Дае Ярыла жыццё ўраджаю, а яшчэ дае мужчынскую сілу, распальвае страсць у чалавечым целе.
Белавалод шыбаваў следам за Лютам і адчуваў, як знікае, нібы чорт з бурага балота, начны сум. Усё наўкол было такое светлае, абяцаючы зыркі залацісты дзень з мяккай пяшчотай сонца.
Сіняй спінай бліснула між дрэў возера. Лясныя звяры напрабівалі сцежак у густой траве. Лют упэўнена, але асцярожна, бясшумна пайшоў на зялёны мысок, што ўтыркаўся ў возера. Шапка белага туману ляжала на нерухомай вадзе. Ранішні ветрык падшавельваў яе, гнаў, як кавалак лёду, у чараты на супрацьлеглым беразе.
Лют правым каленам апусціўся на мяккую дрыгвяністую зямлю. Белавалод прысеў на кукішкі побач з ім. Ласкаваўся, блішчаў пад ветрам і першымі сонечнымі промнямі чарот на тым баку. Вялізная грузная птушка ўспырхнула са свайго начнога сядалішча, нізка паляцела над вадой. Шырокія доўгія крылы былі светла-рудымі.
Раптам пасярэдзіне возера ўскалыхнулася вада, пайшла кругамі ў бакі. Можа, буйная рыбіна ўдарыла хвастом, а можа (і Белавалоду так падалося), птушка, узлятаючы, шкрабанула паверхню вады моцным крылом. У гэты міг пук сонечных промняў ярка вырваўся з-за лесу, пракалоў ранішні змрок, успыхнуў залатой плямаю на вадзе.
— Бачыш? — усхвалявана зашаптаў Лют. — Ён выходзіць з возера... Па пояс ужо выйшаў... Валасы сінія... Вада цячэ па валасах...
Залатая рухомая пляма нясцерпна ззяла на возеры. Сонца, вывальваючыся з-за лесу, пасылала туды ўсё новыя і новыя промні. Аж вочы адбіраў зіхоткі бляск.
— На левым плечуку ў яго водарасці, — шаптаў Лют. — Напэўна, таптун-трава... Так і льецца вада з валасоў... Нечага спалохаўся... Глядзіць у наш бок... Нырнуў пад ваду. Усё. Не будзе яго сёння болей... Цябе пачуў, хрысціяніна.
Белавалод глядзеў да рэзі ўваччу і стараўся не дыхаць. Сонечная пляма на сіняй вадзе патухла. Здавалася, возера заплюшчыла вока.
— Яны раней смялейшыя былі, — горача загаварыў Лют, узняўшыся на ногі. — Русалкі на бераг выходзілі. Лесавічок на самы верх сасны залазіў і там рагатаў, аж іголкі сыпаліся. Як пачнуць, бывала, спяваць, танцаваць, асабліва ў навальніцу. А ты бачыў вадзяніка? — раптам спытаў ён.
— Бачыў, — павагаўшыся, няўпэўнена сказаў Белавалод.
— Яны папоў і чарнарызцаў баяцца, бо за попрышча кадзілам і ладанам ад хрыстоў смярдзіць, а гэта пах нябожчыкаў. Вадзянікі і русалкі любяць, калі мятай пахне.
Лют крочыў побач з Белавалодам, і шчасцем свяціліся ягоныя сінія вочы, і мядовы пах сплываў з вяршыняў бортных дрэў.
Атрымаўшы ад Усяслава зброю, пакінуўшы ў лесе дзяцей, жанчын і нямоглых, рушыла паганская раць на злучэнне з воямі кіеўскага князя. Вершнікаў не было. Ішла адна пяхота з коп'ямі і рогвіцамі, з мячамі і булавамі, трымаючы ў руках скураныя і драўляныя чорныя шчыты. Здавалася, чорная вужака выпаўзае з хмурых пушчаў у чысты, заліты сонцам стэп. Выйшлі з лясоў, і ў вочы ўдарыла яраснае сонца. Паганцы зажмурыліся напачатку, але адразу ж заўсміхаліся, павесялелі, бо сам Ярыла вітаў іх з нябёсаў.
Белавалод ішоў праваруч ад Люта. Яму далі шлем, скураны шчыт, шырокі жалезны нож і баявую сякеру.
заспявалі паганцы, і Белавалод заспяваў разам з усімі. Суровая, шурпатая песня накочвалася на стэп.
На ўмоўленым месцы іх ужо чакаў вялікі кіеўскі князь з дружынаю і гарадскім апалчэннем. Усяслаў цвёрда сядзеў на вогненна-рыжым шыракагрудым кані. На ім была кальчуга з тоўстых кляпаных кольцаў, пад кальчугаю чырвоная пакаленная кашуля. На галаву Усяслаў надзеў бліскучы жалезны шлем з кальчужнай сеткай-барміцай. На поясе ў яго вісеў доўгі цяжкі меч, асвечаны яшчэ ў полацкай Сафіі. Гэты меч уручыў князю пасля выбаўлення з поруба Раман.
Усяслаў пад'ехаў да старога Белакраса, які з непакрытай сівой галавою стаяў на чале паганскай раці. Адзіная зброя была ў мячэтніка — у дзясніцы ён сціскаў доўгі дубовы кій, вымачаны ў туравай і мядзведжай крыві, а потым высушаны, абсмалены на вогнішчы, у якім спалілі чалавечыя косці. Наканечнікам кія быў востры абточаны зуб з жалезнага каменя, што навальнічнай ноччу ўпаў з нябёсаў.