— Растуць? — са смяшынкамі ў голасе запытала Кацера, глянуўшы на лысую Ядрэйкаву галаву.
— Растуць, баяры вы мае дарагія. Аж трашчаць. Пішчом лезуць. Адзін волас другога абганяе. I што дзіўнае — і чорныя, і рудыя лезуць. Чую нават, як яны шавеляцца.
Рыбалоў, захоплены сваім апавяданнем, спыніўся. Вочы ярка гарэлі. Прыпыніліся і Кацера з Яфрэмам.
— I што далей? — не вытрымала Кацера.
— Адалей тое, — зморшчыўся, быццам кінуў на зуб кіслюку журавіну, Ядрэйка, — што расці яны раслі, буялі, але толькі не на галаве. I на руках раслі, і на нагах, і на спіне, і на жываце завіваліся, і дзе толькі іх не было, але толькі не на лысіне. Пабег я да Самуіла, крычаць пачаў, кулакамі махаць, а ён кажа: «Ядрэйка, Ядрэйка, што я магу зрабіць? У цябе дужа хітрыя валасы».
Кацера весела засмяялася. Яфрэм толькі дзеля прыліку хіхікнуў, ды вочы былі халодна-строгія, глыбока сядзела ў іх насцярога.
— Вось так я, баяры вы мае дарагія, чупрыну гадаваў, — скончыўшы апавяданне, ляпнуў сябе далонню па лысым цемені Ядрэйка. I тут, падышоўшы да падольскага торжышча, убачылі яны жорсткую бойку кіян з паганцамі-лесавікамі. Некаторыя ўжо ляжалі на зямлі. Жонкі і дзеці з плачам вялі, цягнулі сваіх мужоў і бацькоў дадому. Але найбольш гарачыя вырываліся з рук родзічаў, зноў, ашалелью, кідаліся ў людскі гушчар, дзе ўзляталі і апускаліся кіі, мільгалі кулакі, зварочваліся набок насы.
— Божа мой, што тут робіцца? — усклікнула Кацера і раптам паспешліва ўзяла Ядрэйку за руку: — Глядзі, глядзі — ці не нашага чалавека пацягнуў вунь той доўгавалосы?
Якраз у гэты самы момант Лют, схапіўшы аберуч абмяклага Белавалода, цяжка ішоў праз натоўп. Светла-русыя валасы наліплі на лоб, пад вокам, як вялізная слівіна, быў сіняк.
— Белавалод! — прарэзліва закрычаў Ядрэйка і рынуўся да Люта: — Аддай нашага чалавека!
Лют няўцямна паглядзеў на разгневанага рухавага таўсцячка, які невядома адкуль з'явіўся перад ім, аблізаў сухія губы, сказаў:
— Ён наш.
I пайшоў далей. Але Ядрэйка ўчапіўся яму ў плячо:
— Аддай, звярыны сын, Белавалода!
Тут нехта з паганцаў, доўга не думаючы, саўгануў рыбалову пад дых кулаком. Ядрэйка пахіснуўся (у вачах закруціліся маленькія бліскучыя рыбкі) і цяжка сеў на пясок..
Усяслаў вярнуўся з пагоні. За раку Снапарод загналі Шарукана, адбілі абоз і ўзялі шмат багацця палавецкага і нарабаванага стэпнякамі ў час набегу. I яшчэ, што асабліва радавала вялікага князя, выбавілі з няволі каля тысячы палонных. Гэта ў большасці сваёй былі смерды, захопленыя ў час працы на сваіх палосах. Было некалькі купцоў. Іх полаўцы перанялі на Дняпры, лоддзі спалілі, тавар і гаспадароў тавару ўзялі з сабой.
Няшчасныя змучаныя людзі, якія ў думках ужо навекі развіталіся з родным небам, аслупянелі ад радасці. Потым кінуліся цалаваць капыты коням, ногі і рукі воям. Страшна было глядзець на іхнія твары — у пісягах ад палавецкіх нагаек, абгарэлыя на сонцы, апухлыя ад слёз.
Сярод жанчын было некалькі вар'ятак. Адна падняла з травы ладнаваты белы камень, прыгарнула яго, як немаўля, да грудзей, пачала сухім танюсенькім голасам спяваць калыханку:
У велікакняжым палацы ў Кіеве Усяслава чака-ла мноства навін, добрых і кепскіх. Прыплыла з Полацка княгіня Крутаслава з сынамі, з усім дваром, з болынай часткаю дружыны. Крутаслава ў ільняной торбе прывезла вялізны кавалак жоўта-карычневага прамяністага бурштыну, аддала мужу, сказала:
— Ад бяссоння гэта. Кладзі ў голаў ноччу, і сон адразу твае вочы заплюшчыць. Бачу я, што дужа стаміўся, пацямнеў ты, князь.
Усяслаў, абкружаны сынамі, моцна пацалаваў Крутаславу, гарэзліва ўсміхнуўся:
— Які сон, хоць [Хоць — любімая жонка] мая, калі ты побач?
Княгіня заружовілася, белай шчакой прыпала да цвёрдага мужавага пляча. I мо ўпершыню адчуў вялікі князь, як хутка бяжыць жыццё.