Выбрать главу

Уначы гарэлі над Кіевам яркія буйныя зоркі. 3 любімым сынам Расціславам глядзеў на іх з акна княжага церама Усяслаў, прамовіў у роздуме:

— Перажывуць яны нас з табою, сын. Усіх перажывуць, каму дадзена дыханне. А некалі ж чалавек як звер быў — ні чытаць, ні пісаць, ні слова разумнае сказаць не ўмеў. Пазіраў на іх са сваіх цёмных пячораў і аб нечым думаў. Часцей глядзі на зоркі, бо неба — тая ж кніга, і, можа, прачытаеш, хоць не ўсе, думкі мінулых людзей.

Узяўшы кіеўскі сталец, Усяслаў адразу ж патаемна разаслаў ва ўсе бакі верных людзей, каб слухалі, што гавораць пра яго, вялікага князя. Не толькі ў Кіеве такія людзі былі, але і ў Чарнігаве, Пераяславе. Даведаўся ён ад іх, што толькі жменька баяраў пабегла з Ізяславам да ляхаў, пабеглі тыя, у каго ў Кіеве і ў кіеўскіх ваколіцах не было сядзіб. Астатнія ж заперліся ў вотчынах, бераглі сваё дабро. Данеслі верныя людзі, што ходзяць паўсюдна вялізныя натоўпы тацяў, паляць, руйнуюць, рабуюць. Паміж тых тацяў ёсць і смерды, і рукадзельнікі з Падола. Вялікую злосць маюць яны супраць старой чадзі. Усяслаў загадаў злавіць асабліва зацятых. Злавілі каля двух дзесяткаў і на страх іншым распялі на варотах і на частаколе баярскай сядзібы, якую яны збіраліся агнём і дымам пусціць у неба. Прыкутыя жалезнымі цвікамі да бёрнаў, курчыліся таці ад вялікага болю і крычалі, што хутка надыдзе іхні век, што яны буцуць сядзець у харомах за хлебнымі сталамі, піць салодкі мёд, а князі і баяры будуць сохамі араць іхнія нівы. «Спаліць сонца белыя баярскія твары, — хрыпелі, паміраючы, таці. — Чорная зямля наб'ецца ім пад пазногці. Будуць баярыні, зняўшы з рук і шыяў срэбра, мыць ногі нашым жонкам». Але заціхалі стогны, храпы і шэпты, непарушна сядзелі ў руках і нагах вострыя жалезныя цвікі, і ўсё бліжэй паддётвала прагнае вараннё, з крыкам кружылася, выбіраючы, на якую мёртвую галаву апусціцца. Вочы ў тацяў ціха патухалі, рабіліся як цвёрдыя каменьчыкі.

Мут і тлум былі ў Кіеве, асабліва на Падоле. Усяслаў загадаў ударыць у Вялікае Біла, сабраць веча. 3 хваляваннем ішоў ён туды. Што крыкнуць кіеўскія мужы? Як сустрэнуць яго? Ужо ж данеслі яму выведнікі аб гневе кіян, якія ўбачылі стругі з полацкай дружынай. «Хоча Усяслаў святы Кіеў зрабіць вотчынай палачан, — абураліся баяры, купцы і рукадзельныя людзі. — Не быць таму!»

Ён узышоў на дубовы памост, засланы рознакаляровымі апонамі, зняў шлем, пакланіўся вечу, пакланіўся з годнасцю і стрыманасцю. Колькі імгненняў вісела цішыня, як цяжкі халодны замок вісіць на дзвярах клеці. Потым плошча, набраўшы ў грудзі паболей паветра, зайшлася крыкамі.

— Хочам тысяцкім Луку!

— Замест пса Каснячкі хочам Луку!

— Я не парушу волю кіян, — зычным голасам сказаў Усяслаў. — Няхай тысяцкім будзе Лука.

Светлабароды высокі Лука ўзышоў на памост, маўкліва стаў побач з вялікім князем. Усяслаў заўважыў, як ад хвалявання ў яго дробненька і няспынна калоціцца таўставатая ніжняя губа.

— Дай княжы суд!

— Прэч цівуноў!

I на гэтыя крыкі Усяслаў, паюіаніўшыся вечу, сказаў, штр судзіць іх ён будзе сам і судзіць будзе па старадаўнім паконе кіеўскіх князёў.

— Паганцы пакалечылі хрысціян на Падоле! — закрычала некалькі галасоў. — Выгані паганцаў з горада!

Затаіўшы дыханне, усе чакалі, што адкажа вялікі князь. Усяслаў маўчаў. Ён зразумеў, што крык наконт паганцаў будзе тым нажом, якім яшчэ неаднойчы ворагі ягоныя будуць рэзаць ягонае сэрца.

— Што ж маўчыш?! — закрычалі зноў.

— Ды ён і сам паганец!

— Я — хрысціянін, — ціхім голасам сказаў Усяслаў, расшпіліў барвянае карзно і паказаў срэбны крыжык на Ірудзях. — Цярпенню вучыць Бог, любові да бліжняга вучыць усіх нас. Дзе ж ваша любоў, кіяне? Дзе цярпенне? Тыя, што пакланяюцца Перуну, разам з вашым апалчэннем секлі полаўцаў, разам лілі сваю кроў. У іх ёсць малыя дзеці і любімыя жонкі. Я абяцаў іхняму ваяводзе Белакрасу, што з гэтага часу хрысціяне і паганцы будуць жыць у Кіеве, як браты, як сыны адной зямлі.

— Вераадступнік! Ваўкалак! — закрычалі, грозна і гнеўна, усё тыя ж мужы-вечнікі, перарываючы яго. — Бяжы назад у свой Полацк, у сваё балота!

— Я кляўся. Я — князь, — узвысіў голас Усяслаў, і ўсе, і зычліўцы ягоныя, і ворагі, зноў убачылі перад сабой нястомнага, лютага на сечу ваяра, меч якога ведала і памятала Русь ад Ільмень-возера да Дона. Сядзеў ён у порубе, нібы крот-падземнік, і шмат хто думаў убачыць бледнага кволага хірляка, а тут стаіць, узвышаецца над вечавай плошчай асілак з пранізліва строгімі вачамі, з адкрытым загарэлым тварам. Шчокі аж смуглыя — як ганяўся за полаўцамі, паспела пацалаваць яго сонца. «Вось ён які, — падумала большасць кіян. — Нездарма столькі кажуць пра яго. Як пчалінаму рою нельга без маткі, як статку пушчанскіх тураў нельга без важака, так і Кіеву нельга без вялікага князя. Ізяслаў што хвастом накрыўся — збег да ляхаў, да караля Баляслава, кінуўшы гарады і весі. Полаўцы чыняць вароп, угры вылазяць з-за гор, усе, у каго ёсць рукі і зубы, ідуць на Кіеў. Няхай жа гэты палачанін будзе шчытом і мячом Кіева». I закрычала веча: