— Слава вялікаму князю!
— Слава Усяславу Брачыславічу!
Ён стаяў над імі, слухаў здравіцу і разумеў, што сёння яны крычаць адно, а заўтра могуць закрычаць зусім па-іншаму. Нават каменні будуць кідаць у яго. Але той не князь, хто баіцца такога.
Адразу пасля веча Усяслаў вырашыў звесці між сабою ваяводу паганцаў Белакраса і вышэйшых святых айцоў з кліру Сафіі. Няхай паглядзяць адно аднаму ў вочы, можа, калі пашанцуе, паразумеюцца, дамовяцца, як быць далей. Але царкоўнікі недзе пахаваліся ці збеглі з Ізяславам, у Кіеве адшукаўся толькі Феадосій Пячэрскі.
Ігумен і ваявода сустрэліся ў святліцы княжага палаца. Усяслаў пасадзіў іх за багата накрыты стол, сам пачаў частаваць. Перад трапезай ігумен справіў ачышчэнне ад грахоў, абмачыў пальцы, а затым лоб з меднай конаўкі, потым старанна выцер губы і рукі ядвабнай, вышыванай у чырвоныя крыжыкі хустачкай. Стары Белакрас, паклаўшы на калені загарэлыя да цемнаты рукі, сядзеў нерухома.
— Хацеў бы я, дастаслаўныя мужы, — сказаў Усяслаў, накладваючы ім смажаную вяпраціну, — каб мір і згода былі ў Кіеве, каб не ўзнімаў меч хрысціянін на паганца і наадварот.
Феадосій і Белакрас адначасна зірнулі на яго, і ў вачах іхніх свяціліся насцярога і недавер.
— Такое было пры князю Ігару, пры княгіні Вользе. Хрысціянства і паганства, як дзве ракі, цяклі побач пад адным сонцам, пад адным небам. Чаму не ўспомніць добрыя законы продкаў? Чаму не павучыцца ў іх мудрай развазе, цярплівасці? Дзеці адной зямлі не павінны пераразаць адзін аднаму глотку. На такое крываўства хопіць нам полаўцаў. Што вы скажаце на гэта, дастаслаўныя мужы?
Ён паглядзеў на Феадосія і Белакраса. Хрысціянін і паганец маўчалі. Цень лёгкай усмешкі ляжаў на тонкіх губах у Феадосія. Усяслаў успомніў, як выводзілі яго, Усяслава, першы раз з поруба, як бегаў па святліцы юродзівы Ісакій і чырвоныя крыжы ўспыхвалі на бела-сінім целе юродзівага. Тады Феадосій назваў Усяслава гнілой ягадзінай у вінаграднай гронцы, трэшчынай у хрысціянскай сцяне. Цікава, ці помніць ігумен той дзень?
— Чаго ж вы маўчыцё? — устаўшы з-за стала, сказаў Усяслаў. — Няўжо хочацца вам крыві, разні?
— Святая вера сама ўліваецца ў душу, — нарэшце прамовіў натхнёным голасам Феадосій. — Мне вельмі шкада тых людзей, што не бачаць светлы Божы прамень, а жывуць разам са сваімі дзецьмі ў цемры дзікунства. Што тут казаць? Гэтыя людзі — учарашні дзень зямлі. Але святая царква цярпліва чакае іх. Ім не позна пастукацца ў нашы дзверы. Мы шырока расчынім гэтыя дзверы, упусцім іх у святы дом.
Ігумен і вялікі князь чакалі, што скажа паганскі ваявода. Усяслаў баяўся, што Белакрас пачне крычаць, тупаць нагамі, плявацца, але стары мячэтнік з годнасцю зірнуў на Феадосія з-пад кашлатых сівых броваў, сказаў:
— Нам не патрэбен ваш дом, бо мы самі добра ўмеем будаваць сабе жытло. Мы хочам толькі аднаго — жыць у спакоі.
— Хрыстос прыйшоў таму, што яго чакалі, — усхапіўся з-за стала Феадосій. — Скатаваны раб ляжаў на голай зямлі і марыў пра таго, хто схіліцца над ім і пахукае на ягоныя крывавыя рубцы. Гэта зрабіў Хрыстос.
— А што зрабілі Магамет і Буда? Што зрабіў Іегова? — спакойна запытаў Белакрас. — Багоў, хрысціянін, дужа шмат, і твой Бог, ці, як мы завём яго, бажок, толькі хваля ў моры.
— Маўчы! — крыкнуў ігумен, але, убачыўшы строгі позірк вялікага князя, звалодаў з сабою, сказаў з годнасцю: — Я нашу на сваім целе валасяніцу. Вось яна.
Пальцамі левай рукі ён адцягнуў на шыі чорную хламіду, паказаў краёк грубай, звязанай з конскага воласу і калянага дроту кашулі.
— Штодзённа і штоночна яна ўпіваецца ў маю плоць. Гэта напамінак аб пакутах гасподніх і аб пакутах чалавечых. Наша святая царква моліцца за ўсіх, каму баліць,
— Ты казаў, што вы, святары, шкадуеце рабоў, — перапыніў яго Белакрас і таксама ўстаў з-за стала. — Але чаму з кожным белым днём рабоў становіцца ўсё болыы? Вы, ты казаў, выціраеце людскія слёзы, але ў пячэрскіх манахаў ёсць сяльцо са смердамі, і не адно сяльцо, якое князь Ізяслаў адпісаў вам. У лесе разам са мною жывуць смерды. Узяўшы жонак і дзяцей, яны збеглі, ратуючыся ад тваіх манахаў.
Феадосій з нянавісцю паглядзеў на паганскага ваяводу, ціха сказаў:
— Царква забараняе прадаваць хрышчанага чалядзіна купцу-нехрысцю. Ні жыдавін, ні агаранін не могуць купіць раба на Русі. Таго, хто чэлядзь сваю томіць голадам і ранамі, мы караем пастом і пакаяннем. Клапоцячыся аб духоўных сынах Божай царквы, мы дбаем пра тое, аб чым яны думаюць і што яны ядуць. Вы, што пахаваліся ў пушчах, сыраядцы, вы ясцё мярцвячыну і бруд. Калі ў ежу, якую згатаваў хрысціянін, упадзе цвыркун або станога ці жаба, мы творым святую малітву. Калі ў калодзежы хто-небудзь знойдзе хамяка ці мыш, мы выліваем сорак вёдзер, а калодзеж акрапляем святой вадой. Вы ж ясцё і п'яцё ўсё, што трапіцца па дарозе, і таму душы вашы блукаюць у прыцемках.