Выбрать главу

— Ты не ведаеш, святар, што такое голад, — павольна сказаў паганскі ваявода. — Калі ў мацярок ушчэнт высыхаюць грудзі, калі ў старых вывальваюцца зубы, калі ў малалеткаў ногі ўюцца, як вяровачкі, і раздзімаюцца жываты, чалавек робіцца зверам. Ты не еў хлеб, які мачаюць у попел, бо няма солі. Ты не грыз лебяду і сасновую кару.

Усяслаў глядзеў на іх збоку і разумеў, што сябрамі яны не стануць ніколі, варагаваць ім да скону. Але ж нешта трэба рабіць. Толысі — што?

Феадосій, усміхнуўшыся, як бы прачытаўшы ягоныя думкі, сказаў:

— Табе, полацкі князь, будзе цяжэй, чым нам. Не гневайся, што я не называю цябе вялікім князем кіеўскім, бо не ў святой Сафіі садзілі цябе на сталец, а на вуліцы пасярод натоўпу. Ты хочаш злучыць ланцуг, які раскляпаўся навекі. Глядзі і асцерагайся, каб канцом гэтага ланцуга табе не ўдарыла па вачах. Не вырывай у пчалы джала, не наступай на хвост гадзюцы, не глядзі арлу ў зрэнку.

— Чаму ж мне будзе цяжэй, чым вам? — строга спытаў Усяслаў.

— Таму, што ты стаіш пасярэдзіне. Мы стаім кожны са свайго боку, а ты — пасярэдзіне. У час бойкі мы будзем біць кулакамі і трапляць у цябе.

— Кулакамі мне не раз да крыві разбівалі твар, — успыхнуў Усяслаў, падскочыўшы да ігумена. — Навучы ж мяне, хітрая ліса, як трэба жыць, якую сёння шкуру насіць і якую заўтра. Ты гэта добра ўмееш. Навучы мяне падманваць сяброў, здраджваць ім. Навучы мяне перарэзаць глотку вось гэтаму паганцу, які не хоча маліцца твайму Богу. Што ж маўчыш? Навучы!

Феадосій пабляднеў, уздрыгнуў каленямі, але прамовіў цвёрда:

— Усіх нас вучыць Бог.

Усяслаў з агідай і злосцю пазіраў на яго. Раздзімаліся ноздры. Пальцы сціскаліся ў кулакі. Але вялікі князь адолеў сябе.

— Ідзі, ігумен, і маліся за Кіеў, — наддоманым голасам сказаў ён Феадосію. Той, высока трымаючы галаву, знік за дзвярыма, нават не глянуўшы напаследак на паганскага ваяводу.

— А ты вядзі сваіх людзей у княжае сяло Берастова. Ізяслаў збег, і яно належыць мне, — падышоў Усяслаў да Белакраса. — У Берастове будзе вам кармленне і прытулак. Сядзеце на зямлю, засееце яе. Што больш чалавеку трэба?

— Нічога болын не трэба — спакой і хлеб. Ты, вялікі князь, ваюй, а мы будзем сеяць, — адказаў з годнасцю ваявода.

У Ноўгарад Усяслаў накіраваў Барыса, даўшы яму амаль усю полацкую дружыну.

Барыс не хацеў ехаць у такую далячынь, ды і кіеўскія прыгажуні былі даспадобы, і віно, салодкае, іскрыстае, цякло бясконцым ручаём.

— Едзь, — строга загадаў вялікі князь сыну. — Прагані адтуль Ізяслававых людзей, пакланіся вечу, вазьмі на замок Волхаў, каб урмане [Урмане — паўночныя людзі, жыхары Скандынавіі] з мячом не ішлі на нас.

Барыс пакутліва зморшчыўся, але пабаяўся пярэчыць бацьку.

Пасаднікам у Пераяслаў паехаў Раман разам з Кацерай. Яны ўжо былі мужам і жонкаю.

— Піце свой мёд у стэпе паўдзённым, — весела зірнуў Усяслаў на Кацеру, і яна заружовілася ад такіх слоў. — А ты, Раман, галавою мне адкажаш, калі хоць адна палавецкая страла паляціць на Кіеў з твайго боку.

— Усё зраблю, вялікі князь, — у пояс пакланіўся Раман. — Не я буду, калі не адсяку Шарукану вялікі палец на дзясніцы, каб не змог ён цеціву напяць.

У Чарнігаве сядзеў Святаслаў, які нядаўна разграміў стэпнякоў на Снове. 3 ім Усяслаў стараўся жыць у міры, паслаў яму багатыя дарункі.

Ізяслаў, як даносілі надзейныя людзі, усё не мог паверыць у ляшскай зямлі, што ён болей не вялікі князь. Бушуе, крычыць, па тры разы на дзень бегае да караля Баляслава, а потым п'е віно, шмат п'е, але розум не траціць — моцнагаловы.

3 асаблівай увагай сачыў Усяслаў за Галічам і Смаленскам. Княствы людныя, багатыя, нібы каранямі, аплёў іх Ізяслаў сваімі людзьмі — кожны міг чакай адтуль удару.

Незагойнай ранаю, як і заўжды, заставаўся стэп. Шарукан, сабраўшы новую, яшчэ больш грозную сілу, навіс над усім дняпроўскім левабярэжжам. Так ужо здавён павялося, што стэпнякі кожны год рабілі адзін, а то і некалькі набегаў. У гэтым была ўжо нейкая непазбежнасць, як непазбежна з надыходам цеплыні і парнасці з'яўляюцца жытнія чэрві на жыце. Дарэмна ў парубежных крэпасцях-гарадках вешалі над брамамі іконы з выяваю прарока Ільі, які замяніў Перуна. Імчаўся прарок па небе ў вогненнай калясніцы, пагрозна махаў пякучымі стрэламі, а полаўцы, не звяртаючы на яго ўвагі, імчаліся па зямлі. У іх былі свае багі і свае стрэлы, такія ж страшныя, як і нябесныя.