Выбрать главу

Асабліва ён шанаваў і вылучаў з усёй браціі тых, што раз і назаўсёды адсякалі сябе ад белага свету. Гэта былі дрэвы без галін і без каранёў. Адзін кіеўскі купец, раздаўшы сваё багіно і брашно, прыйшоў да Феадосія і надзеў валасяніцу. Потым заказаў купіць казла, аблупіў яго і нацягнуў свежую казліную шкуру поўсцю на валасяніцу. Сем гадоў сядзеў ён у пячоры даўжынёю ў чатыры локці, кормячыся праз дзень адной прасвірай [Прасвіра — круглы хлябец з пшанічнай мукі, які ўжываўся ў хрысціянскіх абрадах], якую падавалі ў акенца. За гэты час казліная шкура высахла, ператварылася ў бубен, праз валасяніцу балюча сціснула цела.

Рашыўшы даць бой паганцам, Феадосій абуў лычніцы [Лычніцы — лапці], апрануў лапленую-пералапленую палатняную кашулю, такія ж порткі, накінуў на плечы доўгі чорны плашч, узяў кульбу, выразаную з дубовага кораня. Варатар адчыніў перад ім браму і, ні слова не сказаўшы, глядзеў, як знікае ў вечаровым сутонні хударлявы ігумен. Дарога чакалася няблізкая. Феадосій надумаўся схадзіць у вотчыну знакамітага кіеўскага баярына Супруна, з якім некалі сябраваў, і ўгаварыць баярына разам са сваімі багатымі і ваяўнічымі суседзямі ўдарыць знячэўку па Берастову, дзе атабарыліся паганцы. Хворы зуб трэба вырываць з крывёю.

Ён спускаўся з пячэрскай гары і адчуваў, як абмірае сэрца, млеюць ногі. Слабасць была ва ўсіх удах. Нават пот ад вялікай немачы-слабасці быў не салёны, а кіславата-прэсны. Пасты і бясконцыя маленні высушылі плоць, але дух у знясіленым целе адчуваўся порсткі, гарача-бадзёры, як слуп высокага яркага агаю.

У дарозе наваліўся абложны дождж. Усё пацямнела, змізарнела, налілося холадам і тугой. Цяжкія вільготныя хмары гарбаціліся над пустым полем. Ігумен борздзенька ўзяў кульбу абедзвюма рукамі, накінуў на яе плашч, зрабіўшы такім чынам невялічкі шацёрык. Плашч быў доўгі, яго хапіла і на тое, каб падаткнуць пад сябе, зберагаючы старое цела ад халоднай зямлі. Так і сядзеў Феадосій пад панылы шум дажджу пасярод цёмнага поля — грыбок не Ірыбок, валун не валун, дрэўца не дрэўца, а немаведама што. Сям'я берастоўскіх смердаў, якая ў такую непагадзь якраз ішла ў Кіеў аслупянела, убачыўшы ў чыстым полі таямнічую незразумелую фігуру. Дзеці заплакалі ад жаху. Смерд Путша, закусіўшы ніжнюю губу, таксама адчуў дрыжыкі, але звалодаў з сабою, знайшоў цяжкі слізкі камень, выдраў яго з зямлі і хацеў, падкраўшыся на дыбачках, з усяго маху стукнуць па гэтай незразумеласці, а там будзь што будзе. Але жонка ягоная аказалася самаю прадбачліваю і разумнейшаю. «Мабыць, гэта дзядок-палявічок», — ціха сказала яна. Так быў уратаваны ад цяжкога калецтва, а можа, нават ад смерці ігумен Феадосій. Камень, які мог раскалоць яму чэрап, асцярожна лёг на зямлю. Уражаныя смерды шпарка пашыбавалі праз восеньскі дождж, успамінаючы дзіўнага дзядка-палявічка, што ў самую халадэчу і макрэчу вылез чамусьці са сваёй цёплай і ўтульнай падземнай хованкі.

Толькі праз ноч даклыпаў Феадосій да загародняй сядзібы Супруна. За гэты час з'еў ён малюсенькую хлебную скарынку, папярэдне размачыўшы яе пад дажджом. Пакуль даведаліся, што за чалавек, пакуль адчынялі запоры і браму, ігумен паспеў накалаціцца, як скалелы цюцька. Плашч быў мокры, шурпаты, прыліпаў да цела. «Холад і змрок на зямлі», — дробненька ляскаючы зубамі, думаў ігумен.

Але не ўсюды на зямлі былі холад і змрок. Баярын Супрун, калі яго ўбачыў Феадосій, якраз выходзіў з лазні, з вялізных мармуровых ночваў, якія за вялікае срэбра прывезлі з рамейскай зямлі. Баярын быў вясёлы, тоўсты, вішнёваскуры ад гарачай вады. Дзве прыгажуні-рабыні асцярожна і пачціва падтрымлівалі яго пад рукі. Рабыні былі такой яркай прыгажосці, што ў Феадосія раптоўна перасохла ў горле.