— Ці гэта ты? — здзіўлена ўсклікнуў Супрун, убачыўшы ігумена.
Тоненькія пышнавалосыя рабыні ў гэты час далікатна выціралі яму ногі наймякчэйшымі льнянымі ручнікамі. Адна прыгажуня была чарнавокая, другая — сінявокая, і абедзве яны, як і іхні разамлелы пасля лазні ўладар, былі голыя.
— Я, — адказаў Феадосій і адвярнуўся, бо нельга адшчапенцу свету глядзець на грахоўнае жаночае цела. Апрыгажуні ўзялі нажніцы, срэбны грабянец, пазалочанае люстэрка, пачалі падстрыгаць, прычэсваць баярыну бараду. Барада была густая, цёмна-русая, спорна ішоў з баярына волас пры такім даглядзе. Рабыні, накручваючы на свае тонкія пальчыкі пасмы валасоў, рабілі яе кучараваю. Нарэшце Супруна адзелі, і ён, бліскучымі вачамі глянуўшы на прыгажунь, адпусціў іх.
— Дык гэта ты, Феадосій? — яшчэ раз, нібы не верачы самому сабе, перапытаў баярын. — Зараз я загадаю зняць твае лахманы, памыць цябе, і мы будзем піць мёд.
— Не трэба, — строга сказаў ігумен. — Залатыя порты не выратуіоць душу. Будзь умераным у шчасці. Срэбра, золата, віно, жанчыны, слава — усяго толькі мутны сон душы. Той, хто дараваў жыццё ўсяму жывому, кожны міг сочыць за намі з неба.
Ён шчыра перахрысціўся. Супрун перахрысціўся следам за ім. Даўным-даўно яны сябравалі, разам рашылі прыняць схіму, зачыніцца ад спакусаўжыцця за манастырскімі сценамі. Цвёрдым аказаўся адзін Феадосій. Супруна ж бацька-баярын сілаю вывеў з манастыра — прыслаў халопаў, яны скруцілі Супруну бічоўкаю рукі, праз увесь Кіеў цягнулі на баярскі двор. I зараз, гледзячы на худы жоўты твар Феадосія, на ягоны брудны лаплены плашч, на лазовыя лычніцы, з патаемным жахам думаў Супрун, што і яго магла чакаць такая ж доля. Але, дзякуй Богу, у яго ж быў дом, як поўная чаша, была зямля, гавяда, былі пяшчотныя маладыя рабыні. Ён яшчэ раз паспешліва перахрысціўся, сказаў аслабелым голасам, каб не падумаў строгі ігумен, што ў баяр не бывае жыццёвых балячак і пакут:
— Хварэю. Усё роўна як нехта жалезныя кіпці ў хрыбетнік упускае.
Супрун зморшчыўся. Феадосій глянуў на ягоны сыты ружовы твар, на дагледжаную, бліскучую ад пахкага рамейскага масла бараду, гнеўна прамовіў:
— Хварэеш і лечышся ў волхваў. Так?
— Так. У хрысціянскіх зялейнікаў лячуся і ў вешчуноў, — спалохана заміргаў пахаладнелымі вачамі баярын. «Адкуль толькі прывалокся гэты пракляты нягоднік? — тужліва падумаў ён. — Каб не гэта смярдзючая пачвара, Малка і Грыпіна зараз бы надзелі вянкі і танцавалі перада мною...» Але гэта была занадта смелая, занадта грахоўная думка, нябесны ўсётрымацель мог пакараць за яе, і таму Супрун паспешліва сказаў:
— Кожны сонцаварот я даю грыўні на святую царкву і збіраюся, калі сагне, зломіць спіну старэчая немач, ісці да цябе.
Ды Феадосій, зламаўшы ва ўсмешцы сінявата-русае брыво, перапыніў баярына:
— Хрыстос вучыць: хто ў імя маё не пакіне маці, жонку, бацьку і ўсё самае каштоўнае для яго на свеце, той не варты мяне.
Прыйшлі Малка з Грыпінаю, ужо ў доўгіх ільняных адзежах, са сціпла патупленымі вачамі, прынеслі мёд, арэхі, малако. Гэта выратавала Супруна. Ён па-бацькоўску пяшчотна глянуў на прыгажунь, сказаў Феадосію:
— Давай сілкавацца, святы ойча, чым Бог паслаў.
Феадосій са смакам піў цёплае малако і пакрысе мякчэў сэрцам. За акном дождж змяніўся снегам, усё пабялела, прыняло больш тонкія абрысы. Было нешта боскае, ачышчальнае для душы ў гэтым зіхоткім першаснежжы.
Супрун улавіў перамену ў настроі суровага госця, узняў кубак з мёдам. Потым, ужо трохі ап'янелы, хітра спытаў:
— А што, калі жаночы плат [Плат —хустка] ушыць іерэю ў рызу, ці можа іерэй малебен служыць?
Феадосій пагразіў яму пальцам, сказаў, выціраючы вусны:
— Святая божая справа прывяла мяне да цябе, баярын. Ты ведаеш, што злой воляю крыкуноў з Падола пастаўлены над намі вялікім князем полацкі пярэварацень Усяслаў, які сядзеў у порубе.
Супрун уздыхнуў, кіўнуў галавою, яшчэ не здагадваючыся, куды хіліць ігумен сваю гаворку.
— I вось гэты самы Усяслаў, гэты полацкі паўверак, у сваёй дзёрзкасці і неразумнасці стаўся бічом ісціннай хрысціянскай веры. Ён мірыць паганцаў-цемрукоў з намі, хрысціянамі. Ён хоча пасадзіць нас за адзін стол, хоча, каб мы разам елі адзін і той жа хлеб.
Вочы ў Феадосія гнеўна заблішчалі, па шыі і па сухіх Іпчоках пакаціліся жаўлакі.