— Паганскую арду ён пасяліў у княжым сяле Берастове. Прыйдуць са змроку новыя орды. Яны зноў паставяць сваіх мярзотных ідалаў, а Дзесяцінную царкву і святую Сафію спаляць, зальюць смалой, засыплюць попелам. Хіба ж можна памірыць белы дзень з глухой сляпой ноччу? Мітрапаліт у Царгорадзе. Епіскап разам з Ізяславам сядзіць у ляхаў. Хто ж выратуе нашу царкву, баярын?
— Мы выратуем, — глуха сказаў Супрун. Ніколі не быў ён ваяўнічым, стараўся трымацца сваёй вотчыны, ціха драмаць у цяпле і сытасці паміж верных чаляднікаў і пяшчотных рабынь, а тут разгарэліся вочы, захацелася паказаць гэтаму пячорскаму ганарыстаму крату, што і ён, Супрун, не ашчаропак. Галоўным сваім жыццёвым абавязкам баярын лічыў павелічэнне колькасці сваіх рабоў. Прычым не ў набегі на суседзяў хадзіў, не на торжышчы купляў новых халопаў, а ў прамым сэнсе быў іхнім клапатлівым бацькам — нараджаў іх ад сваіх шматлікіх рабынь. Працавала на баярскім двары, на баярскім полі нямала халопаў, вельмі падобных з твару на свайго ўладара. Гэта падабенства не ратавала нявольнікаў ні ад пякучай лазы, ні ад голаду, ні ад глыбокай халоднай ямы-турмы, у якую іх час ад часу па загаду бацькі-баярына кідалі за неруплівасць і нядбайства.
— Мы выратуем, кіеўскія баяры, — зноў паўтарыў Супрун. — А то, глядзі, і мае халопы збягуць да паганцаў. Ім ці гэта, ці тая вера — абы была кашы поўная мера.
Феадосія ўсцешылі словы баярына. Ён заззяў вачамі, горача прамовіў:
— Нездарма сказана: будзьце дабрадушныя, як галубы, але хітрыя, як змеі. Рабы павінны шанаваць сваіх гаспадароў. На гэтым трымаецца зямное жыццё, а іначай змяшаецца дзень з ноччу, і свіння будзе несці салаўіныя яйкі. Трэба брацца за святую справу без адкладу. Трэба нам з табою, баярын, слаць ганцоў да ўсёй старой чадзі — хай востраць мячы і сядлаюць коней.
На тым і парашылі. Феадосій, асталяваўшыся ў харомах Супруна, прыспешваў, падзуджваў усіх навакольных баяр і агнішчан рыхтавацца да сечы з паганцамі, пакуль снег-шарпак і лёд-галашчок не закрылі зямлю. Невядома было, калі ігумен спаў і еў.
I раптам нечуванае шанцаванне прыйшло да Феадосія і да баяраў. Назаўтра павінны былі яны выступаць і напярэдадні ўвечары апошні раз сабраліся ў Супруна. Баяры пілі мёд, ігумен падыходзіў то да аднаго, то да другога, заахвочваючы, натхняючы на святую справу. Яго слухалі вельмі ўважліва, згодна ківалі бародамі. I тут увайшоў у святліцу халоп, вельмі падобны на Супруна, але худы, змарнелы і, нягледзячы на снег і на халадэчу, босы. Халоп нізка пакланіўся баярыну, сказаў сіплым спалоханым голасам:
— Там на двары чакаюць людзі з Берастова.
Супрун ускочыў з-за стала, здзіўлена глянуў на ўсіх прысутных, потым, гнеўна звёўшы чорныя бровы, сярдзітым позіркам укалоў халопа.
— Што ім трэба?
— Яны прыйшлі да цябе, светлы баярын, — яшчэ ніжэй пакланіўся халоп, вельмі падобны на Супруна.
На двары з купкаю паганцаў стаяў Белакрас. Рысіная шкура, як заўсёды, была перакінута цераз гаіячук. Сняжынкі садзіліся на непакрытую доўгавалосую галаву, і ад гэтага галава рабілася яшчэ болын сівою.
— Чаго хочаш? — не сыходзячы з высокага ганка, спытаў у старога мячэтніка Супрун. Баяры, дагэтуль шумныя, разагрэтыя віном і мёдам, прыціхлі, навастрылі вушы. Сэрца ў Феадосія радасна забілася, аж заскакала ў грудзях. Пушчанскі тур сам прыйшоў у загародку! Ігумен кашлянуў і прыклаў кулак да вуснаў, каб схаваць хваляванне. Толькі б не спудзіць паганца!
— Запрашай яго ў святліцу, — шапнуў Феадосій Супруну.
— Дай, баярын, хлеба нам і нашым дзецям, — з пакорлівасцю ў голасе, цяжка ўздыхнуўшы, сказаў паганскі ваявода. — Нельга далей трываць. Малалеткі ад недаеду пухнуць. У лясах мы не сеялі. Будучай вясной пасеемся і звыш меры табе аддадзім.
Шэры холад быў у вачах у Белакраса.
— А дзе ж вялікі князь? Чаму ён вас не накорміць? — здзекліва ўсміхнуўся адзін з баяраў, паказаўшы з-пад вусоў маладыя свежыя зубы.
— Вялікі князь ваюе, з сядла не злазіць, а нам і дзецям нашым жыць трэба, — адказаў Белакрас.
— Запрашай у святліцу, — зноў шапнуў ігумен Супруну. Ён баяўся, што слова за слова — і пачнецца спрэчка, і невядома, чым усё гэта кончыцца. Нельга было бязглузда выпускаць з рук цемрукоў. Сам Бог прывёў іх.
Супрун глянуў на Белакраса, на свой шырокі двор, на чубок далёкага лесу, што віднеўся з-за дубовага заснежанага тыну, разважліва сказаў:
— Хлеба да будучага ўраджаю, да навіны, дам. Заходзь, ваявода. I людзі твае няхай заходзяць.
Паганцы нерашуча ўзышлі на ганак, пазіраючы то на Супруна, то на Белакраса. У святліцы ўжо чакаў накрыты стол. Дымілася гарачае мяса, гарою ляжаў хлеб, сыр. Баярскія служкі снавалі з карчагамі, кубкамі. Калі ўсе селі за стол, Супрун зламаў пячатку на амфары, наліў віна Белакрасу і ягоным спадарожнікам. Баяры таксама ўзялі ў рукі кубкі.