Выбрать главу

Ізяслаў сядзеў на аксамітных падушках, шчодра частаваў гасцей. Быў ён у кашулі з найтанчэйшага белага лёну, з вышываным залатой бліскучай ніткай каўняром. Кашулю падпяразваў ядвабны пояс з кутасікамі ў выглядзе вясёлых срэбнагаловых рыбак. На нагах у князя былі боты з тонкай жоўтай скуры, мяккія, без абцасаў.

Рамей Тарханіёт дзівіўся апетыту кіеўскага князя і той смеласці і бесклапотнасці, з якімі князь піў і еў, беручы страву і пітво з рук маўклівых отракаў. У Візантыі, на Палатыі, базілеўс Раман Дыяген ніколі макавага зярняці ў рот не пакладзе без таго, каб гэта зярнятка папярэдне не пакаштавала дзесятак служак, бо ежа можа быць атручана. «Ім, таўраскіфам, лягчэй жыць, — думаў Тарханіёт пра мясцовых князёў і баяр. — Іхнія душы не гняце шматвяковы цяжар імперыі, дзе ўсё сотні разоў праверана, узважана, адлічана. Яны не ведаюць, што такое прыдворны цырыманіял, калі тысячы людзей як бы злучаны адной нябачнай ніткаю і кожны ведае свой наступны крок, жэст. У іх захавалася больш непасрэднасці, жывасці, весялосці, варварскай радасці жыцця. Па сутнасці, гэта маладое несапсаванае племя з маладой гарачай крывёй. Такімі калісьці шмат-шмат гадоў назад былі рамеі. Тады рамеяў цікавіла ўсё: і далёкія моры, і таямніцы неба, і законы любамудрасці — філасофія. Але расла, багацела, развівалася, разбухала ўшыркі імперыя і высмоктвала ўсе жывыя сокі з чалавечых душаў. Імперыя бясстрашных страцігаў-палкаводцаў паступова змізарнела, закасцянела, ператварьшася ў падточаны шашалем старасці дом, дзе гаспадараць безвалосыя еўнухі. Усё цяжэй адбіваць удары варварскіх народаў, правінцыі адна за другой адвальваюцца ад імперыі, і можна сказаць, што гэта заканамерна, што гэта ўсё закладзена ў самой сутнасці ўсяго жывога. Надышла старасць вялікай імперыі, яе восень, час яе лістападу».

Тарханіёт жахнуўся ўласным думкам, падняў залаты кубак, гучна, каб чулі нават у суседніх шатрах, сказаў:

— За здароўе базілеўса Русі Ізяслава! I выпіў віно. Ізяслаў пацалаваў рамея, у сваю чаргу абвясціў:

— За здароўе майго брата царгародскага базілеўса Рамана Дыягена!

Зайгралі, ударылі ў свае смыкі гудошнікі. Чарнавокія смуглыя прыгажуні, прывезеныя з-за дняпроўскіх парогаў, закружыліся на зялёным лужку насупраць княжага шатра. На руках і нагах у іх былі залатыя пярсцёнкі, бранзалеты, мілагучныя званочкі. Хмель весялосці пакрысе затуманіў усіх.

Тым часам Тарханіёт, адцясніўшы ад князя ляха Казіміра і варага Торда, усё бліжэй падводзіў гаворку да галоўнай мэты свайго прыезду ў Кіеў.

— Вялікі базілеўс, — зноў узняў ён пацяжэлы кубак, — базілеўс Раман Дыяген вельмі любіць і шануе цябе, а таксама тваіх адважных баяр і ўсю тваю непераможную дружыну. Слава пра цябе дакацілася да самых паўднёвых мораў, да Геркулесавых слупоў на мяжы Акіяна.

Ізяслаў уважліва слухаў, ласкава ўсміхаўся Тарханіёту, піў з ім, а сам увесь час думаў, што нездарма так салодка заспяваў хітры рамей — нешта патрэбна Візантыі ад Кіева. Але што? Ну, вядома ж, вайсковая дапамога, узброеныя сілы, кіеўскія мячы і сякеры. Нядаўна прыплылі купцы з Царгорада, з манастыра Святога Маманта, дзе спрадвеку маецца кіеўскае падвор'е, дык яны казалі, што рамеі вядуць бязлітасную вайну з народам, які называецца сельджукамі. Народ той, як саранча, з'явіўся аднекуль з гарачых усходніх пустынь, захапіў Арменію, усёй сваёй вялікай сілай наваліўся на імперыю.

— Як мне вядома, рамейскі базілеўс Леў, якога назвалі Мудрым, у сваёй «Тактыцы» пісаў, што вайну, пераможную вайну, трэба весці на зямлі ворага, — сказаў Ізяслаў. — Але конніца сельджукаў сёння топча хлебныя нівы імперыі.

— Цяжкія часы, — уздыхнуў Тарханіёт. — Удача адвярнулася ад рамеяў. Мы стрымалі націск арабаў, і гэта каштавала вялікай крыві. Сёння Бог выпрабоўвае імперыю сельджукамі. Як дзеці адной праваслаўнай царквы мы павінны стаць плячо ў плячо і сустрэць агнём і мячом бязбожнікаў у гарах Арменіі і Сірыі.

— Сірыя далёка ад Кіева, — уставіў сваё слова Казімір, які вельмі ўважліва слухаў размову. Тарханіёт гнеўна зірнуў на ляха, сказаў:

— Хрысціянская царква была маналітам, скалой, але яна раскалолася на дзве часткі. Не мы аслабілі царкву, а значыць, і ўвесь хрысціянскі свет. Гэта зрабіў Рым, папа, залатую пантофлю якому цалуеце і вы, ляхі.

Казімір успыхнуў, ускочыў з падушак.